– Нефармалаў трэба расстрэльваць, – кажа Вася.
– Троцкі сказаў? – пытаюся.
– Пры чым тут Троцкі. Глядзі – стаяць, сукі.
– Ну і што?
– Не люблю, – кажа Вася і далей ідзе моўчкі.
За паўгадзіны мы пераходзім праз мост, знаходзім завадскі паркан і празь дзірку ў ім пралазім на падворак.
12.30
У Чапая мы былі некалькі разоў, ён спэцыяльна для сяброў пазначыў сваю майстэрню, бо іх там некалькі стаіць амаль падобных – напаўразваленых яшчэ з часоў першай расійскай рэвалюцыі 1905-га году, шэрых буданоў. На чапаевым зялёнай фарбай напісана «сацыялізм» і дамаляваная трохі рахітычная зорка, падобная да мэдузы, ну, маецца на ўвазе, колерам, Чапай у прынцыпе, тыпу Васі, таксама спэцыяліст па дыялектыцы, яны паважаюць адзін аднаго, гэта мы з Сабакам тут чужыя – я не люблю Маркса проста так, ну, а Сабака мае да старога свае прэтэнзыі, тут усё зразумела.
Чапай нас адразу пазнае, прывітаньне, – кажа, – заходзьце, прапускае нас у капцёрку, высоўвае галаву вонкі, асьцярожна азіраецца ва ўсе бакі і зачыняе за сабой дзьверы. Мы праходзім унутр. Чапай, як і прынята сярод пралетарыяў, на побыт кладзе, пакой у яго амаль пусты, пасярэдзіне стаіць згаданы мной апарат і трывожна гудзе, пад апаратам валяецца пара колбаў, я нарэшце прыгадваю, якія яны на выгляд, на падваконьні ляжаць кнігі, я бяру адну – пятнаццаты том чагосьці, чаго менавіта, я разабраць не магу, але яўна нешта партыйнае, са штэмпелем завадской бібліятэкі, сур’ёзны пацан гэты Чапай, ён старэйшы за нас на пару гадоў, яму ўжо за дваццаць, да таго ж, і працоўны стаж – гэта вам ня проста так, ён праходзіць за намі ў пакой, сядайце, – кажа, у пакоі некалькі табурэтаў, як справы, – пытаецца? нармальна, – кажа Вася, – вось Карбюратара шукаем, даўно яго бачыў? даўно, – кажа Чапай, сядае на табурэт, закідвае нагу на нагу і запальвае беламор.
Чапай худы і засяроджаны, на нас ён увагі амаль не зьвяртае, сядзіць сабе, нага на нагу, чытае нейкую партыйную прапаганду, на ім старая майка, кеды і спартыўныя штаны, да таго ж ён носіць акуляры, сярод нашых знаёмых ня так і шмат людзей, што носяць акуляры, хоць, можа, ён гэта для понту, ня ведаю.
– А дзе ён можа быць, ня ведаеш? – пытаюся я.
– Ня ведаю.
– Ён табе нічога не казаў?
– Не казаў.
– Хуёва, – кажу я. – у яго бацька загінуў.
– Айчым, – папраўляе мяне Сабака.
Чапай маўчыць.
– А ён у цябе сваіх рэчаў не забываў? – працягваю роспыты.
– Не забываў.
Так можна гаварыць бясконца, ён мантрамі нейкімі гаворыць, начытаўся Энгельса і не ўспрымае нармальнай інфармацыі, гэтыя новыя камуністы, у іх свой замарочаны дзэн, так вось проста ня ўедзеш, а ўедзеш – ня выедзеш, будзеш прабуксоўваць у глыбокай раз’ябанай каляіне марксызму-ленінізму, не разумеючы, што да чаго.
– Чытаеш нешта? – раптам пытаецца ў яго Вася.
– Ды так, – адказвае Чапай. – Падкінулі тут пару кніжак. Перачытваю.
– Угу, – кажа Вася, усё ж такі яны аднадумцы, мы тут намагаемся не перашкаджаць.
– Можна мы яго ў цябе пачакаем?
– Можна.
– У нас бухло ёсьць.
– У мяне таксама, – паказвае Чапай на свой апарат. – Толькі я зараз ня п’ю.
– Што так?
– Трыпер.
– Напраўду? – я вяртаю кнігу на падваконьне. – Дзе ж гэта ты?
– Ды проста тут, на заводзе, – спакойна адказвае Чапай.
– На заводзе?
– Ага.
– Што – проста ў цэху?
– Ага.
– У вас жа тут адны мужыкі.
– Ну.
– Хто ж гэта цябе? – пытаюся. – То бок, прабач – каго гэта ты?
– Што – каго? – не разумее Чапай.
– Ну, – кажу, – ты ведаеш ад каго гэта ў цябе?
– А, – кажа Чапай, – ні ад каго. У мяне бытавы трыпер.
– Як бытавы?
– Так. Бытавы. Я ж ня трахаюся наагул. Проста сэканд грузілі, вось і падхапіў.
– Ясна, – кажу. – Вы, марксысты, проста як анёлы – ня трахаецеся, ня п’еце.
– Сэканд грузіце, – дадае Сабака.
– Слухайце, – гаворыць Чапай, пэўна для таго, каб зьмяніць тэму, – а ў вас бабкі ёсьць?