Выбрать главу
чувакі. Прынамсі, я сабе гэта ўяўляю менавіта так. Найбліжэйшы камбайн, што ішоў проста на іх, пачаў зварочваць, і тут у яго забілася касілка, таму камбайн спыніўся, адтуль вылез чувак, і, баязьліва абзываючы паляўнічых, пачаў лезьці нагой проста ў пашчу свайго сатанінскага агрэгату, намагаючыся прабіць тромб, які ўзьнік; Карбюратар нам потым на схеме паказваў, на схеме, прынамсі, гэта выглядала страшна, я ўжо не кажу пра тэхніку бясьпекі. Ну, але хто ж дзеля гэтага будзе глушыць камбайн, усё ж ідзе бітва за ўраджай, усялякая такая фігня, што тут гаварыць. І вось паляўнічыя, якія ўсё яшчэ адчувалі сябе на паляваньні, раптам вырашылі дапамагчы камбайнёру, ня ведаю, можа ў іх там сумленьне прачнулася, хаця наўрад, мабыць, ім проста было па прыколу агораць такога монстра, як сельскагаспадарчы камбайн «Ніва»; «Ніва», «Ніва», – крычаў Карбюратар, яму ўва ўсёй гэтай гісторыі, пэўна, падабалася вялікая колькасьць тэхнікі, і гэты ягоны кумарны айчым таксама палез сваёй нагою і нават прабіў тромб, і касілка закруціла сваімі мэталічнымі зубамі, заглытваючы ў сваю пашчу чарговую порцыю народнага ўраджаю, уключна з праваю нагой айчыма, чувака пасьпелі выцягнуць назад, але ўжо без нагі, хоць магло быць значна горш. А так проста адкусіла па яйцы, ва ўсялякім разе Карбюратар так гаварыў. Я спрабаваў уявіць сабе што было потым – добра, думаў я, ён ужо быў без нагі, яго, хутчэй за ўсё, павязлі ў бальніцу, але як яны адтуль выбраліся? На камбайнах, ці як? Ну, але добра. А нага? Гэта ж сельскагаспадарчае нутро камбайна добра, як я яго сабе ўяўляў, было ўжо набіта некалькімі сотнямі кілаграмаў залацістага зерня, перамяшанага з храсткамі і жыламі айчыма, плюс неарганічныя рэчывы, ну там, вайсковы чаравік, хэбэшная калашына, карацей – плойма сыравіны, цікава, што хлебаробы з гэтым усім дабром рабілі, сто пудоў жа ня высыпалі, мабыць, здалі дзяржаве, гэта ўжо дакладна, ведаю я гэтых падступных хлебаробаў, яны б і гаўно ўласнае здавалі, калі б яго хто прымаў, і я сабе потым уяўляў гэтае печыва і гэты хлеб, карацей, крывавыя фантазыі простага хлопца, ведаеце, як яно бывае. І вось чувак далей жыў сабе, цяпер ужо з адной нагой, але яму, як я зразумеў, было цалкам дастаткова, прынамсі, ён працягваў бухаць і адстрэльваў усё, што рухалася, проста монстр нейкі.