Выбрать главу

– Ну, і што вы з гэтым зрабілі?

– Прадалі. У іншы палац культуры. Там нават не запыталіся, адкуль гэта ў нас, лохі. Мы ў прынцыпе танна прадалі, так што пытацца было бяз понту. Прадалі. А потым пайшлі ў краму і накупілі дыскаў.

– Дыскаў?

– Так. Плойму вінілу, яшчэ чувак, ну, які ўсё гэта прадаваў, меў пад прылаўкам фірмовы «Дэпэш мод», прыкінь, у іх тады толькі выйшаў падвойны лайфовы альбом. «101» называецца. Ну, мы і выкінулі на яго процьму бабак.

– Сур’ёзна?

– Ну. А найпрыкольнейшае ведаеш што?

– Што?

– Гэта было наагул адзінае, што мы з братам купілі РАЗАМ.

11.35

Срань, што рабіць, я б яго і не шукаў. Навошта яму гэта, і нябожчыку – навошта, ён яму і жывому ня надта патрэбны быў, а цяпер – так і наагул, ён цяпер недзе па дарозе ў сваю Валгалу, дыбае скрозь касьмічны змрок на сваей адзінай назе, і толькі анёлы, стоячы ўздоўж дарогі, салютуюць яму, беручы пад казырок і агольваючы абарваныя ў баях верхнія канцавіны, нябожчык бясспрэчна павінен трапіць у рай для інвалідаў, павінен жа там быць нейкі падзел, не запускаюць жа іх усіх праз адну браму, хоць – адкуль мне ведаць. Сапраўды, адкуль мне ведаць, можа акурат худыя і цыбатыя анёлы ў эсэсаўскіх шлемах са шмайсэрамі наперавес зьбіраюць і здаровых, і інвалідаў перад велічэзнай зьзяючай брамай, на якой шрыфтам Родчанкі напісана «Работа робіць вольнай», зьбіраюць усіх разам, хто спрабуе ўцячы – таго проста прыстрэльваюць і адцягваюць у суседнія хмары, нарэшце выходзіць сьвяты Пётра, такі сабе Бураціна зь вялікім залатым ключом, адчыняе браму, і анёлы пачынаюць заганяць туды масоўку, заштурхваюць іх і ўжо там, ува ўнутраным дворыку дзёўбанага раю, дзеляць на калёны і вядуць рознымі дарогамі, кожная зь якіх, у сваю чаргу, назьменна сканчаецца вялікай газавай камэрай.

Так што чувак мае яшчэ двое сутак часу, каб дайсьці да сваёй канцавой і стаць навек у дэпо, здаўшы зброю анёлам і атрымаўшы ад іх вялікі жалезны крыж за гераізм на ўсходнім фронце. Тое, што ён дабравольна вываліў свае мазгі на кухонную падлогу, ні пра што яшчэ ня сьведчыць – бываюць у жыцьці такія моманты, калі найвышэйшай сумленнасьцю і найвялікшым маральным учынкам можа стацца вызваленьне атачэньня ад сваёй прысутнасьці, такія рэчы разумець трэба.

Штопраўда, ёсьць адзін раён, акурат за новым цыркам, ад самай ракі і да самай чыгункі, квадратныя кілямэтры непралазнага прыватнага сэктару, адразу за якім пачынаюцца заводы, так бы мовіць – старыя фабрычныя прыгарады, улетку там наагул нікога не сустрэнеш, куды яны ўсе зьнікаюць, я ня ведаю, але можна гадзінамі лазіць па пяску і друзу і нікога не сустрэць, я ўжо маўчу, што там робіцца ўзімку. Я да чаго вяду – там пражывае наш сябра Чапай, ён жыве ў майстэрні пры заводзе, што вырабляе рыштунак для шахцёраў, у сэнсе не адбойныя малаткі, а там розныя лямпы, ліхтары, ну і так далей – што там можа спатрэбіцца шахцёрам пад настрой, Чапай кажа, што ягоны дзед будаваў гэты завод, так што ў іх гэта нібы традыцыя такая сямейная, тата Чапая збухаўся некалькі гадоў таму і лячыўся недзе ў дурцы, Чапай час ад часу езьдзіў да яго ў адведкі, прывозіў сьвежую бялізну і прэсу, перадваў прывітаньні ад брыгадзіра, такія вось рэчы, яны жылі ў адным з баракаў акурат над рэчкай, але баракі пачалі зносіць, а паколькі Чапай-тата яшчэ ў васьмідзесятых прапіў усе дакумэнты ўключна з накладнымі на дзядулевы георгіеўскія крыжы і ордэны працоўнага чырвонага сьцяга, то перасяляць іх ніхто нікуды, вядома, не зьбіраўся, Чапай-джуніар, як сын палка, пайшоў да дырэктара тады яшчэ нармальнага савецкага завода і папрасіўся ўзяць яго ў цэх, тыпу па бацькоўскай лініі, дынастыя там, і так далей, Чапай на такія рэчы вёўся, думаю, ён ужо і ў дурцы пасьпеў сабе месца забраніраваць, у адной палаце з татам, такая б выйшла палата перадавікоў вытворчасьці, да іх бы прыходзілі на экскурсіі піянерскія дружыны, слухалі б іхныя дэпрэсіўна-маніакальныя ўспаміны і пакідалі б ім на тумбачках пакункі з апельсінамі, печывам і дэнатуратам. Прадстаўнікі моцных прафесій павінны паміраць прыгожа, гэта толькі розная інтэлігенцкая шлаябень можа захлынацца ў памыях і пакутваць ад гемарою, а сапраўдныя мужчыны, якія сьціскаюць у сваіх руках, што там яны сьціскаюць у сваіх руках, вось, якія сьціскаюць у руках рычагі ад асноўных мэханізмаў гэтага жыцьця – яны маюць згараць на вытворчасьці, гераічна падаць на гарачыя падлогі ліцейных цэхаў, абрываючы ўласны працоўны стаж, паміраць ад белай гарачкі і перапою, ад рознага там пабытовага траўматызму, калі белую гарачку можна лічыць пабытовым траўматызмам.