Выбрать главу

На вуліцы Юрык холадна з намі разьвітваецца, мы праходзім зь дзясятак мэтраў, Юрык па-ранейшаму стаіць ля брамы, не заходзячы ў двор, і тут нарэшце Чапай выдае, ён раптам спыняецца, стойце, кажа нам, можам узяць яго на понт, ты што, кажу я, навошта? ён там усё адно адзін, вы ж самі бачылі, нічога ня зробіць, перастань, палохаецца Вася, пайшлі адсюль, усё ж нармальна, ды ладна, кажа Чапай, ня сцыце, зараз я яго разьвяду, ён дастае пакунак з травой, чагосьці ў ім калупаеца, так, нібы правярае, засоўвае назад у кішэню, паварочваецца і ідзе да Юрыка, за некалькі мэтраў ад яго спыняецца і крычыць:

– А трава ў цябе – гаўно!

Во, бля, – думаю я, – бля.

– Гаўно! – паўтарае Чапай больш упэўнна.

І тут Юрык раптам зрываецца і зьнікае ў двары, мы ня ведаем, што рабіць, ну, то бок мы з Васем Камуністам, толькі не Чапай, той, здаецца, у курсе, што яго чакае, напэўна, ён ужо ня першы раз так бярэ на понт свайго дылера, таму ён хутка вяртаецца і крычыць нам рвем адсюль, і мы сапраўды рвем і, трэба сказаць, не дарэмна, таму што брама за намі зноў адчыняецца і адтуль выскоквае Юрык зь бярданкай, з вачэй ляцяць іскры, нават з таго, што зь бяльмом – таксама ляцяць, хоць і ня так моцна, мы бяжым, нам галоўнае дацягнуць да рогу, а там ужо цывілізацыя, трамваі, мэтро, такія-сякія нармальныя стасункі між людзьмі, а за нашымі сьпінамі – Юрык зь бярданкай і ягоны сярэднявечны замак з курамі і пчоламі-кілерамі, нам ёсьць, ад чаго ўцякаць, і мы ўжо выкладваемся, Васю горш – ён бяз паса, трымае рукамі джынсы, каб не згубіць іх, Юрык пры гэтым зводзіць куркі і страляе ў неба над нашымі галовамі, раз, потым другі, у нас ён, дзякаваць богу, нават ня цэліць, а то невядома, чым бы ўсё скончылася, ён страляе ў неба і весела сьмяецца, я гэта досыць добра чую, калі паварочваю за белы цагляны рог, нам у твар б’е сьвежы летні вецер, уздымаючы ў паветра папяровае сьмецьце, пыл і пер’е, і гэтае пер’е круціцца над нашымі галовамі, таму што я нават ня ведаю, каму яно належыць – птушкам з цаглянага палацу ці толькі што падстрэленым анёлам, што прыляцелі вось да Юрыка, скажам, каб палегчыць ягоную сярэднявечную адзіноту, а ён, дэбіл, адагнаў іхную беласьнежную дружную зграю назад у дажджыстае неба і застаўся адзін – застаўся і стаіць сабе там – пасярод пустога цыганскага мегаполісу, самотны-самотны дылер, абдураны лёсам прадаўнік радасьці, якому няма нават з кім пагаварыць, толькі Ісус на ягоным распяцьці сумна хістаецца – зьлева направа, справа налева, зьлева направа.

17.00 – 20.00

– Вы ў гэтым проста не разьбіраецеся. Вы проста гаворыце марксызм-марксызм, і не разумееце, што гэта.

– Ну, так, адзін ты ў нас усё разумееш.

– Пры чым тут я. Гаворка не пра мяне. Вось вы гаворыце марксызм. Насамрэч марксызм перамагае, разумееце?

– Ну, вядома. І дзе ж ён перамагае?

– Марксызм перамаге нідзе. Ён перамаге ў прынцыпе.

– Ну, да.

– Моц марксызму ў ягонай самадастатковасьці. Скажам, Троцкі.

– Троцкі – жыд.

– Так. Вы ведаеце дзеля чаго Троцкі паехаў ў Мэксыку?

– Па-мойму, яму Коба даў трындзюль.

– Коба таксама жыд

– Коба?

– Так. Ільліч таксама.

– Ільліч – казах.

– Татарын.

– Казах.

– Якая розьніца?

– У казахаў няма пісьмовасьці.

– А ў татараў?

– І ў татараў таксама няма.

– Не, Коба ня жыд. Коба – рускі. У яго прозьвішча расійскае – Сталін.

– Гэта не ягонае прозьвішча.

– А чыё?

– Гэта прозьвішча ягонага сына. Васі Сталіна. Ён быў футбалістам.

– Ага, а Троцкі – баскетбалістам. Працоўныя Рэзэрвы.

– Пры чым тут Троцкі, – гаворыць Чапай ужо знаёмую мне фразу, седзячы на табурэце і распальваючы папяросу. – Троцкі тут ні пры чым. Ты, – кажа ён Васю, перадаючы яму папяросу, – мусіў бы гэта разумець. Яны, – ён выдыхае дым у наш бок, – гэтага ніколі не зразумеюць, іх заразілі бацыламі капіталу, але ты, – ён забірае ў Васі папяросу, яшчэ раз зацягваецца і вяртае папяросу Васю, – павінен гэта разумець. Ты ведаеш пра тэорыю пэрманэнтнага пахуізму?

– Што? – закашліваецца Вася і перадае папяросу мне. – Якога пахуізму?

– Пэрманэнтнага, – папраўляе акуляры Чапай. – Ну, гэта я яе так называю. Напраўду яна завецца тэорыя пэрманэнтнага распаду капітала. Але мне больш падабаецца называць яе тэорыяй пэрманэнтнага пахуізму.