Яшчэ з намі на паверсе жыве Ваха. Ваха – грузін, хоць Сабака яго таксама называе жыдом. У Вахі свой бізнэс – каля кальцавой, на самым выездзе з гораду, зусім блізка ад нас, у яго стаіць некалькі кіёскаў, у якіх працуе некалькі наложнікаў. Наложнікі жывуць ў адным з кіёскаў, зьбіраюцца там на ноч, узімку распальваюць вогнішча, аднаго разу ледзь не спалілі кіёск, добра, што ён быў жалезны, проста паапякаліся, але выжылі. Ваха мае цэлых два пакоі – у адным ён жыве, а ў іншым трымае кантрабанду, розныя там чакалядкі, колу, гераін і чупа-чупсы. Мянтуры ён плоціць, вахцёрам таксама, нас не чапае, так што Ваха – пазытыўны герой, дакладна пазытыўны, інакш ня скажаш. Нам ён прадае непалёную вадзяру, хоць і ня робіць зьніжак. Сабаку Ваха баіцца, і калі той прыходзіць да нас, зачыняецца ў адным са сваіх пакояў, я сабе ўяўляю, як ён у гэты час пералічвае пацёртыя банкноты і заглытвае залатыя манеты, каб габрэй-антысэміт Сабака Паўлаў не адабраў у яго чаго-небудзь.
Далей па калідоры, недзе ў яго нетрах, жыве Какава – данбаскі інтэлігент. То бок, яго мама працуе ў бібліятэцы на нейкай шахце. Какава тоўсты, і мы яго ня любім, ён, наадварот, цягнецца да нас, ну, у яго і выйсьця, па вялікім рахунку, іншага няма, хто стане вадзіцца з данбаскім інтэлігентам. Хаця ў яго ёсьць яшчэ нейкія знаёмыя ў горадзе, акрамя нас, нейкія музыканты, вядома ж такія самыя піжоны, як і Какава, калі ён зь імі сустракаецца, то прыпаўзае дадому на рагах, накачаны партвейнамі, і завальваецца спаць. У Какавы ёсьць пясочны касьцюм, у якім ён падобны да сапраўднага мудака, ён яго амаль ніколі не здымае, ледзь ня ў душ у ім ходзіць, калі накачваецца партвейнамі і прыпаўзае дадому, завальваецца ў ложак проста ў гэтым касьцюме, шматфункцыянальная штука выходзіць – касьцюм данбаскага інтэлігента. Прычнуўшыся, Какава выходзіць на кухню і назірае, хто там што сабе гатуе, нюхае паўфабрыкаты і размаўляе на ўсялякія адцягненыя тэмы – неапахмелены, тоўсты, у мятым піжонскім касьцюме.
Яшчэ ўвесь час недзе побач жыве Марак – адбіты чувак з парваным правым вухам, кажа, што вуха яму пракусіў сабака, Паўлаў? – перапытвае абавязкова хто-небудзь, такі нібы жарт, Марак нейкі богабаязны ці проста тармазнуты, нават ня ведаю як патлумачыць, ён, скажам, мыецца толькі ўначы, гаворыць, што ня хоча, каб яму перашкаджалі, перашкаджалі што? пытаюся я ўвесь час, Марак чырванее, але працягвае мыцца толькі ўначы, такі вось чувак.
Зь іншых сяброў можна ўзгадаць хіба што Карбюратара, так, Сашу Карбюратара, таксама майго добрага прыяцеля, Саша прыехаў аднекуль з памежжа, хоць яно тут паўсюль, гэтае памежжа, Саша, уласна, прыехаў насуперак бацькоўскай волі, выяўляецца, і такое бывае, у яго дома засталіся мама і айчым, Саша скончыў курсы кіроўцаў, мае сапраўднае пасьведчаньне кіроўцы і хоча з часам адкрыць якую-небудзь кантору па перавозцы грузаў, ну, там купіць сабе катафалк і вазіць, скажам, мэблю, ён наагул з жарсьцю ставіцца да тэхнікі, калі вы разумееце, пра што я. Аднаго разу ён нават купіў сабе падручнікі са схемамі й апісаньнямі аўтамабіляў і спрабаваў ва ўсім гэтым разабрацца. Пачаў ён, як ня цяжка здагдацца, з карбюратараў. Пасьля гэтага падручнікі зьніклі, я сабе так разумею, што іх проста нехта прапіў, чаго дабру прападаць. Наагул, Карбюратар мае такую здольнасьць – трапляць ў гаўно, не для яго прадрыхтаванае.