Выбрать главу

Ах, як я іх зрабіў, – гаворыць прападобны Джонсан-і-Джонсан чуваку з адміністрацыі. Чувак глядзіць на яго закаханымі вачыма. Так, – паўтарае прападобны, – як я іх зрабіў. Толькі навошта я зноў пра васьміногаў вёрз, што са мной апошнім часам адбываецца? – пытаецца ён у чувака, – толькі-тка прыму вітаміны, як адразу пачынаю гаварыць пра васьміногаў. Нічога не магу з сабой зрабіць, – апраўдваецца ён, – мяне проста прэ ад гэтых чароўных істот. Вой, як мяне прэ, – радасна гаворыць ён і зьнікае ў грымёрнай.

11.00

Пакуль усе гэтыя артадоксы сёмага дня яшчэ не разышліся і прападобны, размахваючы рукамі, пакідае сцэну, Какава сядзіць на лаве і намагаецца зразумець, пра што яны там гаварылі, але да яго ня надта даходзіць зьмест прамовы прападобнага, штосьці там пра электрычнасьць і пра дыспансэр, пра васьмінога, Какава нудзіцца, лепш бы дома тэлевізар паглядзеў, – думае ён, – але тут, у дадатак да адкрыцьцяў прападобнага, вытрымліваючы драматургію агітацыйнай работы сярод абарыгенаў, у гульню ўступае «Боскі аркестар прападобнага Джонсана-і-Джонсана», сябры Какавы, на вырашальным этапе няроўнай барацьбы дабра са злом і прападобнага Джонсана-і-Джонсана з уласным маразмам. Яны граюць блюзы, клясычныя рэчы, якія патрон выбіраў для іх асабіста, інваліды ў залі пачынаюць падтанцоўваць, бізнэсмэны расшпільваюць гузікі на сваіх салатавых пінжаках, публіка ажыўляецца, прападобны ў грымёрнай радасна выцірае пот на твары, пабліскваючы ролексам, аркестар заводзіцца, яны граюць старую тэму, паступова адыходзячы ад яе, канчаткова распальваюцца і заводзяць нешта такое, чаму іх у кансэрваторыі дакладна не вучылі – «Atomic Bomb Blues», напісаны ў далёкія пасьляваенныя гады Гомэрам Гарысам, нікому тут не вядомым, нават прападобнаму Джонсану-і-Джонсану не вядомым, яго божае адкрыцьцё не залазіць на такія паўзьмежныя тэрыторыі, адкуль яму ведаць пра Гомэра Гарыса, васьміногу ёбанаму. Вось гэта Какаву падабаецца значна больш, чым казаньне прападобнага, яму тут усё зразумела, ён таксама пачынае падтанцоўваць за сцэнай і раптам чуе, як нехта проста выграбае з аркестру, валіць упоперак партытуры, Какава адразу ж пазнае гітару Малога Чака Бэры, які, відавочна, таксама злавіў сваё адкрыцьцё, і нібы гаварыў, зьвяртаючыся да натоўпу інвалідаў –

божа, калі ты мяне чуеш за крыкамі гэтай скаціны Джонсана-і-Джонсана, калі ты наагул яшчэ не абламаўся браць ува ўсім гэтым удзел, дай мне хаця б шанец, усяго некалькі фразаў, і ўсё, я хутка ўсё табе патлумачу, галоўнае, зьвярні на мяне ўвагу, я ўсё ж такі ў боскім аркестры граю, хай я нават суцэльнае гаўно ў тваіх вачах і табе сорамна за мяне, за ўсё, што я, так бы мовіць, раблю, але не адварочвайся яшчэ хаця б некалькі сэкунд, мне херова, божа, як мне херова, хто б ведаў, і граю я херова, але ўсё адно – пашлі мне хоць бы які пробліск, калі я зразумела тлумачу, разбоўтай гэты смутак у маіх лёгкіх, у маім сэрцы і страўніку, усё гаўно, умоўна кажучы, чуеш, я прашу ўсяго толькі прасьвятленьня, мне толькі 19, магчыма, я мала чакаў, але ж я гавару толькі пра палоску сьвятла, невялічкую такую, як уночы, калі адчыняеш лядоўню, ну ты ведаеш, пра што я, каб можна было выдыхнуць усё тое, што ўдыхнуў у сябе за ўсе гэтыя 19 гадоў, хоць бы якую радасьць, божа, якуюсьці мінімальную, так каб спэцыяльна не замарочвацца, проста як-небудзь пры нагодзе, паслухай мяне, хоць бы нешта, хоць бы трошкі, ну хоць бы нешта, хоць бы якогасьці прасьвятленьня, чуеш, божа, добра? добра? ну і красоўкі, божа, красоўкі, пару красовак, ты чуеш?! ты чуеш мяне?!! ты, чуеш ты, чуеш наагул, пра што я тут гавару?!!! а??!!!!! а?!! ааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!ааааааааааааааааааааааааааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!

Аркестар падхоплівае гэтую хімэрную тэму, усе раптам прахавалі які клёвы чувак, гэты Малы Чак Бэры, як ён усё зьвязаў прыкольна, таму кожны намагаецца нічога не сапсаваць, Какаву даўно так не ўстаўляла, ён проста ўпаў на лаву, сядзеў забіты і слухаў, слухаў, а яны ўсё валілі і валілі, і нават калі інваліды пачалі распаўзацца і бізнэсмэны разбрыліся па тачках і прыбіральніцы рушылі зьбіраць паміж радамі пустыя пляшкі з-пад вадзяры і пакамечаныя каляндарыкі з амэрыканскім яблом прападобнага – яны і далей ніяк не маглі спыніцца. І як яны гралі! Як багі! То бок амаль не лажалі.