Выбрать главу

— I ўсё ж?

— Ну, хаця б тое, што яна адчувала сябе раздвоенай... любоў да Казіміра і ўсведамленне сваёй віны перад мужам.

Альберт у сумненні пакруціў галавой.

— У гэта цяжка паверыць. Любоў самае эгаістычнае, што ёсць у чалавеку.

— Магчыма. Але розныя бываюць душы.

— А ці нельга растлумачыць гэта самай што ні ёсць эратычнай пажадлівасцю? Жанчыны, якім за трыццаць з нечым, якраз і адметныя гэтымі, калі так можна сказаць, якасцямі.

— Я не думала, што ты такі вульгарны.

— Але ж мне патрэбна ісціна. Чаму яна адразу не сказала мужу ўсё, чаму не папрасіла разводу?

— Зноў-такі, тут знойдзецца безліч прычын. Адна з іх — Казімір не хацеў яе разводу.

— Але ж ён халасты, даволі забяспечаны. I любіць яе.

— Гэтага я не ведала.

— Я проста забыўся пра гэта сказаць.

— Тады тут толькі адзінае тлумачэнне - ён быў перакананы, што не здольны зрабіць яе шчаслівай.

— Што ж ім яшчэ трэба для шчасця?

— Магчыма, ён быў хворы на нейкую невылечную хваробу, ці нешта такое.

— Што ж, можа быць... — Альберт у задуменні ссунуў бровы. — Але давай вернемся да сюжэта.

— Даўно пара. Па праўдзе, я з нецярпеннем чакаю, чым скончыцца гэтая калізія.

— На жаль, я сам гэтага не ведаю. Але спадзяюся, разам мы знойдзем адзіны існы фінал. Значыць, наш няшчасны герой згубіў усякую ахвоту жыць, і думка пра смерць была для яго як прахалода. Але другая — што можа яны толькі і чакаюць яго смерці і будуць радавацца ёй — была нясцерпнай пакутай. Так, яна паплача над ім, паходзіць у жалобе і зноў кінецца ў абдымкі таго, хто разбіў іхняе ціхае, нібыта такое трывалае шчасце.

I разам зтым яшчэ цеплілася надзея, што сувязь Рэгіны з Казімірам трымаецца не на каханні: магчыма, гэта проста яе часовае захапленне, ці можа, ён быў гатовы дапусціць і гэта, у яе памуціўся розум. Патрэбен час, каб яна пераканалася ў гэтым. I ён цярпліва чакаў. Але ішоў час, і нічога не мянялася. I разам з тым, як ні дзіўна, адчуванне, што Рэгіна не кахае смуглявага, не знікала, наадварот, мацнела, перарастала ў перакананасць. Ён нават падвёў пад гэта выснову: палюбоўнік пры дапамозе нейкіх чараў ці напояў прываражыў яе.

— Наіўна, смешна і нелагічна, — перабіла яго яна. — Ён жа разумны чалавек. Пры чым тут чары, ведзьмаванне?

Альберт усміхнуўся задуменнай усмешкай, пакруціў галавой

— Ну не. Спасылкі на розум, інтэлект тут не праходзяць. Дзе каханне — там няма логікі. Здаецца, пра гэта мы ўжо гаварылі.

— I ўсё ж такі...

— I ўсё ж такі... Альберт штодзень пераконваў сябе, што Рэгіна яму не здраджвае, што яна ахвяра, ахвяра нейкіх шальмаванняў, нейкага псіхічнага ўздзеяння. I трэба моцны стрэс, крытычная сітуацыя, каб прасвятліць яе розум, адкрыць ёй вочы, каб яна ўбачыла, куды яна зайшла.

— А калі акажацца, што Альберт памыляўся, калі каханне яе не самападман, не нейкае ачмурэнне, а самае што ні ёсць сапраўднае, — моцнае і вечнае?

— Для такога выпадку ён нешта падрыхтаваў

— Што менавіта?

— Не спяшайся. Усяму свой час.

— Але я хачу ведаць гэта зараз.

— Не думаў, што ты такая нецярплівая. Але, як мне ні шкада, табе давядзецца патрываць, дачакацца, куды завядзе герояў існы ход падзей.

— Што ж... — Яна пакрыўджана падцяла вусны.

Ён быццам не заўважаў яе крыўды.

— План Альберта быў надзіва просты і геніяльны. Пры яго здзяйсненні расстаўляліся ўсе кропкі над «і». I кожнаму з траіх адмервалася адпаведнай мерай, адмервалася без махлярства, без прадузятасці. Кожны з траіх атрымліваў тое, што яму вызначыў Лёс.

I, набіраючы нумар тэлефона, Альберт падумаў, што сам Лёс і падказаў яму гэты план, каб здзейсніць над імі траімі наканаванае.

— Чым абавязаны?

Голас у трубцы быў уладарна-ўпэўнены і крыху незадаволены.

— Як здароўе, Эдвін?

Нейкі час цягнулася маўчанне, потым ужо непадробна-радасны голас азваўся:

— Альберт? Не магу паверыць...

— Ты не памыліўся.

— Рады чуць цябе. I яшчэ больш буду рады, калі змагу нешта зрабіць...

— Дзеля таго і турбую.

— Я шчаслівы. Што за праблема?

На душы Эдвіна ляжала шмат грахоў, але ў тым, за які яму свяціла вышка, ён быў невінаваты. Шанцаў даказаць сваю невінаватасць у яго не было. Ніхто не сумняваўся, што яму не пазбегнуць смяротнага прысуду, і ніводзін прэстыжны адвакат не браўся за гэту справу. Альберт узяўся і здолеў даказаць яго стопрацэнтнае алібі.

"За мною доўг, — вызвалены пасля суда з-пад аховы, сказаў яму Эдвін. — Калі што спатрэбіцца ад мяне — зраблю ўсё. Усё, што скажаш. Чаго б гэта мне ні каштавала..."

— Трэба сустрэцца, — сказаў у слухаўку Альберт.

— Дзе і калі? — быццам і чакаў гэтага, спытаў Эдвін.