Выбрать главу

– Нешта ня радая яна нам, – кажа Сабака і ідзе на кухню.

– Яна нікому ня радая, – кажу я, ідучы за ім. – Чаго ёй радвацца.

– Ну, а чаго і б не радвацца, – гаворыць Сабака, разьліваючы каньяк па гліняных кубачках. – Калі б мне хто з ранку прынес тры пляшкі каньяку – я б радаваўся.

– Калі б мне, – кажу я, выпіваючы, – зранку прынесьлі бюст Молатава, я б яшчэ падумаў, ці радавацца.

– Трэба яе разбудзіць, – кажа Сабака, наліваючы па новай. – А то неяк непрыгожа – прыйшлі, сядзім, бухаем.

– Сапраўды – непрыгожа, – кажу. – Але лепш не будзіць. Лепш самім паспаць. Я, – кажу, – ужо другую ноч паспаць нармальна не магу. Спачатку мусарня, потым гэты марксыст у кедах. Спаць хачу. Пайшлі спаць.

– Спаць? – пытаецца Сабака. – Ведаеш, я зараз у такім стане, што проста баюся спаць.

– Чаму баішся? – пытаюся.

– Я баюся, што засну і проста не дадумаюся прачнуцца, разумееш?

Сабака налівае па новай, але я ўжо адмаўляюся, усё, кажу, досыць, пайшлі спаць, Сабака незадаволена падымаецца, мы знаходзім у адным з пакояў на канапе Васю, які захутаўся ў нейкую коўдру і пасьпяхова сабе сьпіць, і нам не застаецца нічога іншага, як ісьці шукаць нейкі іншы ложак ці канапу, ну хоць што-небудзь, мы заходзім у іншы пакой і бачым там пасярод вялікага, добра знаёмага нам ложка, Марусю, ужо нават без халаціка, якая запхала галаву пад падушку і так сьпіць і на нас асаблівай увагі не зьвяртае, дзіўная бясконцая ноч, што перацякае ў такі самы ранак, нашы сябры распаўзаюцца па кутках і зь імі губляецца ўся сувязь, яны нібы паміраюць штодня а 7 раніцы, выглядае ўсё гэта ва ўсякім разе менавіта так, калі ня больш страшна, усё – я сплю, – кажу я Сабаку, ён падыходзіць да ложка, пасунься, – кажа Марусі, і адсоўвае яе на край ложка, можаш спаць, – кажа мне, не, кажу, давай ты да яе, чаму я? пытаецца Сабака, а чаму я? кажу, ты ж спаць хочаш, а я, – кажа, – яе баюся. Я пазяхаю і згаджаюся, але ўсё-ткі кладу паміж сабой і Марусяй Молатава, так – на ўсякі выпадак.

9.57

– О, чорт! – крычыць яна. – Гэта яшчэ што такое?!

Я прачынаюся і напалохана гляджу навокал. Побач са мной на ложку сядзіць Маруся, зусім безь нічога, прыкрываецца падушкай і напалохана глядзіць на мяне.

– Чорт! – крычыць яна. – О, чорт! Гэта што такое?

– Не крычы, – я спарабую супакоіць яе. – Чаго ты крычыш?

– Гэта яшчэ што такое? – паказвае яна на бюст адной рукой, другой прытрымліваючы падушку. Сабака таксама прачнуўся і адбег да дзьвярэй. Здаецца, Маруся яго напужала.

– Гэта бюст, – адказваю. – Не крычы.

– Чорт!

– Ну, што ты? – кажу я напалохана. – Бюст. Усяго толькі бюст. Гэта мы прынесьлі.

– Навошта? – зь недаверам пытаецца Маруся.

– Ну, проста так, – кажу. – Думалі, можа, табе патрэбны.

– Мне не патрэбны, – нэрвова кажа яна.

– Добра, зараз мы яго забярэм.

– А як вы сюды трапілі? – пытаецца Маруся.

– Ты ж нас сама пусьціла, – кажу я разгублена.

– Навошта?

– Ня ведаю, – кажу. – Мы прыйшлі, ты пусьціла.

– Вы прынесьлі? – пытаецца Маруся, пэўна, нешта прыгадваючы.

– Што? – не разумею я.

– Ну, што-небудзь.

– Вось, – кажу я, – Молатава прынесьлі.

– Якога Молатава? – не разумее яна.

– Члена цк.

– Дзе ён? – не разумее Маруся.

– Ну, вось, – паказваю я на Молатава.

Маруся намагаецца хоць нешта зразумець. Потым дастае аднекуль цыгарэту з запальнічкай і пачынае паліць, нэрвова ўсё абдумваючы.

– Даўно вы тут? – пытаецца.

– Ня вельмі, – адказваю. – Гадзіны дзьве-тры.

– Ясна, – кажа яна.

Мы сядзім зь ёй на яе ложку і моўчкі глядзім адно на аднаго. Яна сымпатычная, п’е замнога, але ўсё адно сымпатычная. Асабліва з падушкай.

– Хочаш папаліць? – пытаюся.

Яна падымае цыгарэту і паказвае мне – маўляў, я ж палю.

– Мы прынесьлі, – кажу.

– Прынесьлі? – яна вокамгненна прачынаецца. Здаецца, гэта быў пароль, ва ўсякім разе – правільная камбінацыя словаў, якая ўсё прыводзіць у дзеяньне. Мне аж самому спадабалася, таму я паўтарыў:

– Так, – кажу, – мы прынесьлі.

– Чорт, – кажа Маруся, і, баязьліва азіраючыся на Молатава, кладзе падушку на месца.

10.15

Зранку на такія рэчы лепш наагул не глядзець, або, калі ўжо глядзіш, то хіба што скрозь пальцы. Мы так і робім, і, пакуль яна ходзіць па пакоі і зьбірае свае трусікі і шкарпэткі, нацягвае свае фірмовыя джынсы, апранае розныя мэдальёны і бранзалеткі, мы ідзем сабе на балкон і чакаем яе там. Яна выходзць на балкон зь вялікай чорнай люлькай, і далей мы ўжо проста стаім сабе на балконе і амаль ні пра што не размаўляем, так хіба што – глядзім на ранішнія залеўныя нябёсы, на пусты суботні муніцыпалітэт, ва ўсім гэтым столькі паветра і вільгаці, нібыта мы раптам апынуліся ў чыіхсьці лёгкіх, напрыклад – у лёгкіх старой камбалы, што наглыталася ледзяных арктычных хваляў і цяпер ляжыць сабе на дне акіяну, моўчкі пакутваючы ад перадозу.