– Нічога, – разгубленаа кажа Какава. – Проста так.
– Проста так, – кажу я незадаволена.
– Ладна, – гаворыць Вася, – а ў вас тут пераседзець да вечара можна? Ці вы зараз трахацца пачнеце?
– Я запытаю ў Гошы, – сарамліва кажа Какава.
– Пра што? – не разумее Вася, але Какава ўжо выбягае з кухні.
– Вось мудак, – незадаволена кажа яму ўсьлед Сабака.
16.15
– Гоша сказаў, можаце сядзець, – радасна забягае на кухню Какава. – Толькі ў туалеце акуратней.
– Ты чуў, Сабака? – гаворыць Вася. – У туалеце акуратней. Усё тое самае, толькі акуратней.
– Сядайце, – кажа Какава, узмахваючы крысамі свайго халату. – Гарбату будзеце?
– А водка ёсьць?
– Не, водкі няма. Гоша ня п’е.
– Ага, ня п’е, – кажа Сабака. – А каньяк забраў.
– У нас жа, – кажу, – яшчэ пляшка заставалася.
– Я не хачу каньяку, – кажа Вася. – У мяне пякотка ад яго. Давай, – прапаноўвае ён Сабаку, – ты зматаеш, водкі купіш. У мяне яшчэ, здаецца, бабкі засталіся.
Вася дастае з кішэні рэшткі сваёй выручкі і аддае іх Сабаку. Какава зачыняе за ім дзьверы, назад трапіш? пытаецца на парозе, без пантоў, кажа яму Сабака і зьнікае. А мы застаемся яго чакаць.
16.30 – 18.00
– Можа, ён памёр?
– Можа, і памёр, – кажа Вася. – А можа, проста зьліняў з маімі бабкамі.
– Перастань, – кажу я. – Ты што – Сабаку ня ведаеш? Ён не зьліняе.
– Значыць – памёр, – кажа Вася.
– Я пайду, – нясьмела кажа Какава, ён тут з намі таксама сядзіць паўтары гадзіны, сумуе, але ісьці не ідзе, усё ж не вытрымлівае і гаворыць – я пайду.
– Куды ты пойдзеш? – пытаюся.
– Ну, – паказвае Какава рукой у калідор. – Туды. А вы тут сядзіце сабе. Можаце гарбаты запарыць. Калі што – паклічаце мяне.
– Давай, валі, – кажа яму ўсьлед Вася. – Слухай, – кажа ён мне, – як ён сюды трапіў?
– Ня ведаю, – кажу. – А мы як сюды трапілі? Бачыш, што ў сьвеце дзеецца?
– Дзе ж Сабака? – толькі і перапытвае Вася.
18.00 – 18.15
18.15 – 18.45
18.45 – 19.10
– Можа, яго задавіла чым-небудзь?
– Можа. Трамваем. Альбо токам.
– Якім токам?
– Электрычным.
– Лепш няхай ужо трамваем.
19.30
– У мяне яшчэ, здаецца, трава засталася.
– Што ж ты маўчыш?
– Забыўся, – кажа Вася і сапраўды знаходзіць у джынсах рэшткі травы. Усё, бабкі скончыліся, трава сканчаецца, колазварот вады ў прыродзе, інакш ня скажаш. – Колазварот вады ў прыродзе, – кажа мне Вася і забівае папяросу.
