Я ведаю, што ўсё залежала толькі ад яго, і мне, калі і даводзілася адчуваць побач з сабой нечую прысутнасьць, то менавіта ягоную, хоць мне асабіста куды больш была патрэбная чыясьці іншая прысутнасьць, асабіста мне было б важна адчуваць, што побач са мной, у паветры навокал мяне, знаходзіцца ня толькі гэты сучы шатан, а нехта больш прыхільны да мяне, ну, але ўсё склалася менавіта так, толькі так і не інакш, і менавіта праз гэта мне ня сорамна ні за адзін з маіх учынкаў, хоць там і ўчынкаў як такіх не было, было прасоўваньне праз шчыльнае і цьвёрдае паветра, намаганьне праціснуцца скрозь яго, праціснуцца яшчэ трошкі, шчэ на некалькі мілімэтраў, безь ніякай мэты, безь ніякага жаданьня, безь ніякага сумневу, безь ніякай надзеі на посьпех.
12.30
«Хімік», кажа мне нейкі мясцовы старажыл, партызан-падпольнік, што сядзіць на суседняй лаве, і я выходжу. Вакзалу як такога тут няма, проста пасярод лесу стаяць два павільёны – на адным напісана «Хімік», на іншым – «КАФЭ ХІМІК», трэба было напісаць «Нэскафэ хімік», думаю я і накіроўваюся да другога павільёна. У кавярні, каля высокага століку, стаіць не хто іншы, як мой сябра Карбюратар уласнай пэрсонай, амаль такі, якім я яго памятаю – у нейкіх кароткіх підарастычных шортах, у футболцы, з задумлівым мангола-татарскім тварам. Толькі ўвесь нейкі абгарэлы і кімсьці пакусаны, у прынцыпе, тут паўсюль лес, розныя маскіты, тарантулы, наагул ня ведаю – якім хімікам трэба быць, каб адправіць сюды на адпачынак сваё дзіцё, гэта ж катарга нейкая.
Карбюратар заўважае мяне, замірае на нейкі момант, а потым ягоны твар расплываецца ў шырокай хашымінаўскай усьмешцы.
– А, прыехаў, – гаворыць Карбюратар.
– Прыехаў, прыехаў.
– Ну, добра, што прыехаў, – гаворыць Карбюратар.
– А што гэта ты, Карбюратар, такі вясёлы? – трохі нэрвова кажу я, але неяк стрымліваюся, кажу сам сабе – ты што, маўляў, ты што, навошта так рэзка? – Як справы, Карбюратар? – пытаюся вясёлым голасам. Во мудак, думаю пра сябе, як у яго могуць быць справы – па-першае, у ягонага айчыма адна нага, а, па-другое, ён ужо застрэліўся.
– Ды нармальна справы, – адказвае Карбюратар і адпівае са шклянкі нейкі сьмярдзючы кампот. – А ты як даведаўся?
Оба-на, думаю, ён ужо ўсё ведае.
– Ну, – кажу, – мне твой дзядзька Робэрт сказаў.
– Сур’ёзна? – Карбюратар кусае нейкі засушаны коржык. – Цікава, а ён адкуль ведае? Ён жа мяне ніколі з гэтым не вітаў.
– З чым не вітаў? – пытаюся.
– Ну, з народзінамі, канешне.
– З чыімі народзінамі? – не разумею я.
– З маімі, канешне, – задаволена давіцца коржыкам Карбюратар.
– А, – кажу я, падумаўшы. – Ну, так, ясна.