Выбрать главу

6.00

Таму мы ёй абавязкова затэлефанавалі б, калі было б адкуль, але выходзіць так, што найбліжэйшы тэлефон знаходзіцца на кпп, дзе нас чакаюць ахоўнікі зь ятаганамі й агнямётамі, з ручнымі гранатамі і супрацьпяхотнымі мінамі, дбайна закапанымі на завадскіх клюмбах, адным словам – я б туды не пайшоў, асабліва маючы пры сабе вусатага Молатава, лепш ужо іншым разам, як-небузь калі ўсё ўсталюецца, мы лепш забярэм усё, што нам трэба – гаворым мы між сабой і забіраем усё бухло і рэшткі травы, Вася нават нейкія брашуры бярэ з падваконьня – і мы вылазім праз плот. Я яшчэ кажу, можа, – кажу, – запіску Карбюратару пакінем, каб ведаў, дзе нас шукаць, але Вася скептычна кажа, што гэта будзе запіска не для Карбюратара, а для пракурора, таму, сапраўды – навошта нам лішні клопат, раз ужо так здарылася, то трэба з годнасьцю выйсьці з гэтай сытуацыі, па-іншаму і быць ня можа. Чапай працягвае пераварочвацца ў ложку вакол уласнай восі, так, нібы хтосьці яго ў сьне раскручвае, бы нейкі махавік, жадаючы запусьцісь нешта вельмі важнае для гэтага сьвету, але яно ўсё ніяк не запускаецца, круці гэтым махавіком, не круці, усё адно нічога не атрымаецца, толькі спакутаванае і хворае цела будзе балець, як аскепак, усаджаны д’ябальскімі артылерыстамі ў задніцу марксызму-ленінізму і пакінуты там на ўспамін яшчэ адной загубленай душы.

6.15

Мы праходзім ранішнім прыватным сэктарам, выходзім на тую самую плошчу перад цыркам, я цягну вусатага Молатава, Сабака цягне бухло, брагу мы, вядома, ня сцэджвалі, але свае, сумленна вырваныя ў дзядзі Робэрта тры каньякі, мы пакінулі пры сабе, а Вася ідзе проста так, яму найгорш, ва ўсякім разе ён так кажа, і ў нас няма падставаў, каб яму ня верыць. Нам тут толькі перабегчы праз мост, павярнуць да царквы, прапаўзьці некалькі кварталаў і выйсьці на плошчу, там яшчэ раз перабегчы вуліцу і заскочыць у пад’езд будынку зь вежай, і калі нам пашчасьціць і нас ніхто ня спыніць, жыцьцё пасьпяхова працягнецца яшчэ на некалькі гадзін, да абеду дык дакладна.

6.45

Маруся зноў пафарбавалася. У арыгінале яе валасы маюць, здаецца, чорны колер, мабыць чорны, гэта было б натуральна, усё-ткі яна з Каўказу, зараз яна пафарбаваная ў нешта цёмна-чырвонае і вельмі коратка пастрыжанае, на ёй чорны халацік, пад якім ужо нічога, акрамя самой Марусі, няма, яна вывальвае ўсё гэта на нас, нам і бяз гэтага дрэнна, а тут яшчэ такое, вы хто? пытаецца яна спачатку, потым пазнае-ткі Васю, мяне яна ніколі не пазнае, і гэта мяне ўжо нават ня крыўдзіць, а Сабака наагул ні на што не прэтэндуе, ну, – кажа, – што – прынесьлі? яна яшчэ сьпіць, проста стоячы пасярод калідору, стаіць і сьпіць, але пра нешта размаўляе з намі, дрэнна, праўда, размаўляе, але хоць нешта, добра што наагул нас пусьціла. прынесьлі? пытаецца яна зноў. што прынесьлі? не разумее яе Вася. Ну вы ж абяцалі – кажа Маруся, я напружваюся, нешта тут ня тое, можа, лепш адразу зваліць і не чакаць чарговых непрыемнасьцяў з боку генэралітэту, вы ж толькі што тэлефанавалі, – напаўсонна кажа Маруся, – я ж прасіла. Гэта ня мы тэлефанавалі, – кажа Вася, – ня вы? зьдзіўляецца яна, ня мы. а што табе трэба? пытаецца Вася. у нас усё ёсьць, можна мы ў цябе перасядзім? Маруся расчаравана паціскае плячыма, маўляў, сядзіце, мне якая розьніца, паварочваецца і зьнікае ў пакоі, а мы застаемся ў калідоры з нашым сябрам Молатавым, членам цк.