Выбрать главу

М. Ю. ЛЕРМАНТАЎ

ДЭМАН

Перакладчык: Якуб Колас

Усходняя аповесць

Частка I
I
Журботны Дэман, дух выгнання, Блукаў над грэшнаю зямлёй, І дум аб светлым яго ранні Над ім снаваўся тлумны рой Аб днях, калі ў харомах света Ён жыў, шчаслівы херувім. Калі вандроўніца камета З усмешкай яснаю прывета Любіла памяняцца з ім; Калі праз вечныя туманы Ён, веды прагнучы, сачыў, Як ходзяць зорак караваны, У багнах неба плывучы; Калі ён верыў і любіў, Шчаслівы першы сын тварэння, Не ведаў злобы і сумнення, І не пужаў душу яго Вякоў бясплодных рад панылы, І многа-многа, ды ўсяго І ўспомніць не было ў ім сілы.
II
Даўно забыты, ён блукаў У пустках света без прыпыну, І век за векам працякаў, Як за хвілінаю хвіліна, Маркотнай, роўнай чарадой. Уладу меўшы над зямлёй,
Ён сеяў зло без асалоды І злу спрадвечнаму свайму Не сустракаў ён перашкоды, І зло дакучыла яму.
III
І над рамадай гор Каўказа Выгнаннік рая пралятаў, Пад ім Казбек ярчэй алмаза Снягамі вечнымі блішчаў. Глыбока чорнаю разорай, Дзе нібы змей рассунуў горы, Дар'ял заломісты ляжаў,
Унізе Церак белагрывы, Як львіца, скачучы між скал, Грымеў, і горны звер пужлівы І птушка, летучы ў прагал, У гоман вод яго ўнікалі. І хмар шаўковых талака З краін паўднёвых здаляка Яго на поўнач праважалі; І скалы шчыльнай чарадой, Таемный поўныя дрымоты, Стаялі моўчкі над вадой І хваль яе сачылі ўзлёты. І вежы замкаў тут і там Глядзелі грозна праз туманы, Нібы каля каўказскіх брам Іх вартавыя веліканы. І дзікі і дзіўны вакруг Быў божы свет, ды горды дух Зняважлівым акінуў вокам Тварэнне бога-ўладара, І на чале яго высокім Ні цені злобы, ні дабра.
IV
І перад ім у падарожжы Малюнкі іншыя ляглі: Даліны Грузіі прыгожай
Красой жывою расцвілі. Шчаслівы, пышны край зямлі! Старыя, стромкія руіны, У звонкім бегу ручаі Па дне з каменьчыкаў усякіх, І купкі роз, дзе салаўі Красуняў славяць, абыякіх На вабны голас іх любві; Чынар густыя сутарэнні, Пад іх лісцвенным шалашом Пячоры, дзе гарачым днём Знаходзяць схоў сабе алені. І блеск, і пых; і тлум лісця, І гоман радасці жыцця, І подых кветак і праменняў, І поўдня палкі, млявы жар, І араматных розаў дар, Што вільгаць шлюць у прохладзь ночы, І зоры яркія, як вочы Грузінкі юнай, поўнай чар. Ды апроч зайздрасці халоднай Не абудзіў прыродны шум Ў душы выгнанніка бясплоднай Ні новых сіл, ні новых дум. І ўсё, што прад сабой ён бачыў, Адной знявагаю адзначыў.
V
Высокі дом, шырокі двор Пабудаваў князь, Гудал сівы. Ён каштаваў шмат слёз і сілы Рабам, паслушным з даўніх пор. На светлы схіл суседніх гор Ад сцен яго кладуцца цені, У скале выбіты ступені. Яны ад вежы рагавой Вядуць на рэчку. А па сходах Пад лёгкай белаю чадрой Князёўна юная па воду Ў Арагву ходзіць пад гарой.
Заўжды маўкліва на даліны Глядзеў з гары пануры дом. Ды сёння ў ім і шум і гром, Гучыць зурна і льюцца віны. Сасватаў князь дачку сваю, На баль заклікаў ён радню. На стрэсе, высланай каўрамі, Сядзіць нявеста, а вакруг Гульня і спеў яе падруг. Ужо далёкімі гарамі Закрыўся сонейка паўкруг. У ладкі такты адбівае Дзявочы тлум, і бубен свой Бярэ нявеста маладая. І вось яна адной рукой Кружне яго над галавой, То паімчыцца лягчэй птушкі, То раптам спыніцца, глядзіць, І волкі зрок яе блішчыць З-пад гожай вейкавае дужкі; То чорнай броўкай павядзе, То раптам нахінецца трошкі. А па каўры плыве-ідзе Яе чаруючая ножка. І пасміхаецца яна Дзяцінай радасці паўна. І месяц, што з-за хмар застрэшкі Зірне, гуляючы з вадой, Не параўнаецца з усмешкай, Як маладосць сама жывой.