Выбрать главу

«Што вам, сыночкі?» – пытаецца прадавачка. «Мамаша, мамаша, – гаворыць Вася Камуніст, – нам водачкі». «Сколькі?» – пытаецца прадавачка. «Дзьве», – гаворыць Вася. «Бутылкі?» – дзелавіта пытаецца яна. «Скрыні», – кажа Вася. «А вам, сыночкі, па шаснаццаць гадкоў ужо ёсьць?» – кампанія дружна дастае студэнцкія квіткі зь дзяржаўнай сымболікай сваёй рэспублікі. Пасьля чаго крэпасьць здаецца, і вадзяру ім прадаюць.

«Добра было б яе трахнуць», – кажа Марак ужо на вакзале. «Чувак, – нэрвова адказвае Вася, – ты тут бізнэсам займаешся ці блядствам?» Рытарычнае пытаньне ў прынцыпе.

14.00

На зваротным шляху іх пабіў патруль. Увогуле, яны самі вінаватыя, разьняволіліся, маючы ў руках такое дабро, расслабіліся і закурылі проста ў вагоне, а паколькі вагон быў амаль пусты, то патруль нават ня меў выбару, моўчкі падышоў і надаваў дубінкамі па сьпінах. Скаўты маўчалі і, каб ня выказаць болю і роспачы, думалі пра нешта добрае, а паколькі яно – гэтае добрае – знаходзілася зусім поруч, пад лавай, то і думалася ім лёгка, і экзэкуцыю яны перанесьлі годна. Хоць патруль, вядома, разьлічваў на нейкае ўзброеннае супраціўленьне, яны ўжо некалькі гадзін тут катаюцца туды-сюды, іх па-свойму можна зразумець, катаешся тут у занюханай электрычцы ўздоўж дзяржаўнай мяжы і нават пабіцца няма з кім – навокал адны спэкулянткі, з кім тут біцца, яны і скаўтаў білі хучэй па інэрцыі, так – каб форму ня страціць, хоць лягчэй ад гэтага нікому не было.

«Підарасы, – кажа Вася, калі патруль зьнікае, – лепш ішлі б на завод, у цэх». «Правільна, – кажа Марак, – у ліцейны цэх». Усе пагаджаюцца – правільна, у ліцейны цэх, у ліцейны цэх, ліцейны цэх гэта крута.

18.00

На вакзале, ужо ў Харкаве, яны знаходзяць гуцулаў, што другі месяц прабіваюцца аднекуль з-пад Кастрамы, з заробкаў, і сядзяць некалькі сутак на харкаўскім вакзале, бабкі прасадзілі, так што цяпер ня ведаюць куды ім лепш паехаць – назад пад Кастраму, яшчэ бабак зарабіць, ці ўсё-ткі дадому, паколькі не сэзон, яны вырашаюць ехаць дадому, дастаюць з абшчаку рэшткі бабак і купляюць у скаўтаў адну са скрыняў вадзяры, вадзяра ў скаўтаў таньнейшая, чым паўсюль на вакзале, таму гуцулы бяруць адразу скрыню, хто яго ведае, як яно далей складзецца, лепш гэтым не рызыкаваць.

У Васі з кампаніяй раптам зьяўляецца плойма грошай. Двое безыменных чувакоў адразу намагаюцца ўсё падзяліць, але Вася кажа ім – хуй, робім, як дамовіліся, чувакі настойваюць, Марак у гэтай сытуацыі шчыра ня ведае як паводзіцца, у ягоным жыцьці пры ім яшчэ ніхто бабак не дзяліў, таму чувакі вырашаюць, што ён таксама за Васю і проста набіць ім рыла не адважваюцца, добра, кажуць яны, тады ганіце нам вадзяру, – хуй вам, – Вася прытрымліваецца нейкіх сваіх камуністычных прынцыпаў і дзяліцца ня хоча, тады чувакі нахабам лезуць у торбу, адкуль бяруць па флакону ў руку, то бок, колькі гэта выходзіць, – чатыры флаконы, і валяць адтуль, фотаапарат вернеце, – кажуць яны на разьвітаньне і зьнікаюць у падземным пераходзе. «Чаго гэта яны?», – пытаецца Марак, яму сытуацыя не падабаецца, такая прыкольная кампанія была, вадзяру пілі, пра жыцьцё гаварылі, ніхто яго – Марака – не абражаў, і раптам, на табе. «Бачыш, – кажа Вася Камуніст, – як грошы людзей псуюць». «Мяне не псуюць», – гаворыць Марак. «У цябе іх няма», – адказвае Вася Камуніст і ідзе далей прадаваць вадзяру.

Але гандаль неяк затарможваецца, плятформы пустыя, усе, хто хацеў паехаць, напэўна, паехалі ўжо, Вася не прыдумвае нічога лепшага, як зноў пайсьці да гуцулаў, а гуцулы ўжо п’яныя настолькі, што згаджаюцца зноў узяць вадзяру, добра, кажуць яны, і бяруць у Васі яшчэ некалькі флаконаў, пасьля гэтага Вася спрытна ўцюхвае пляшку нейкай бабулі, якая безнадзейна чакае чагосьці, каля яе таўчэцца ўнук гадоў сямі, уласна, унук і раіць бабулі ўзяць флакон, бяры, кажа, у дарозе прыдасцца, бабуля сварыцца на яго, але да парады прыслухоўваецца і флакон бярэ, таму ў Васі застаеца зусім няшмат.

З суседняй плятформы за імі ўжо трывалы час сочаць трое сур’ёзных чувакоў у адзідасаўскіх касьцюмах, яны падыходзяць да Васі з Мараком, заціскаюць іх у коле і кажуць: «Хто вы такія?»

Вася пачынае тлумачыць. Чувакі слухаюць, потым ім гэта, здаецца, надакучвае і яны гавораць, ведаеце, гэта мы спыталі, як кажуць, зь ветлівасьці, насамрэч нам усё адно, хто вы і адкуль, і колькі вас тут, мы вам вось што хацелі сказаць: калі мы вас тут яшчэ раз убачым – мы вас закапаем недзе між першай і другой плятформамі, так, каб штовечар над вашымі магіламі трывожна гудзеў кіеўскі фірмовы, але пакуль што мы гэтага рабіць ня будзем (пасьля гэтага перапужаны Вася трошкі супакойваецца, перапужаны Марак – не), тут наагул мы гандлюем усім алькаголем, гэта, калі можна так казаць, нашая зямля, і вы нам тут не патрэбныя (і Вася, і Марак раптам востра гэта адчуваюць), і мы вось тут з вамі пагаварылі, бачым, што вы напраўду не канкурэнты, здаецца, вы проста дэбілы (абодва ў думках з гэтым пагаджаюцца), таму, на першы раз, мы вас чапаць ня будзем, але ў якасьці кампэнсацыі («Вой», – думае Марак. Вася напалохана маўчыць) мы возьмем у вас вадзяру. Але ня ўсю, вось такія мы высакародныя разбойнікі, каб вы ведалі. Яны залязаюць ў торбу і бяруць адтуль па флаконе, а, кажуць, яшчэ адно – мы б вас наагул не чапалі, але вы вадзяру вельмі танна прадаеце, зьбіваеце цану, ясна, дэбілы?