17.06.93 (чацьвер)
Уступ №1
16.50
17 чэрвеня каля пятай гадзіны дня Сабака Паўлаў намагаецца спусьціцца ў падземку. Ён падыходзіць да турнікету, ідзе проста на жанчыну ўва ўніформе і дастае з кішэні вэтэранскае пасьведчаньне. Жанчына ва ўніформе глядзіць у пасьведчаньне і чытае: «Паўлава Вера Навумаўна». «Ну?», – пытаецца.
– Бабуля, – кажа Сабака Паўлаў.
– Дзе бабуля?
– Гэта, – паказвае Сабака пасьведчаньне. – Мая бабуля.
– Ну і што?
– Яна – вэтэран.
– Ну, а ты што хочаш?
– Яна ў танку гарэла.
Жанчына яшчэ раз глядзіць ў пасьведчаньне. Хто яе ведае, думае яна, можа і гарэла, па фота ня скажаш.
– Ну, добра, – кажа яна. – А ад мяне што трэба?
– Прапусьціце, – гаворыць Сабака.
– А ты што – таксама ў танку гарэў?
– Ну, пачакайце, – пачынае таргавацца Сабака, – можа я ёй паесьці нясу.
– Што паесьці?
– Ну, паесьці, – Сабака прыгадвае, што насамрэч есьць ягоная бабуля, калі ёй даюць. – Малочныя прадукты, разумееце? Сыр.
– Сам ты сыр, – бяззлобна кажа цётка ва ўніформе.
Сабака разумее, як усё гэта выглядае з боку. Што вось ён б’ецца галавой аб велічэзны бясконцы мур, якім ад яго адгарадзілася жыцьцё, б’ецца без ніякай надзеі на посьпех, і ўсе жыцьцёвыя спакусы, у тым ліку і праезд у мэтрапалітэне, яму цяпер проста ня сьвецяць, вось як гэта выглядае. Ён зьбірае ўсю сваю волю ў кулак і гаворыць нешта кшталту таго, што, маўляў, паслухайце, жанчына, ён, вядома, гаворыць ня так, але зьмест прыблізна такі. Дык вось, паслухайце мяне ўважліва, – кажа ён, – добра? Толькі не нэрвуйцеся. Вось што я вам скажу, жанчына. Вы, канешне, можаце зьневажаць мяне, я бачу, што вы зьневажаеце мяне, вы ж зьневажаеце, так? Паслухайце, паслухайце, я хачу яшчэ сказаць, паслухайце. Але пры ўсім пры гэтым, разумееце, як бы гэта сказаць – ну, вы там, я ня ведаю што, вы па-рознаму можаце да гэтага ставіцца, згодны, для вас гэта можа нічога ня значыць, але пагадзіцеся – мая бабуля можа здохнуць з голаду толькі праз тое, што мяне – яе законнага ўнука, перапрашаю, вось так проста не прапусьціла ў мэтро нейкая падла тылавая. Пагадзіцеся? (ну, у гэтым месцы яны проста паабкладалі адно аднога, але хай будзе так) – ён канцэнтруецца і раптам сігае жанчыне пад рукі, узмахваючы ў паветры вэтэранскім пасьведчаньнем, і зьнікае ў халодных кішках падземкі.
«Якая падла тылавая? – думае жанчына. – Я наагул – 49-га году нараджэньня».
17.10
Сабака выходзіць пад стадыёнам, на пустую плятформу, недзе праз гадзіну «Мэталіст» гуляе апошні дамашні матч, сёньня ўсе павінны зьехацца, ведаеце, як бывае, закрыцьцё сэзону і ўсё такое, наверсе дажджыстае лета, неба з хмарамі і недзе акурат над Сабакам стаіць напаўразвалены стадыён, у апошнія гады ён зусім размок і асунуўся, скрозь бэтонныя пліты пачынае прабівацца трава, асабліва пасьля дажджоў, трыбуны засраныя галубамі, на полі таксама гаўно, асабліва калі там гуляюць нашыя, разваленая краіна, развалены фізкультурны рух, вялікія стырнавыя праябалі найгалоўнейшае, як на мяне, вось жа, як ні круці, а ў Саюзе былі дзьве рэчы, якімі можна было ганарыцца – футбольны чэмпіянат і ядзерная зброя; тых, хто пазбавіў народ такіх атракцыёнаў, наўрад ці чакае спакойная бестурботная старасьць, нішто так не падрывае карму, як хуёвая нацыянальная палітыка, гэта ўжо дакладна. Сабака яшчэ нейкі час стаіць на плятформе, зь іншага боку маюць пад’ехаць знаёмыя, так што патрэбна іх дачакацца, Сабака стомлены і змучаны – ён п’е ўжо трэці дзень, яшчэ і надвор’е дрэннае, напэўна, гэта ад надвор’я, ціск ці як гэта называецца, як называецца стан, калі ты п’еш трэці дзень і раптам перастаеш пазнаваць родных і блізкіх? Вядома, ціск.
Ён нават ня можа ўзгадаць, што адбылося – лета пачыналася так добра, ішлі дажджы, Сабака пасьпяхова і бестурботна прасяраў свае маладыя гады, але раптам сябры-рэклямнікі зацягнулі стабільна беспрацоўнага Сабаку ў нетры рэклямнае індустрыі, кажучы прасьцей, узялі кур’ерам у аддзел рэклямы сваёй газэты, Сабаку ламала, але ён трымаўся і хадзіў на працу. Карысьці ён прыносіў ня шмат, але добра было ўжо тое, што недзе лічыўся чалавекам, сам ён гэтым асабліва ніколі не пераймаўся, ну, а сябры, на тое яны і сябры, каб грубым кантактным спосабам выпраўляць твой сацыяльны статус, я ад самага пачатку казаў, што надоўга яго ня хопіць, але мяне ня слухалі, казалі нічога, ён нармальны ўвогуле хлопец, ёбнуты трошкі, але нічога, нічога, пагаджаўся я, нічога.