Выбрать главу

— Сааўтарства мне непатрэбна, — пасміхнуўся Альберт. — Калі што, можаш узяць у гэтай якасці майго кліента.

— Чакай, — схапілася яна, — ты ж, пэўна, галодны. Зараз я накрыю на стол і ты раскажаш за абедам.

— Я паабедаў у кавярні з сябрамі. У нас была размова. Ды і сюжэт... я не хачу яго проста пераказваць. Душой адчуваю — нічога з таго не выйдзе, усё скамечыцца, зблытаецца, атрымаецца шэра і посна.

— Як ведаеш, — паціснула яна плячы­ма. — Што тады прапануеш?

Ён нічога не адказаў, падышоў да акна, са сцішанай задуменнасцю нейкі час глядзеў на жаўтаватыя дрэвы ў скверы, насупраць іх дома, на блакітнае, з лёгкай самотай, неба, на якім дзе-нідзе дыміліся празрыстыя, лёгкія аблачынкі.

— Сёння цудоўнае надвор'е, — прамовіў ён, не адыходзячы ад акна. — Поўная гармонія ў прыродзе. Рэдкае суладдзе нябёсаў і зямлі. I нашых грэшных душаў.

Ён павярнуў галаву і, сустрэўшы яе недаўменны позірк, паўтарыў:

— Так-так — і нашых грэшных душаў

I зноў нейкі час глядзеў у акно, потым глыбока ўздыхнуў, пакруціў галавой.

— "В багрец и золото одетые леса”. Што ні кажы, а генія распазнаеш з аднаго радка. Я адразу ж уяўляю бярозавы гай за горадам, дзе мы так любілі гуляць да жаніцьбы. Колькі цяпер там гэтай залатой лістоты... Памятаеш, яшчэ доўга, пасля таго як мы пажаніліся, я называў яго “нашым гаем”. Я запалоніў яго ў сабе, быццам ён належыць толькі нам і нікому болей. Ён і самае чыстае, самае светлае, што было і ёсць між табою і мной, непадзельна.

Яна здзіўлена глядзела на мужа, уражаная яго незвычайнай гаварлівасцю і чуллівасцю. Раней яна ніколі не заўважала ў ім ні ўзнёсласці, ні смутку. Упэўненасць і ўзорны кантроль над сабою — гэта быў існы Альберт. А сённяшнія яго паводзіны можна параўнаць хіба з тунгускім метэарытам: сюжэт, сентыментальныя маналогі, уздыхі.

“Што з ім? Ад чаго?”

— У мяне прапанова — паедзем туды. Зараз жа. Там так цудоўна.

Яна ўразілася яшчэ болей. Халадок незразумелага, беспадстаўнага страху казытнуў яе душу, які яна адразу ж і раскадзіравала неспакоем за яго псіхічны стан. Відаць, у яго сёння быў надзвычай цяжкі працэс, які стаміў яго, спустошыў душу да немагчымага, узвінціў нервы. Аднак усё адно гэтая паездка ў мінулае, як яна азначыла прапанову мужа, выклікала ў яе нутраны пратэст і прадчуванне нейкіх вельмі істотных і шпаркіх пераменаў.

— А сюжэт? — гэта ў першаю чаргу была спроба супрацьдзейнічаць яго прапанове.

— А ён мае да гэтай паездкі самае непасрэднае дачыненне Ну дык што?

Па напружаным твары мужа яна бачыла, як баіцца ён адмовы.

— Калі так — я згодна.

Твар Альберта адразу праясніўся.

— Я нават не спадзяваўся, — усміхнуўся ён. — I абяцаю — ты не пашкадуеш. Гэта будзе незвычайная паездка, вельмі незвычайная.

— Толькі нам трэба пераапрануцца.

— Навошта?

— Не ехаць жа мне прыбранай, як на шлюб? I ты...

— У гэтай сукні ты чароўная. А мне таксама хочацца падабацца табе. Як тады, у дзень шлюбу.

Ён дзівіў яе ўсё болей. Нібыта наўмыснай маскай здаваўся яго ранейшы, непранікнёна-спакойны, строгі твар. Нейкая дзіцячая адкрытасць і даверлівасць была зараз у яго ўсмешцы, у яго вачах.

— Падабацца? 3 якой гэта нагоды?

— Бо вельмі люблю цябе.

Кепік, які гатовы быў вырвацца, застыў у яе на вуснах. Ніколі, можа толькі ў тыя, перадвясельныя часы і першыя месяцы пасля вяселля, ён так адкрыта не гаварыў пра сваё каханне. Мо хвіліну яна не зводзіла з яго ўражаных вачэй, потым, як бы пазбаўляючыся ад недарэчнай, неверагоднай думкі, паволі пакруціла галавой.

— Нешта тут не тое.

Ён усміхнуўся, але ўсмешка была штучная. Пэўна, ён і чакаў з яе боку шчырага водгуку на сваё пачуццё.

Яна паспяшалася апраўдацца.

— Проста не звыкла чуць ад цябе такое Ты так даўно не гаварыў пра гэта.