19.30 – 21.30
Нават узгадаць няма чаго. Сядзім, маўчым, на нечым засяроджваемся і раптам заўважаем усе гэтыя рэчы навокал сябе, разумееце, старую кухню, скажам, нехта тут, мабыць, жыў і да гэтага, мне такія рэчы заўжды ўстаўлялі – проста тыя месцы, дзе я жыў, як правіла, былі не на шмат старэйшыя за мяне, іх маглі будаваць на маіх вачах, а тут нейкая мэбля, гара бруднага посуду, ён жыве, як скаціна, зусім не прыбірае за сабой, калі б ён быў маніякам, яго б вылічылі па рэштках трупаў у ягоных рондалях на кухні, я вось думаю – чаму такое памяшканьне не далі мне, я б трымаў яго ў чысьціні і цішыні, не пускаў бы сюды ніякіх дэбілаў, і сам бы сюды не прыходзіў для чысьціні экспэрыменту, зачыніў бы дзьверы, запламбаваў бы замок, і пайшлі ўсе ў задніцу – асобна ўзятая кватэра ўзорнага побыту, калі я стану паўналетнім прадстаўніком гэтага дзёўбанага грамадства, я пачну скупаць нерухомасьць, рамантаваць яе, прыводзіць у людскі выгляд і запламбоўваць, парадак павінен быць унутраным, не наўмысным, кватэры, як ныркі – іх трэба ачышчаць ад рознага гаўна, інакш ня будзеш пасьпяваць прыбіраць трупы, у яго пахне кавай і кетчупам, салодкі пах кетчупу, пах нармальнага жыцьця і рэгулярнага харчаваньня, цярпець не магу, кетчуп зацякае мне пад скуру, я нюхаю свае пазногці – яны пахнуць кетчупам – кетчупам і распушчальнай кавай, мёдам і кетчупам, усе гэтыя слоікі і кухлікі, вялікія талеркі, перамазаныя яечняй і відэльцы з засохлым чакалядам – усё гэта пахне кетчупам, мяне пачынае нудзіць, і я кажу Васю пайшлі адсюль, куды? гаворыць ён, куды мы пойдзем? вечар на дварэ, нам яшчэ рана, нам трэба перачакаць тут, а потым паедзем ужо, давай перачакаем у гэтага підара, кетчуп, –кажу я, што? ня чуе Вася, кетчуп – крычу яму я, і ён ківае галавой, нібы хоча сказаць ага, кетчуп-кетчуп, а як жа – кетчуп, пайшлі ў іншы пакой, кажу я, тут шмат посуду, ён ня ўпіраецца і мы выходзім у калідор і трапляем у вітальню, вітальня ў яго таксама заваленая розным антыкварым гаўном, чорт, мяне гэта заўжды раздражняе, у сэнсе, калі я бачу, што да мяне, выяўляецца, таксама нехта жыў, і, у адрозьненьні ад мяне, жыў сапраўдным жыцьцём, еў сьняданкі, займаўся сэксам, можа нават любіў кагосьці, хадзіў на рынкі і ў крамы, купляў ня тое, што мог, а тое, што хацеў, кетчуп, у яго была праца, былі стасункі з рознымі людзьмі, ён апранаў тое, што яму падабалася, езьдзіў адпачываць, у яго быў сапраўдны адпачынак, езьдзіў на пікнікі, умеў гатаваць, смачна гатаваў розныя штукі і нават ня еў іх, кетчуп, кетчуп, калі хварэў, лячыўся ня толькі гарэлкай, а меў нейкія лекі, дамашнюю аптэчку, знаёмых дактароў, у абедзены перапынак мог зайсьці ў рэстаран, прычым не за тым, каб выпіць, а каб перакусіць, меў улюбёныя стравы, улюбёныя, бля, спэцыі, кетчуп, кетчуп, кетчуп, а дзе ў гэты час быў я? чаму тут не было мяне, сярод усіх іхных шафаў і канапаў, палітых кетчупам і цытрынавым сокам, чаму мяне ніхто не ўсынавіў, скажам тады, калі я па некалькі сутак жыў на аўтавакзале і спаў на драўляных крэслах, або калі я некалькі дзён харчаваўся кіпенем, зрэшты, чаму мяне цяпер ніхто не ўсынаўляе, чаму мяне гэты підар усынавіць ня можа? я быў бы сынам підарскага палка, мне ўжо 19, я ўжо дастаткова самастойны, я не патрабую пастаяннай увагі, мне ня трэба мяняць пялюшкі і мяне ня трэба карміць кашай – так, нейкі мінімальны харч, цёплая вада, туалетная папера, парнафільмы на відэа, цёлкі на кухні, канапля на балконе, але нават гэта не галоўнае, галоўнае, каб бацькоўская ўвага была, нармальная і пастаянная бацькоўская ўвага, сапраўдная бацькоўская ўвага, як па тэлевізары.