Выбрать главу

– Значыць так, сынок, – дзелавіта кажа мне Мікалай Іванавіч, – значыць так.

Зараз, – думаю, – ён прапануе мне засунуць галаву ў духоўку і адкруціць краны.

– Я вырашыў не тэлефанаваць твайму дэкану. Навошта табе гэтыя непрыемнасьці, правільна?

– Правільна.

– Але каб больш такога не было, ясна?

– Ясна.

– Значыць так, – кажа Мікалай Іванавіч, – вось твой пашпарт, вось твой пас.

– А матузкі?

– Во, бля, забыўся. Ну, усё адно – вяртацца. Значыць так, – ён, здаецца, сам ня ведае, што яму трэба. – Бачыш лямпачку?

– Бачу.

–Яна разьбітая – бачыш?

Я гляджу наверх. Сапраўды – разьбітая.

– Бачу, – кажу.

– Во, давай – выкруці яе. А то я туды не залезу. Гады МАЕ ўжо ня тыя.

– Выкруціць? – перапытваю.

– Выкруці.

– І ўсё?

– І ўсё.

– І можна ісьці дахаты?

– Ну, не, – кажа Мікалай Іванавіч. – Да вечара перасядзіш, каб ніхто нічога, а там – піздуй, куды хочаш.

– Да вечара?

– Да вечара, – кажа Мікалай Іванавіч. – Давай, лезь.

Ён падстаўляе мне раздзяўбаныя раскладныя драбіны, залітыя вапнай і фарбай, і адступае ўбок. Здаецца, баіцца, каб я на яго не зваліўся. Я нерашуча тапчуся, але вырашаю лезьці, усё-ткі гэты Мікалай Іванавіч не такі ўжо і гаўнюк, гаўнюк, канешне, але не такі ўжо, пашпарт мне, прынамсі, аддаў, хоць матузкі і заныкаў. Я лезу наверх і разглядаю зблізу лямпачку, яна ня проста разьбітая, гэта нейкая апушчаная лямпачка, таксама ўся ў вапне і фарбе, ня ведаю ўжо, хто ў іх тут рамонтам займаецца, але да электрычнасьці ён, пэўна, ставіцца зь нянавісьцю.

– Ну, што там? – пытаецца зьнізу Мікалай Іванавіч.

– Парадак, – кажу.

– Які парадак? – крычыць Мікалай Іванавіч. – Ты давай, підарас малы, выкручвай яе. Мне тут няма калі з табою трындзець.

І тут недзе ў глыбіні памяшканьня, за сьцяной, гучыць стрэл, потым яшчэ, потым чарга з калаша, сапраўдная табе перастрэлка, я ледзь не валюся са сваіх драбінаў, ну, думаю, да, Мікалай Іванавіч таксама, вядома ж, пужаецца, выхоплівае макарава і зьнікае ў глыбінях пашпартнага стала. А я застаюся на раскладных драбінах. Стрэлы сьціхлі. Што ж гэта дзеецца? – думаю я, яшчэ раз спрабую выкруціць лямпачку, і раптам мяне б’е токам, я зноў ледзь не валюся на падлогу, ябаў я вашае руус, – кажу, – з пашпартным сталом уключна, спускаюся з драбінаў і выходжу з пакою. Леваруч пачынаецца сьвежавымыты калідор, праваруч нейкія дзьверы. Я паварочваю ручку. Дзьверы адчыняюцца. За імі знаходзіцца падворак пашпартнага стала, каля дзьвярэй стаіць белая валжана, і ўсё, больш нікога, ніякіх наведвальнікаў, ніякіх пашпартыстак, ніякіх вышак з кулямётчыкамі і калючым дротам. Я выходжу і стаю каля дзьвярэй. У прынцыпе, – думаю, – яны могуць страляць і без папярэджаньня. За дзьвярыма зноў чуваць стрэл. Я іду да брамы, адчыняю калітку і еду дахаты.

На канцавой 38-га стаіць Вася Камуніст, стаіць каля кіёскаў і падтрымлівае рукамі джынсы. Прывітаньне, кажу, што з табой? А, – кажа Вася, ад цягніка адстаў. Дзе твае матузкі? А, – кажу, – згубіў. Ясна, – кажа Вася. – Вып’ем? Ага, – кажу, – толькі я бяз бабак. Мікалай Іванавіч усё забраў. Які Мікалай Іванавіч? – пытаецца Вася. Плоскіх, – кажу. Які-які? Плоскіх. Ясна, – кажа Вася.

Як твой бізнэс? – пытаюся я, ужо калі мы ўзялі. А, – кажа Вася, – ніяк. Вырашыў завязаць. Што так? – пытаюся. Ды разумееш, – кажа Вася, – у гэтай краіне сумленна займацца бізнэсам немагчыма. Яшчэ і бакс блядзкі скача. Ясна, – кажу.

8.47

Дома мы знаходзім нашага сябра Сабаку Паўлава. Здароў, кажа Сабака, нібы так і трэба, – вы што – пабухаць прынесьлі? Пабухаць, Сабака, – кажа Вася, – пабухаць. А што менавіта? – прынюхваецца ён, – няўжо каньяк? Хуяк, – кажу я яму. – А дзе ты быў? На футболе, – кажа Сабака. – Учора цэлы вечар там пратаўкліся, і хоць бы якая радасьць. Ну, і мы ўжо нікуды не выходзім, усё ж такі даўно ня бачыліся, ёсьць пра што пагаварыць, што ўжо там.

– Сабака, – пытаюся я, – а як хоць згулялі?

– Хто згуляў? – не разумее Сабака.

Частка першая.

Чыёй сьмерці ты хочаш насамперш.

9.15

Гэтая лірычная гісторыя пачынаецца з таго, што перад нашымі дзьвярыма зьяўляецца чувак у сінім плашчы, з плястыкавым кейсам, і доўга круціць у руках паперку, глядзіць, ці правільны адрас, ці туды ён трапіў, ці ніхто яго ня кінуў, карацей – пануры, зьнявераны чувак, яшчэ і кейс гэты, наагул – ня ведаю, дзе такіх людзей бяруць і куды іх потым сьпісваюць. Нарэшце ён адважваецца, стукае ў дзьверы, заходзіць і бачыць усіх нас – мяне, Васю Камуніста і нашага сябра-Сабаку, ад нас пахне ранішнім бухлом і вячэрнімі ванітамі, ранак працоўнага дня, адным словам, чувак зноў пачынае круціць у руках паперку, ты хто? – пытае Сабака, ён найбольш з нас трох пужаецца, бо пасьля ўчарашняга разьвітаньня славянкі, то бок пасьля таго, як ён рыбінай высьлізнуў зь няўмелых рук Вовы і Валодзі, менавіта на ягоную кароткастрыжаную галаву мелі б пасыпацца непрыемнасьці, вось ён і думае, раптам гэта за ім, нехта з рэдакцыі, скажам кілер, хто іх ведае, хто там у гэтых підарасаў у штаце ёсьць, газэта заможная, маглі ў прынцыпе запрасіць наёмнага забойцу з пагадзінным тарыфам з былых інтэлігентаў, скажам, ён там яшчэ ўчора працаваў інжэнэрам у інстытуце, а тут дэфолт і беспрацоўе і вялікая краіна развалілася на кавалкі, вось ён і пайшоў у кілеры калыміць, Сабаку прабівае на жах, гэта ўжо дакладна, і ў пакоі западае маўчанка.