– Добра, – зноў кажу я, – а органы?
– Што? – надпівае Чапай са свайго крывавага слоіку.
– Ну, унутраныя органы. Міліцыя, паліцыя, гэбэ, цэрэу, я ня ведаю. Гэта што – таксама фікцыя?
– Так, гэта таксама фікцыя.
– Гэбэ – гэта фікцыя?
– Фікцыя.
– Дакладна?
– Абсалютна.
– Мне гэта падабаецца, – кажу я.
– Вось ты калі-небудзь, – працягвае Чапай катаваць Сабаку, – сутыкаўся з кгб?
– Так, – неспадзявана гаворыць Сабака, – да нас некалі ў школу, я вучыўся ўжо ў дзясятай клясе, прыходзіў гэбэшнік. Распавядаў пра работу, агітацыю разводзіў. Нешта пра прэзыдэнта казаў.
– І што?
– Нічога. Мне, у прынцые, спадабалася. Я да яго потым на калідоры падышоў, кажу, камадзір, а да вас на працу ўладкавацца можна? Ён мяне паслаў. Кажа, у цябе з рота моцна сьмярдзіць, каб у гэбэ служыць. Ну, і ўсё.
– Вось бачыш, – павучальна кажа яму Чапай. – Усе сілавыя структуры працуюць ВЫКЛЮЧНА на падтрымку ўласнай жыцьцядзейнасьці, яны нічога не вырабляюць, ад іх няма КАРЫСЬЦІ. Калі заўтра гэбэ закрыць, нічога ня зьменіцца. Нічога ня зьменіцца, калі адкрыць ці закрыць межы, калі распусьціць дыпляматаў – запраста можна жыць бязь зьнешняй палітыкі. Без унутранай, у прынцыпе, таксама. Можна жыць без адмінрэсурсу – разам са зьнікненьнем адмінрэсурсу, зьнікаюць і ўсе тыя праблемы, для вырашэньня якіх ён створаны. Не патрэбныя канторы, жэкі, упраўленьні, адміністрацыі – адпаведна не патрэбная ніякая дакумэнтацыя, і наадварот. БЛЯ кантралююць увесь той мінімальны вытворчы працэс, які аж на цэлых 67 гадоў забясьпечвае жыцьцядзейнасьць грамадства. Усё іншае – ад лукавага, – пераможна гаворыць Чапай і перадае мне новую папяросу, але я ўжо сігаю сьледам за сябрам-Васем і бачу, як Вася занураецца ўсё глыбей і глыбей, адштурхоўваючыся ад цяжкай сіняй вады рукамі і нагамі, і я бачу перад сабой толькі стаптаныя падэшвы ягоных старых красовак, за імі я і плыву і чую ўжо адтуль
Жыцьцё – гэта як касьмічная ракета, і калі ты залез у яе, то сядзі і нічога не чапай, проста будзь гатовы да таго, што жыцьцё тваё крута зьменіцца. Ва ўсялякім разе дзяцей у цябе дакладна ня будзе. Ды і наагул – нармальнага сэксу. Гэта ты мусіш ад самага пачатку ўлічваць – або сэкс, або космас, і тут ёсьць з чаго выбіраць, таму што насамрэч ніводнае траханьне ў сьвеце, хай нават і найбольш падрыўное траханьне, ня вартае таго вялікага і прыўкраснага, што адкрываецца табе з ілюмінатара тваёй бляшанай ракеты, некаторыя краявіды, некаторыя ляндшафты вартыя таго, каб за іх заплаціць найдаражэйшым, што ў цябе ёсьць, то бок эрэкцыяй, але каб зразумець гэта, трэба быць, па меншай меры, касманаўтам, ну, на крайняк – анёлам, што ва ўмовах распаду капіталу – аднафігственна.
– Я не разумею, – кажу я скрозь сон, – чаму ўсё-ткі пэрманэнтны пахуізм?
– А таму, – адказвае Чапай і шчасьліва ўсьміхаецца мне з-за трансгаляктычных промняў, – што ўсё па хую: бабкі – па хую, сыстэма плянаваньня – па хую, інвестары – па хую, міністэрства – па хую, – ён, здаецца, завёўся, – дзяржава – па хую, транснацыянальныя карпарацыі – па хую, спайка капіталу – па хую, сфэры ўплыву – па хую, пашырэньне рынку на ўсход – па хую.
– Мірны космас – па хую, – дадае Вася.
– Няма сумневу, – сур’ёзна гаворыць Чапай, і ўсе змаўкаюць.
