Вася сапраўды ўмее такія рэчы сур’ёзна правярнуць, я яго разумею ў прынцыпе, што яму губляць, гэта ягоны шанец хаця б некалькі дзён ня мець перабояў з харчовым кошыкам, які, у ягоным выпадку, складаецца амаль выключна зь лікёра-гарэлачнай прадукцыі, уласна гарэлачнай, прычым тут лікёры. Ён набірае скаўтаў, падгаворвае Марака, Марак пагаджаецца досыць хутка – чаго б і не паехаць, кажа, у горадзе яму рабіць няма чаго, ім нават міліцыя не цікавіцца, таму што жыве Марак без прапіскі, як і належыць сапраўднаму марскому воўку, уночы хаваецца ў душы, удзень адсыпаецца, пра яго існаваньне наагул мала хто ведае, майскі дзембель, адным словам, яшчэ да іх прыстаюць два нейкія чувакі невядомага сацыяльнага паходжаньня й адміністратыўнага падпарадкаваньня, Вася ўсю ноч зь серады на чацьвер праводзіць сярод іх агітацыйную работу, кажа, што ў Расіі зараз можна амаль за нішто скупіць ледзь ня ўсё, хоць танкі празь мяжу пераганяй, але танкаў яны ня хочуць, яны хочуць вадзяры, таму плян усім падабаецца, я б таксама пагадзіўся, я ўжо казаў, ды не склалася. І вось на раніцу яны такі зрываюцца ехаць за сваімі прымроенымі сінімі птушкамі дэмпінгавага алькаголю, скідваюцца ў каго колькі ёсьць, але ў іх не хапае нават на марозіва.
Трэба нешта прадаваць. Нехта з кампаніі прыцягвае фотаапарат, вось, кажа, фотаапарат, а не шкада? пытаюць яго, не, усё нармальна, кажа ён, усё адно фатаграфаваць няма каго, сапараўды, пагаджаюцца ўсе, што тут фатаграфаваць, сам Вася дастае аднекуль заныканы бінокль, я, напрыклад, ня ведаў, што ў яго ёсьць бінокль, хоць мы і сябры, такая вось штука. Ну, і застаецца цяпер камусьці ўсё гэтае непатрэбства прадаць. У прынцыпе, – думае Вася, – прадаць можна было б Мараку, ён лох, ён бы купіў. Але Марак у долі. Можна прадаць Какаву, Какава таксама лох, і ён ня ў долі. Але Какава ня толькі ня ў долі – ён наагул зьнік, яго ўжо некалькі дзён ніхто ня бачыў. І тут нехта згадвае пра Ваху, правільна, – кажа Вася, – Ваха – грузін, грузіны любяць оптыку, праўда? – недаверліва перапытвае нехта з кампаніі, ну, канешне, – кажа Вася, – канешне: усе грузіны любяць оптыку, і яны ідуць да Вахі і знаходзяць яго ў адным зь ягоных кіёскаў, кажуць, тыпу, Ваха, оптыку возьмеш?
Але Ваха гэтым прахалодным чэрвеньскім ранкам не зусім сябруе з галавой, ён па вушы завяз ва ўласным канабісе, які ён зь вечара паліць ва ўласным зноў жа кіёску разам з наложнікамі, таму ў Вахі пачынаюцца жахі, якую оптыку, камандзір? – пытаецца ён, – чаму оптыку? Вася дастае з пакета стары бінокль без матузкоў і амаль не ўжываны апарат «ФЕД 5» у рыпучым скураным футляры, вось, кажа Ваху, бяры, не пашкадуеш, тавар харошы. Але Ваха перапужаны і з кіёску не выходзіць, сядзіць там разам з наложнікамі і глядзіць на Васю скрозь цесную амбразуру, але Вася яму ўсьміхаецца па-сяброўску і астатнія скаўты таксама ўсьміхаюцца, хоць і трохі напружана, і Ваха раптам думае – бля, думае ён, бля, што я раблю, чаму я тут сяджу, якая зараз гадзіна, што гэта за мудакі стаяць перада мной, і галоўнае – чаму яны зь біноклем?!! Але нейкія галасы яму нешта нашэптваюць, і ён такі выпаўзае вонкі і бярэ ў свае непаслухмяныя рукі аптычную прыладу, яго адводзяць трошкі ўбок, каб ён меў на што паглядзець, на вуліцы пуста, паветра наўкола кіёскаў пахне канабісам і дажджом, Ваха глядзіць у бінокль і са сьвятым трымценьнем разглядае запоўненыя ціхія аўтастаянкі, канцавую трыццаць восьмага, некалькіх прасталытак на перакрыжаваньні, і далей па коле – недаробленую дзевяціпавярхоўку, што выпаўзае аднекуль з балота, і так павярнуўшыся вакол уласнае восі, ён раптам натыкаецца ўзброеным вокам на ўласны зноў жа кіёск, і перад яго затуманенымі вачыма раптам рэзка ўзнікае надпіс «ЧП ВАХА», ні хуя сабе, думае ён, гэта ж я, і тут яго прапірае канчаткова...
Прадаўшы оптыку й атрымаўшы на рукі неблагую, як на іхныя сьціплыя скаўцкія патрэбы, суму, сябры тут жа, над целам напаўпрытомнага Вахі, купляюць у ягоных наложнікаў два літровыя «Кайзеры» і проста так ідуць на вакзал, каб сесьці на першую ранішнюю электрычку да горада Белгарада, яны трохі ўзбуджаныя і шумныя, сярод пахучага летнягя ранку, пад сьвежымі нябёсамі, адчайныя шукальнікі радасьці і прыгод, з боку яны сапраўды падобныя да турыстаў, ці лепш нават да багамольцаў, што едуць сабе на багамольле ў горад рускай славы Белгарад і не бяруць з сабой нічога лішняга, акрамя двух «Кайзераў» і студэнцкіх квіткоў, а ўлічваючы, што да Белгарада «Кайзераў» яны вып’юць, то і наагул нічога лішняга, сапраўдныя табе багамольцы.
11.00
У Белгарадзе яны вырашаюць спачатку паглядзець горад, усё-ткі цікава, як тут людзі жывуць, потым узяць тое, што ім належыць, і вячэрняй электрычкай вярнуцца назад, часу ў іх дастаткова, сьпяшацца няма куды, таму яны выходзяць праз зарыганы вакзал горада рускай славы, й ім адразу трапляецца крама зь вялікай колькасьцю алькаголю. Не хуй у гэтым Белгарадзе глядзець, – кажа Вася і заходзіць унутр. Яму ніхто не пярэчыць.