– Як можна застрэліцца са стрэльбы? – падае голас Сабака. – Там жа ствол доўгі, на сябе не направіш.
– Ну, а калі рыкашэтам? – пытаецца Вася.
– Ну да, – кажу, – ён што – спачатку страляў, а потым кідаўся лавіць кулю, ці што?
– Не, – кажа дзядзя Робэрт. – Ён нагой на курок націснуў.
– У яго ж адной нагі не было, праўда? – пытаюся.
– Дык, правай, – кажа дзядзя. – Ён левай націснуў.
– Ён што – ляўша? – пытае Сабака.
– Сабака, – заклікаем мы яго да сумленьня.
– Уяўляеце? – кажа дзядзя Робэрт. – Яго знайшлі, дык спачатку нават пазнаць не маглі – яму ж паўгалавы зьнесла. Па шкарпэтцы апазналі.
– У вас там, мабыць, шмат аднаногіх паляўнічых? – пытаюся я, але дзядзя Робэрт нават не крыўдуе.
– Дык дзе ён цяпер? – пытаецца Вася.
– У моргу. Пазаўтра пахаваньне.
– Пазаўтра?
– Так, пасьля абеду. Яны яму спрабуюць яшчэ чарапушку сабраць, разумееце?
– А калі не зьбяруць?
– Ня ведаю, спаляць, мабыць. Трэба Сашу знайсьці, каб ён прыехаў. Я ўжо на занятках быў, але яны сказалі, каб я тут шукаў.
– Тут яго няма, – кажа Вася.
– А дзе ён можа быць? – пытаецца дзядзя Робэрт.
– Ну, заставайцеся, – кажу я, – пачакайце.
– Не магу. Мяне дома чакаюць. Сястры трэба з пахаваньнем дапамагчы, потым у морг зьезьдзіць, яны ж яму галаву спрабуюць сабраць, трэба, каб падобна было.
– У іх што, – пытаецца Вася, – шмат варыянтаў?
– Слухайце, хлопцы, – дзядзя Робэрт падымаецца з кейса і падыходзіць да мяне, – знайдзіце яго. Сястра вельмі прасіла, каб ён быў. Яны там ня вельмі ладзілі, але ж яго ўжо няма, разумееце? Гэта ж такое. А час у вас яшчэ ёсьць, да пазаўтра. Знайдзіце. Я вам вось тут прывёз. – Ён адкрывае кейс і дастае адтуль тры пляшкі каньяку.
– Ня трэба, – кажу я.
– Так, сапраўды – ня трэба, – кажа Сабака і забірае каньяк.
– Знайдзіце яго, – гаворыць дзядзя Робэрт і неяк сагнуўшыся і нават не сказаўшы “да пабачэньня”, выходзіць у калідор. Ня ведаю, можа, ён любіў нябожчыка, хто іх разьбярэ, гэтых чырвонаскурых.
Дзядзя Робэрт, – кажу я, – дзядзя Робэрт. Якое дзіўнае імя – Робэрт. Гучыць як назва нейкага часопісу для геяў.
11.15
– Ну, што скажаш?
– Ня ведаю. Стромна.
– Што стромна?
– Ну, гэты дзядзя Робэрт. Кілер нейкі.
– Па-мойму, ён підар.
– Думаеш?
– Дакладна підар. Ты бачыў ягоны кейс?
– Да...
– Што рабіць будзем?
– Ня ведаю.
– Можа, пашукаем Карбюратара?
– Дзе ты яго знойдзеш? На занятках яго няма. Я ня ведаю, дзе яшчэ ён бывае.
– А ў яго акрамя нас знаёмыя ёсьць?
– А я ведаю?
– Да...
– Яшчэ і дзядзя гэты. Підар.
– Дакладна.
– Карбюратар расстроіцца.
– Думаеш?
– Дакладна расстроіцца. Усё-ткі ж бацька.
– Айчым.
– Адзін хуй.
– Карбюратар яго не любіў.
– Ну, усё адно – сям’я. Такія рэчы, ведаеш, яны насамрэч устаўляюць.
– Ды нічога яны не ўстаўляюць, кажу я. – Я, вядома ж, нічога супраць ня маю – там, сям’я, бацькі, усё нармальна, я да гэтага нармальна стаўлюся. Проста гэта насамрэч ня так ужо і важна, як здаецца, гэта такая фішка, што ўсе толькі гавораць – сям’я, сям’я, а напраўду ўсім по хую, зьбіраюцца толькі на пахаваньнях і хаўтурах, і ўсё. Разумееш?
– Ну, не, – кажа Вася. – Я ня згодны. Я сваіх бацькоў люблю.
– Ты іх калі апошні раз бачыў?
– Якая розьніца? – гаворыць Вася. – Мне ня трэба іх бачыць, каб любіць.
– Слухай, – раптам кажа яму Сабака, – а ты можаш уявіць сябе на пахаваньні сваіх бацькоў?
– Ты што – ёбнуўся? – крыўдуе Вася. – Што ты вярзеш?
– Ды так, – кажа Сабака, – нічога. А вось мяне на пахаваньне, мабыць, і не запросяць, ну, у сэнсе, калі яны навернуцца.
– А як ты сабе гэта ўяўляеш? – пытаюся я. – Табе што – трэба сьвяточную тэлеграму дасылаць: «Дарагі Сабака Паўлаў, прыязжай – двума габрэямі стала менш!»?
– Ну, я не пра гэта.
– А пра што?
– Ня ведаю, проста я думаю, калі зь імі нешта здарыцца, усё адно зваляць на мяне, яны прывыклі ўсё валіць на мяне.
– Проста ты – антысэміт, – кажу я.
– Усё адно, – кажа Вася, – тут ты праганяеш. Па-свойму гэта прыкольна.
– Што, – кажу, – хаўтуры?
– Не, ну там бацькі, сям’я. Я вось разграбу тут усё і абавязкова звалю дахаты. У мяне мама ў Чаркасах.
– Разумееш, – кажу я яму, – я напраўду нічога ня маю супраць. Сям’я дык сям’я, мама дык мама. Разумееш, мы некалі з братам, яшчэ калі я ў школу хадзіў, абчысьцілі адзін палац культуры, невялікі такі. Вынеслі апаратуру.
– Навошта?
– Ня ведаю, проста – перла нас, вырашылі што-небудзь абчысьціць. Выцягнулі некалькі ўзмацняльнікаў, прымочкі там розныя, нават частку барабаннай устаноўкі, прыкінь.