Вася і Марак забягаюць у падземны пераход і там пераводзяць дых. «Підарасы, – Вася бярэцца за старое, – іх бы ў цэх». Але Марака ідэя ўжо не прыкольвае, пайшлі дадому, – пачынае ён, хуй, – кажа Вася, – яшчэ пяць флаконаў засталося, прададзім і паедзем, забьюць, – кажа Марак, ай, перастань, – кажа Вася, чаго ты баішся, зараз хутка ўсё сплавім, купім хаўкі і дадому, давай, ня бойся, не, – гаворыць Марак, – не хачу, баюся. Ладна, – не вытрымлівае Вася Камуніст, – хрэн з табой. Вось табе за работу, давай, валі: ён дастае дзьве пляшкі і дае іх Мараку. Марак вагаецца толькі нейкае імгненьне – значыць так, – думае ён, – зранку ў мяне не было нічога. Зараз у мяне дзьве пляшкі. Відавочна, што я ў плюсах, – вырашае ён і забірае сумленна заробленую вадзяру. Усе, давай, – кажа Вася, дома ўбачымся. «Да, сапраўды дэбіл», – думае ён, гледзячы ў сьпіну кампаньёну, чыя стомленая ваенна-марская туша зьнікае ў цемры пераходу. На вуліцы таксама цямнее, зьяўляюцца зоры, і птушкі хаваюцца ад дажджу ў памяшканьні вакзалу. «Калі зараз паехаць дахаты, – думае Марак, – можна зачыніцца ў душы і да ранку ўсё выпіць». Так ён і робіць.
21.00
Ён бярэ ўсё, што ў яго засталося, і ідзе па вячэрнім пэроне, хочаш ня хочаш, мусіш рызыкаваць, калі табе 19 і галава забітая голымі цёткамі з газэтных вокладак, рэклямай і прапагандай – чаго табе баяцца на трэцяй плятформе Паўднёвага вакзала горада Харкава. А 21.00 падыходзіць транзытны на Баку, праваднікі бакінцы, людзі салідныя, з бабкамі, можна рызыкнуць. Вася падыходзіць да першага вагона, яго пасылаюць, потым да наступнага, на трэці раз тоўсты бакінскі камісар спыняе яго: «Водка нэ травлэна?» – пытае, «нармальна водка, нармальна», – кажа Вася, «ладна, давай, пашлі ў вагон», «навошта ў вагон?» – Вася насьцярожваецца, «нэ бойся, нэ бойся, – кажа камісар, – я проста праверу – палёная ў цябе водка ці не, калі ўсё нармальна – вазьму всю сразу». Яны заходзяць у купэ правадніка, там пахне анашою і проста дарагім тытунём, у вагоне цёпла і напаўпуста, у Баку амаль ніхто ня едзе, тыя, хто едзе – сьпяць, дзявятая вечара, што ім яшчэ рабіць, на пэрон не выходзяць, каб лішні раз не нарвацца на шмон, водку потым у правадніка купяць, лепш не совацца на вакзал, ад іх усіх за некалькі мэтраў нясе спэрмаю і плянам, так, нібы ўсю дарогу, некалькі дзён і начэй, яны дрочаць па абкурцы, грамадзяне ёбанага Азэрбайджану. «Захадзі», – кажа Васю праваднік, Вася заходзіць у паўзмрок купэ і праваднік рэзка зачыняе за ім дзьверы, «пасядзі тут», – кажа, зачыняе дзьверы на ключ і кудысьці ідзе, Вася пачынае панікаваць, б’е з нагі ў сьценку, стукае ў зачыненае акно, круціцца як шчур у цесным, прапахлым азыяцкімі травамі пакоі, нарэшце сядае на пранумераваную коўдру, якой засьцеленая паліца, і пачынае плакаць, сьціскаючы пад пахай пакет з вадзярай. Ну, добра, гаворыць ён сам сабе, добра, ня ный, што яны табе зробяць, ну, забяруць вадзяру, на хера мне гэтая вадзяра, падумаеш – вадзяра. Трахнуць. Да, трахнуць могуць, асабліва гэты кабан у чыгуначным картузе, які зачыніў мяне тут. Не, ня трахнуць, як мяне можна трахаць, але Вася глядзіць на столік, засыпаны цыгарэтамі і прэзэрватывамі, і думае, што ў прынцыпе могуць і трахнуць. Могуць прадаць чачэнам на камплектуючыя запчасткі. Патрэбны я чачэнам? Канешне, патрэбны. На органы, там, ныркі адрэжуць, лёгкія, яйцы, прывяжуць дзе-небудзь у сябе ў ауле за ногі і пачнуць дзяўбсьці пячонку як Праметэю, або прэпаруюць, як труса, і зробяць са скуры баявы чачэнскі барабан, мама з Чаркасаў нават на магілу ня прыйдзе, трэба валіць, валіць, пакуль бакінец не прыйшоў: Вася здымае пас і перавязвае ручку дзьвярэй, цяпер захочуць – не ўвайдуць, спрабуе адчыніць акно, яно трошкі паддаецца, Вася высоўвае галаву вонкі, у пахучае вакзальнае сутоньне, націскае яшчэ, адтуліна павялічваецца, Вася пераводзіць дых, бачыць на паліцы некалькі порначасопісаў і рачуша сігае ў вакно. Тут цягнік рэзка кранаецца, рыпіць сваімі рэўматычнымі храсткамі і рушыць у бок Баку, цягнучы з сабой, акрамя ўсяго, і ні ў чым не вінаватага Васю Камуніста, майго сябра, між іншым.