Выбрать главу

19.60.93 (субота)

02.15

– Слухай, – альбо пайшлі ламаць дзьверы, альбо валім дахаты Я ўжо ўвесь мокры. Сабака, вунь, здаецца, наагул памёр.

Чапай падыходзіць да Сабакі і гідліва кранае яго сваім кедам.

– Нічога ён не памёр, – кажа. – Проста сьпіць моцна.

Дождж усё сыплецца, хопіць, кажа Чапай, мабыць, час ужо, гэта ты як, кажу, па зорах зарыентаваўся? па якіх зорах, крыўдуе Чапай, я проста чуў, як ахоўнік заходзіў, хвілін 15 таму, так што можам ісьці – мы будзім Сабаку, той спачатку не разумее, дзе ён і хто мы такія, але паступова вяртаецца ў прытомнасьць, і мы спускаемся ўніз.

2.25

Парткам на другім. Мы стаім каля дзьвярэй, значыць так, тлумачыць Чапай, ты – паказвае на мяне – ідзі ўніз да дзьвярэй, ты – паказвае Сабаку – будзеш мне дапамагаць, зараз я знайду што-небудзь цяжкае, і мы стукнем па дзьвярах, ды ладна, кажа Сабака і з нагі высаджвае дзьверы, – будзем тут ябацца яшчэ паўгадзіны, я задаволена ўсьміхаюся, я бы і сам – кажа Чапай, – выбіў, але ў мяне ж кеды, так, дадаю я, і трыпер. Мы хутка пераварочваем усё ў пакоі – дзьве шафы з паперамі, у адной пачатая пляшка каньяку, Сабака адразу ж пхае яе ў кішэню штаноў, дзьвюхтумбавы стол, начынены розным канцылярскім гаўном, як гамбургер халестэрынам, шнарым па падваконьнях, глядзім на стале, шукаем які-небудзь схоў, альбо хаця б невялічкі сэйф, што заўгодна, і раптам у кутку бачым тое, што шукалі – скрыню з-пад ксэракснай паперы, заклееную і запячатаную зьверху. Месяцовае зьзяньне прабіваецца скрозь жалюзі на вокнах і драпежна паблісквае на сьвежым сургучы. Яно – кажа Чапай. Я спрабую падняць скрыню, у прынцыпе яна ня надта цяжкая, можа быць. Што, кажу, бяром? Канешне бяром, кажа Чапай, бяром, давай, цягні яе да мяне, там паглядзім. Можа, яшчэ пашукаем? прапануе Сабака, здаецца, адчуваючы нешта, усё-усё, – нэрвуецца Чапай, досыць, валім адсюль. І мы выходзім з пакою, асьцярожна спускаемся ўніз, Чапай нешта мудруе з замком, нарэшце мы апынаемся на вуліцы, Чапай зачыняе за намі і мы вяртаемся дахаты – наперадзе я са скрыняй, за мной Сабака і ў канцы Чапай, ляпаючы кедамі па калюжынах.

2.55

– Зрывай сургучы! – кажа Чапай Сабаку.

– Што гэта? – Вася таксама прачынаецца і спалохана сочыць за намі з тапчана.

– Усё нармальна, – кажу, – ня бойся, – ты таксама ў долі.

– У якой долі? – баязьліва пытаецца Вася.

– Зараз убачыш, – кажу.

Сабака знаходзіць між зьмеевікамі шырокі кухонны нож і зразае пячаткі, павольна ўсё гэта размотвае і разгортвае, хутчэй, хутчэй! прысьпешвае Чапай, але Сабака робіць усё ўпэўнена і нясьпешна, адкрывае каробку і кажа – о, помнік! дастае адтуль бюст вышынёй недзе з паўмэтры і ставіць яго на табурэт.

– Што гэта? – не разумею я.

– Помнік, – кажа Сабака.

– Бюст, – папраўляе яго Чапай.

– Чый бюст? – пытаюся.

– Наш, – адказвае Чапай.

– Ты не зразумеў – хто гэта такі? – паказваю я на бюст.

Чапай задумліва працірае акуляры.

– Можа, гэта дырэктар? – гаворыць Сабака.

– Не, – кажа Чапай, – гэта не дырэктар. У дырэктара вусоў няма.

– А ён сабе для красы прырабіў.

– Усё адно не падобны, – кажа Чапай.

– Гэта нейкі марксыст, – мяркую я.

– Троцкі, – кажа Сабака. – Бачыш, нос які? Дакладна, Троцкі.

– Гэта ня Троцкі, – нэрвуецца Чапай. – У Троцкага барада. А ў гэтага барады няма.

– Гэта Троцкі ў Мэксыцы, – кажа Сабака.

– Гамбургскага пэрыяду, – дадаю я.

На Васю нават глядзець шкада.

– Ніякі гэта ня Троцкі, – бадзёрыцца Чапай, намагаючыся прыхаваць свой мандраж. – Гэта Молатаў. Член цк.