Выбрать главу

Ну, усіх астатніх я і сам ужо ня надта добра ведаю, зьяўляюцца розныя героі коміксаў час ад часу, але прасачыць, хто яны і для чаго зьяўляюцца ў нашым жыцьці, вельмі цяжка, так – прыходзіць які-небудзь, умоўна кажучы, Іваноўскі – хімэрны тып, калі не сказаць ёбнуты, і, ўласна, гэта ўсё, што пра яго можна сказаць. Фактычна ўсё.

Добрая, ад веку галодная, кампанія, якую незразумела што трымае разам, бо ў прынцыпе, усе адно аднаго недалюбліваюць, ну, але, гэта яшчэ не прычына, каб ігнараваць здаровыя стасункі. Рабіць нам, па вялікім рахунку, няма чаго, хоць у кожнага сваё стаўленьне да рэчаіснасьці, у нашым веку яно зводзіцца да нейкіх простых прымхаў і жаданьняў – там, патрахацца, я нават ня ведаю, што яшчэ. Жанчыны нас ігнаруюць, нават прасталыткі з кальцавой, мы час ад часу ходзім паглядзець на прасталытак, так, нібыта экскурсіі, бясплатныя атракцыёны, грошай у нас, вядома, няма, таму мы проста зь імі тусуемся, клянчым цыгарэты, апавядаем розныя гісторыі з жыцьця, перашкаджаючы ім, адным словам, зарабляць цяжкі хлеб прасталыткі. Але яны да нас ставяцца няблага, там, на кальцавой, яны не асабліва каму і патрэбныя, таксама, як мы, і ім, і нам не хапае бабак і любові грамадства, і яны, і мы перажываем гэтае мокрае дажджыстае лета ў пустым харкаўскім прыгарадзе, зарослым травой і залепленым рэкламай, фантастычнае месца, фантастычныя прасталыткі, фантастычнае жыцьцё. Гомасэксуалізмам мы не займаеся, але ўсё да гэтага ідзе.

7.00

Галоўнае, што яны ўсё правільна падлічылі, у такіх выпадках нешта недзе не дадумаеш – абвязкова пападзеш, тут усё ня так проста, калі пачынаеш рабіць свой бізнэс, нешта там прадаваць, найперш падумай, няхай ты нават бяспройгрышнымі, на першы погляд, фішкамі займаешся, усё адно лепш перастрахуйся. Адна рэч, калі маеш справу, скажам, з акцыямі або з пераразьлікамі, ну, карацей, калі бабкі табе ў рукі не трапляюць, тут яшчэ за цябе нехта можа ўсё падлічыць, ты толькі і маеш выконваць, што там ад цябе патрабуецца, і не займацца расьпізьдзяйствам на рабочым месцы. Іншая рэч, калі ты працуеш з жывымі бабкамі, з чорным, бля, налам, і за табой не стаіць кантора, калі апынаешся сам-насам, без аніводнага пасярэдніка, з жывой грашовай масай, вось тады лепш падумаць, інакш дзе-небудзь абавязкова ўляціш, гэта ўжо без варыянтаў. Колькі разоў даводзілася бачыць, як цалкам нармальныя людзі хапаліся за адпачатку лажовыя рэчы, адпаведна гарэлі разам з рэшткамі фінансавага дабрабыту і павагі супольнасьці, бізнэс сярэдняй рукі – жахлівая штука, адзін толькі няправільны крок, і ўжо маеш паяльнік у дупе, такое вось першаснае нарошчваньне капіталу ва ўмовах посттаталітарнага грамадства.

Яны і мне спачатку прапаноўвалі ўвайсьці ў долю, але я чамусьці адмовіўся, ня ведаю, нешта мяне насьцярожыла, нават ня ведаю, што – зьнешне ўсё выглядала сур’ёзна, мой сябра Вася Камуніст, добры хлопец, рэдкаснай душы пахуіст, у нейкі момант заламаўся жыць на гарэлцы з гарбатай з пастаяннымі перабоямі і ўсё падлічыў, выходзіла нібы зграбна: яны скідваюцца на чатырох, едуць у Расію, купляюць там на ўсе бабкі дзьве скрыні вадзяры, калі купіць у нас даляры і памяняць іх у Расіі, яны акурат выйгравалі на курсе, тым больш, калі бярэш оптам, ну, дзьве скрыні гэта не опт, але каго гэта хвалюе. У Расію і назад яны дабіраюцца электрычкамі, на квітках эканомяць, у дарозе харчуюцца ўсё той жа вадзярай, прывозяць яе назад і сплаўляюць на вакзале за падвойны кошт, потым зноў едуць у Расію і купляюць чатыры скрыні вадзяры, такім жа чынам прывозяць яе назад і таксама сплаўляюць, гэта зойме трохі часу, але за пару начэй на Паўднёвым вакзале горада Харкава можна прадаць што заўгодна, нават душу, калі яна ў цябе ёсьць, пасьля гэтага пачыналася найцікавейшае – яны едуць яшчэ раз, апошні, і на ўсе бабкі купляюць восем скрыняў вадзяры, перавозіць яе трохі рызыкоўна, але паспрабаваць можна, у выпадку чаго адкупіцца ад мытнікаў можна будзе той жа вадзярай, хоць і шкада.

І вось, – казалі яны мне, – у нас выходзіць па дзьве скрыні вадзяры на рыла, уяўляеш? Ну, – кажу, – і што? І мы, – гаварылі яны з прыдыхам, – іх прабухваем!!! Што, усе восем скрыняў? Так! Не агораем, – кажу. Хуй, – кажа Вася Камуніст, – дні за тры агораем, дакладна агораем. Я ўявіў сабе гэтыя тры дні і адмовіўся.