20.30
Недзе далёка-далёка, на ўсходзе рэспублікі, зусім побач зь дзяржаўнай мяжой, неба пахне ранішнім лесам, пахне зусім асабліва, брэзэнтавымі намётамі і яловымі галінамі, што кладуць на гэтыя намёты свае цяжкія лапы. Я іду доўгай-доўгай лясной сьцежкай, леваруч і праваруч ад мяне – высокія і цёплыя сосны, што саграваюць сваім подыхам пясок навокал, і паветра, і ранішні суботні лес, і птушак, што трапляюцца час ад часу, і наагул – усё гэтае неба, і, вядома ж, дзяржаўную мяжу – сосны гэта такія сабе батарэйкі, якія пусьцілі карані акурат уздоўж ракі, раку відаць за ствалінамі леваруч, і мы ідзем уздоўж яе, уласна, мы ідзем угору, супраць плыні, а галоўнае – я люблю ўікэнд, мне цалкам вядома, што сосны на ўікэнд асабліва цёплыя, а неба – асабліва мірнае. На мне нейкая дурацкая футболка і дурацкія шорты, і запыленыя сандалеты, якімі я падфутбольваю сасновыя шышкі, уздымаючы хмаркі ранішняга пылу, тады мая сяброўка паварочваецца да мяне і просіць, каб я супакоіўся і такога не рабіў. Маёй сяброўцы 16, яна пагадзілася са мной пагуляць, уласна, яе папрасілі мае бацькі, якія сябруюць зь яе бацькамі, яны ўсе засталіся на рачным пляжы, сядзяць сабе і гатуюць салаты са сьвежай вільготнай гародніны, плаваюць у ранішняй рэчцы, наперадзе цэлы ўікэнд, таму яны займаюцца сваімі нецікавымі дарослымі справамі, але я знайшоў сярод соснаў сьцяжынку, і мая знаёмая без асаблівага, трэба заўважыць, жаданьня павяла мяне па ёй, так, абы толькі я нарэшце прайшоўся і заткнуўся і ўжо нікога больш не даставаў, хоць яна да мяне даволі добра ставіцца, дакладней, гэта я за ёй пастаянна цягаюся, але яна трымаецца даволі добра й асаблівых прэтэнзій да мяне не прад’яўляе – так толькі – каб не ўздымаў пыл, каб не хапаў яе за рукі, адным словам – не паводзіўся як дэбіл. Мне падабаецца пясок пад нагамі, мне падабаецца мокрая трава на пяску, мне падабаюцца сосны, у якіх трывожна перацякаюць электроны, мне падабаюцца крыклівыя бестурботныя птушкі на высокіх сасновы галінах, мне падабаецца неба, таму што яно цягнецца далёка-далёка і ніколі не сканчаецца, гэта мне падабаецца найбольш, я вельмі люблю, калі нешта ніколі не сканчаецца, і неба – адна з такіх рэчаў, мне падабаецца, што гэтая сьцяжынка таксама не сканчаецца, таксама цягнецца без канца супраць плыні, то набліжаючыся да яе, то зноў закочваючыся за стваліны, нарэшце мая знаёмая не вытрымлівае, добра, кажа, пайшлі, акунемся і назад, я спрабую выгандляваць у яе яшчэ з паўкілямэтра, але яна кажа – досыць, купацца і назад, і я вымушаны з гэтым зьмірыцца. Яна зварочвае са сьцежкі і ідзе проста да вады, я намагаюся не адставаць, іду сьледам і разглядаю яе чорны бліскучы купальнік, такія тады, у канцы 70-х, акурат былі ў модзе, яе купальнік асаблівы – на чорным фоне рассыпанае жоўтае, чырвонае й аранжавае лісьце, сапраўдны лістапад, хоць у лістападзе, здаецца, ніхто не купаецца, але ў яе цэлы ворах лісьця на целе, і цела ў яе – прыгожае і моцнае, ёй вельмі пасуе гэтае лісьце, гэта нават я, у свае 6, разумею, інакш я б за ёй не ішоў, вада яшчэ не пасьпела прагрэцца, бераг пусты і прахалодны, мая сяброўка падрульвае да вады і пачынае паступова ў яе заходзіць, я гляджу, як пад вадой зьнікаюць яе ступы, яе высокія цёмныя лыткі, яе калені, яе сьцёгны, нарэшце яна падае на паверхню вады, топячы ў ёй усё сваё лісьце – і жоўтае, і чырвонае, і аранжавае, і паварочваецца да мяне – давай, крычыць, давай, хадзі сюды, холадна, кажу я зь берага, перастань, крычыць яна, нічога ня холадна, хадзі сюды, яна выплывае на сярэдзіну ракі, плынь пачынае зносіць яе ўніз, і я раптам пужаюся, што вось яе панясе ўніз, а я застануся тут адзін і буду стаяць на гэтым беразе нікому не патрэбны, перад халоднай глыбокай вадой, што цячэ невядома куды, і я не вытрымліваю і скачу ў ваду, нават забыўшыся, што ня ўмею плаваць, і кіруюся да яе, яна заўважае мяне і пачынае падплываць да берага, я б’ю па вадзе рукамі, намагаючыся не захлынуцца яшчэ на плыткім, і нарэшце яна падплывае і, пераводзячы дых, весела крычыць – давай руку, і я працягваю ёй руку, і ў гэты самы час мяне проста разрывае, і ўся гэтая вада цячэ вакол мяне, цячэ ў адным напрамку, увесь час у адным напрамку, і мне ад гэтага так добра, нібы мне зусім ня 6, а ўсе 16, як і маёй сяброўцы, маёй біг уайт маме, што цягне мяне за сабой супраць плыні, і так моцна трымае за руку, што калі б я мог, я бы проста кончыў, але я толькі трымаюся за яе і не магу кончыць, зусім-зусім не магу кончыць, і так усё жыцьцё.