Змрок ледзь зацёр літары на белай старонцы, змрок кароткі, як імгненне вока. Стары адкінуў галаву на скалу і заплюшчыў вочы. А тым часам “святая дзева, што бароніць Чанстахову” забрала ягоную душу і перанесла туды, “дзе жыта серабрыцца”. На небе яшчэ палымнеў захад, а Скавінскі ў змроку ляцеў да ўлюбёнага краю. Увушшу шумелі сасновыя лясы, цяклі родныя рачулкі. Ён бачыць усё, як было. Усё ў яго запытваецца: “Памятаеш?” Ён памятае! І бачыць: шырокія палі, межы, лукі, лясы і вёскі. Ужо ноч! У гэты час яго маяк ужо асвятляў марскія далі — але цяпер ён у роднай вёсцы. Старая галава спачывае на грудзях і сніць. Малюнкі прабягаюць перад вачыма хутка і бязладна. Ён не бачыць роднага дому, бо знішчыла яго вайна, не бачыць ані бацькі, ані маці, бо яны памерлі, калі ён быў яшчэ дзіцем, а вёска — нібы ўчора яе пакінуў: шэраг хатаў з агеньчыкамі ў вокнах, грэбля, млын, два ставы, што агалошваюцца ўночы хорамі жабаў. Колісь у сваёй вёсцы стаяў на варце, і цяпер мінулае зноў паўстала перад вачыма. Вось і цяпер ён стаіць на варце: здалёк карчма паглядае палымянымі вачыма, і грае, і спявае, і грыміць сярод начной цішыні тупатам, гукамі скрыпкі і басэтлі: “У-га! У-га!” Уланы там выкрасаюць іскры з-пад сваіх падковаў, а яму так нудна аднаму на кані! Гадзіны цягнуцца марудна, урэшце святло гасне; цяпер, як вокам кінуць, імгла: пара ўзнімаецца над лукой і абдымае цэлы свет у цемры белым туманам. Праўдзівы акіян! Але гэта лукі: нядоўга чакаць, пакуль драч азавецца ў цемры ці бугай закрычыць у чароце. Ноч спакойная і халодная, сапраўдная польская ноч. Непадалёк шуміць сасновы бор без ветру... як марская хваля. Хутка світанак усход пабеліць: ужо і пеўні пяюць на плоце. Адзін аднаму перадаюць голас ад хаты да хаты, і жураўлі курлыкаюць недзе высока. Улан бадзёры, здаровы. Нешта там гутарылі пра заўтрашнюю бітву. Гэй! І пойдзе, як усе пойдуць, з крыкам і харугвамі. Маладая кроў грае ў жылах, хаця начны павеў яе і астуджае. Світае, ужо світае! Ноч бляднее: з ценю выходзяць лясы, палі, шэраг хат, млын, таполі. Рыпіць калодзеж, нібы бляшаная харугва на вежы. Якая ж гэта каханая зямля, пекная ў ружовым бляску світанку! Адзіная, адзіная!
Ціха! Дбайны вартавы чуе, што нехта набліжаецца. Напэўна, ідзе змена каравула.
Раптам нейкі голас раздаўся над Скавінскім:
— Гэй, стары, уставайце! Што з вамі?
Стары расплюшчыў вочы і здзіўлена паглядзеў на чалавека, што стаяў перад ім. Рэшткі сну змагаліся ў ім з рэчаіснасцю. Урэшце відзежа паблякла і знікла. Перад ім стаяў Джонс, партовы вартавы.
— Што з вамі? — запытаў Джонс. — Вы захварэлі?
— Не.
— Вы не запалілі маяк. Пойдзеце са службы. Лодка з Сан-Жэрома разбілася аб скалы, на шчасце, ніхто не загінуў, інакш пайшлі б пад суд. Сядайце са мной, астатняе пачуеце ў консульстве.
Стары збляднеў: ён напраўду не запаліў учора маяк.
Праз колькі дзён Скавінскага бачылі на пасадцы ў карабель, што ішоў з Аспінвола ў Нью-Ёрк. Бядак страціў пасаду. Перад ім адкрываліся новыя дарогі выгнання; вецер зноў гнаў лісток па марах і акіянах, зманьваючы імкненнем да волі. За гэтыя дні стары вельмі асунуўся і пахіліўся, але вочы яго гарэлі. У новых дарогах жыцця ён меў на грудзях кнігу, якую час ад часу прыціскаў рукой, нібы баючыся, што і яна згубіцца...