— А гэта ўжо для мяне навіна, — зазначыла яна. — Раней ты любіў пабыць адзін.
— То раней. Ну як твае справы?
— Усё тое ж .. Ведаеш, чым я займалася ўвесь дзень? Сядзела ў бібліятэцы і праглядвала публікацыі аб крымінальніках. Спадзявалася, што натраплю на матэрыял, які б можна было ўзяць за аснову аповесці. Ды дзе там...
"Д’ябальская вытрымка, — жахнуўся ён — Гэта не жанчына. Гэта пачвара — жорсткая, пажадлівая, бессаромная. Як я мог падманвацца, бачыць у ёй чыстую, бездакорную душу, лічыць яе за самую святасць?"
I разам з тым адчуваў, як мацнее ў ім, робіцца ўсё вастрэйшай хваравітая асалода ад яе маны, ад яе няведання, што яна даўно ўжо ў пастцы і што дзверцы зачыніліся намёртва, што ёй ніколі не выбрацца на волю.
I ён піў гэтую асалоду дзень за днём, тыдзень за тыднем.
Асабліва пранізлівай была яна па начах, у час іх любоўных вакханалій. У ложку ён даводзіў Рэгіну да апантанасці, да бессаромнай пажадлівасці, да сладастрасных стогнаў і ўсхліпаў, праз якія прарывалася раз-пораз:“Любы... Любы...” У такія імгненні ён бачыў перад сабой твар смуглявага — разгублены, няшчасны твар мужчыны, якога пакідае каханка. I, яшчэ больш распальваючы Рэгіну і сябе, слухаючы яе поўныя салодкага тамлення стагнанні, ён смяяўся ў гэты ненавісны смуглявы твар, смяяўся бязлітасна, пераможна, здзекліва.
Ён дзівіўся сваёй невядома адкуль узятай юрлівасці, д'ябальскай асалодзе, якую адчуваўад гэтай д'ябальскай гульні. Але часта, прачнуўшыся сярод ночы пасля чарговай оргіі, ён ледзь стрымліваў крык невыноснай роспачы ад жудаснага ўсведамлення, што ён на мяжы вар'яцтва, а можа ўжо і вар'ят.
Аднак думка пра хваробу сваёй душы з’яўлялася рэдка, і ён адразу ж заганяў яе ў глыбіні свядомасці, а сваю вытанчаную помету тлумачыў жаданнем пазбавіцца ад той любові да Рэгіны, якая яшчэ жыла ў ім, таміла сэрца, не давала спакою душы. Але ж, нягледзячы на ўсе намаганні, гэтая любоў мацнела з кожным днём. I яму яшчэ і яшчэ трэба было бачыць пацвярджэнне яе нікчэмнасці, разбэшчанасці і сапсаванасці.
Так, для гэтай жанчыны не было нічога святога. Яна здраджвала адначасова і мужу, і палюбоўніку. Для яе нічога не існавала, апроч юру, сладастраснасці.
Але аднойчы, у момант найвышэйшага экстазу, яна штосілы абвіла яго шыю рукамі, прыціснулася да яго шчакі сваёй гарачай шчакой, сутаргава выдыхнула.
— Казімір... Любы...
Ён адхіснуўся ад яе, доўга ляжаў побач, як паралізаваны, няздольны нават паварушыцца. Страшнае адкрыццё аглушыла яго... яна не здраджвала Казіміру —так, аказваецца, звалі палюбоўніка. I аддавала яна сябе не яму, Альберту, а таму, смугляваму. I яе надзвычайную страснасць можна тлумачыць толькі тым, што на месцы яго, Альберта, яна ўяўляла палюбоўніка.
I зноў перад вачамі паўстаў смуглявы прыгожы твар, але ўжо не разгублены і няўцешны, а самаўпэўнены, з пераможна-пагардлівай усмешкай на губах.
— Я прайграў, — прашаптаў ён, і тужлівая сцюдзёнасць палілася ў яго грудзі, змярцвіла ўсё цела. Так. Ён маніў сабе. Зусім не дзеля таго, каб выкінуць яе з душы, вёў ён гэтую гульню. Ён змагаўся за яе, ён хацеў адабраць яе ў ненавіснага суперніка, хацеў вярнуць да сябе мінулае.
Наіўны...
Пачуццё невыноснай адзіноты, адрынутасці пранізала яго, і ён ледзь стрымліваўся, каб не ўскочыць на ногі, нават не апранаючыся, кінуцца ў гараж, сесці ў машыну і, разагнаўшы яе, на шалёнай хуткасці ўрэзацца ў сцяну дома ці ў слуп і адным разам суняць нясцерпны боль у душы. I што стрымлівала яго, - яго, каму ўжо не было чаго рабіць на гэтай зямлі?
3-пад ног у іх раптам вылецела, шумна трапечучы крыламі, вялікая шэрая птушка, але Рэгіна нават не здрыганулася. Твар яе быў спахмурнелы і засяроджаны.
— Ну як, больш-менш? — спытаў Альберт, пільна ўзіраючыся ў жончын твар. — Толькі прашу, без суцяшальнай маны.
Яна кіўнула:
— Больш-менш. Працягвай.
— Табе сапраўды цікава?
— Сапраўды
— Я рады. Вось толькі хацеў бы ведаць, што ўсё ж такі на самай справе прымушала яе быць і палюбоўніцай, і жонкай? Як растлумачыць тое, што яна так апантана кідалася ўслед за мужам у бессаромную слодыч любоўных оргій?
— Ты вольны сам даць таму тлумачэнне. Ты аўтар, ты гаспадар.
— Каб жа так. Ты сама выдатна ведаеш, што гаспадаром тут з’яўляецца толькі ісціна. Калі грашыць супраць яе — твора не атрымаецца. А хто ведае псіхалогію жанчыны лепш, чым сама жанчына? Апроч таго — ты празаік, і не абы-які.
— I што з таго? Прычын можа быць безліч, і кожнай можна было б даць псіхалагічнае абгрунтаванне.