– І што твой Маркс прапануе Энгельсу ў замен? – пытаюся я.
– Прынцып ПыХ, – кажа Чапай.
– Як-як? – нават Сабака перапытвае.
– Пралетарская Хартыя, – гаворыць Чапай.
– Пралетарская Хартыя – гэта ПХ, а ня ПыХ, – кажу я.
– Так, я ведаю, – адказвае Чапай. – Гэта для мілагучнасьці. Прынцып ПыХ дае ўсяму гэтаму ход, Хартыя пры гэтым выконвае ролю элементарнага яднальнага мэханізму. Прыпыняецца ўсё далейшае накапленьне капіталу і пачынаецца ягоны паступовы распад.
– Як гэта?
– Усё вельмі проста, – Чапай зноў прыкладаецца да крывавага слоіка. – У прынцыпе, у выніку папярэдняга беспрычыннага і маламатываванага накапленьня капіталу адбылося перанасычэньне сродкамі жыцьцядзейнасьці, і як вынік – адзіным лягічным варыянтам у гэтай сытуацыі выступае распад існуючых запасаў.
– Гэта як?
– Ну, – спрабуе патлумачыць нам Чапай, – карацей, насамрэч нічога вырабляць ня трэба. Кожная асобна ўзятая БЛЯ можа вольна жыць некалькі дзясяткаў год за кошт ужо існуючага патэнцыялу. Гэта значна спрашчае сам мэханізм функцыянаваньня грамадства. На практыцы гэта адбываецца прыблізна так – вось, скажам, наш завод. Вакол яго ўтвараецца БЛЯ, якая, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца гарадской ПыХ, кожная БЛЯ бярэ на сябе пэўную колькасьць аб’ектаў агульнагарадской інфраструктуры, захоплівае ўладу і ўсё гэта расхуячвае.
– Навошта? – не разумею я.
– У гэтым і палягае сутнасьць прынцыпу пэрманэнтнага пахуізму, – кажа Чапай. – Мы нішчым структуру і харчуемся атрыманай сыравінай. Напрыклад, захопліваем банк і бабкі выдаткоўваем на жыцьцё ды функцыянаваньне БЛЯ, захопліваем гандлёвыя цэнтры і ўсе шмоткі раўнамерна разьмяркоўваем сярод чальцоў БЛЯ, захопліваем канторы і ўсю бытавую апаратуру забіраем сабе, захопліваем тачкі і пускаем іх на патрэбы ячэйкі.
– Захопліваеце фэрму і раздаеце ўсім па карове, – раптам устаўляе Сабака.
– Так, – гаворыць Чапай, – так. Адным словам, таварышы з данецкага абкаму падвялі пад усё гэта эканамічную базу, пералічылі ўсё, зрабілі сур’ёзныя маніторынгавыя апытаньні, – Чапай дастае нейкія сшыткі і размахвае імі ў паветры, – выходзіць так, што існуючая грамадская інфраструктура, уся цяперашняя база капіталу, здатная пракарміць сябе саму, як мінімум, на працягу бліжэйшых 67 гадоў.
– А пасьля?
– Ну, што пасьля? – разгублена кажа Чапай. – Пасьля штосьці прыдумаем. Тэорыя, у прынцыпе, новая, яшчэ не апрабаваная на практыцы, у яе рэальна ўнесьці нейкія карэктывы. Але цалкам, – паўтарае ён, – ня трэба замарочвацца на далейшым нарошчваньні вытворчасьці, наадварот – вытворчасьць належыць максымальна скараціць, закансэрваваць, адным словам, а прыродныя рэсурсы – максымальна эканоміць, паколькі на бліжэйшыя 67 год хопіць і таго, што ёсьць.
– Прыкольна, – кажу. – Мне асабліва пра гандлёвыя цэнтры спадабалася. І пра фэрмы, – кажу я Сабаку.
– Так, – пагаджаецца Чапай, – ідэя вельмі правільная. Галоўнае – справядлівая, бяз розных там капіталістычных наёбак.
– Пачакай, – кажу я, – але як гэты твой пых зможа ўсё гэта кантраляваць, калі існуе процьма рэчаў, якія ўсё адно вымагаюць цэнтралізацыі?
– Напрыклад? – пытаецца Чапай.
– Ну, я ня ведаю. Транспарт там, напрыклад, мэтро.
– Прычым тут мэтро?
– Ну, не мэтро, – адступаю я. – Але, скажам, авіякампаніі. Як твой пых іх будзе кантраляваць?
– Авіякампаній ня будзе.
– Як гэта ня будзе? – дзіўлюся я. – А як жа народ будзе лётаць?
– А навошта яму лётаць? Якая з гэтага РЭАЛЬНАЯ карысьць? Вось ты, – цісьне ён на Сабаку, – лётаў калі-небудзь самалётам?
– Не, – кажа Сабака, – я на трамваях у асноўным.
– Вось, – гаворыць Чапай, – і так большасьць насельніцтва. Авіялініі, аэрапорты, сьцюардэсы – гэта фікцыя. Насамрэч, у гэтым няма РЭАЛЬНАЙ патрэбы, разумееш? Трэба пакінуць толькі тое, у чым ёсьць РЭАЛЬНАЯ патрэба.
– Добра, – кажу я, – а армія?
– У арміі таксама няма РЭАЛЬНАЙ патрэбы. Якая карысьць ад арміі? Армія створаная толькі для таго, каб апраўдваць у нашых вачах мэтазгоднасьць свайго існаваньня. Для гэтага час ад часу арганізоўваюцца войны, бамбардзіроўкі, рэвалюцыі, працуе абаронны комплекс, накапляецца навукова-тэхнічны патэнцыял, ствараецца сістэма прапаганды. Але РЭАЛЬНАЙ патрэбы ў гэтым няма, калі армію распусьціць, грамадства і далей будзе нармальна функцыянаваць, разумееш, таму ў ёй проста няма ПАТРЭБЫ.