— Хіба сама ты таго не адчувала, не ведала?
— Адчувала, ведала. Але заўсёды хочацца чуць пацвярджэнне.
— Калі часта гавораць пра пачуцці, то гэта прыкідванне.
— Усё адно.
— Вінаваты. Паспрабую выправіцца.
— Паедзем на машыне?
— Возьмем таксі. А назад — аўтобусам. Лічы, што мы едзем на наша спатканне. Як пятнаццаць гадоў таму.
— У такім разе мне давядзецца навесці поўны касметычны марафет. Гэта зойме процьму часу.
— Куды спяшацца?
— Ну што ты маўчыш наконт сюжэта?— спытала яна, калі таксі, мінуўшы апошні святлафор, выехала на шырокую, выструненую аўгастраду. — Я слухаю.
— А ўсё ж такі цікава? — крыху блазнавата ўсміхаючыся, паглядзеў ён на Рэгіну
— Цікава, - не стала адмаўляцца яна. - Чаму б і не?
— Прызнайся — у душы ты лічыш мяне за сцебанутага... на што пасягае судовы кручок! А між тым жыве і спадзеўка: “А раптам”... Бывае, і чапяла страляе
— Не бывае, — нахмурылася яна. Было адчуванне, што яе злавілі на нейкім крадзяжы. — Ва ўсякім разе, не той выпадак. Урэшце, можаш і не расказваць. Ды толькі куды падзенешся — не ўтрываеш.
— Твая праўда, — ён весела засмяяўся. — Тым болей што сюжэт выдатны. На мой погляд, вядома. I што каштоўнае — выхаплены з жыцця, як бульбіна з прыску — гарачы, духмяны. Адна бяда — не ведаю, з чаго пачаць. Я чытаў пра аднаго пісьменніка, дык самае цяжкае для яго быў пачатак. Ён тыдні пакутаваў над першай старонкай, затое, адолеўшы пачатак, мог за месяц - другі напісаць цэлы раман. Вось і ў мяне — не ведаю з чаго пачаць.
— Пачні проста, жылі-былі...
— Геніяльна! Да чаго проста! Значыць так — жылі-былі муж і жонка. А далей?.. Не, усё-такі я не той пісьменнік... наогул, не пісьменнік. А як быць з дэталямі, з апісаннямі — хто яны, адкуль, знешнасць, узрост, чым займаюцца. Адразу завіруха ў галаве. Так уяўляю ўсё да дробязяў, усё ў аповесці раскладзена як на палічках, а выказаць і не магу.
— Няўжо цяжка ў двух словах сказаць што да чаго. Астатняе — мая справа. Калі сапраўды нешта вартае...
— Вартае-вартае... Але я ўжо казаў — просты пераказ усё сапсуе, скамечыць і ты не зможаш як след ацаніць усёй вартасці сюжэта. Шкада, што Бог не даў мне таленту. Можа, толькі цяпер я паверыў шчыра ў творчыя пакуты. Прабач, але раней мне гэта здавалася крыўляннем.
Яна прамаўчала.
— Аднак якое выйсце? — ён задуменна пакусваў вусны, моршчыў лоб. Потым вочы яго гарэзна заблішчэлі, загадкавая ўсмешка кранула вусны.
— Мне здаецца, што ты даўно ведаеш, якое, — крыху незадаволена прамовіла яна, — навошта манернічанне?
Ён засмяяўся.
— Твая праўда. 3 вашым братам, літаратарам, у жмуркі не пагуляеш. Прасвечваеце, што рэнтген. Сапраўды крыху крыўляюся. Толькі зноў-такі — ад хвалявання. А выйсце наступнае: проста мы возьмем ды разыграем гэты сюжэт. Ад пачатку да канца.
— Як гэта? Не разумею.
— Натуральна, як у кіно, у тэатры. Кажуць, цяпер нават у модзе такія спектаклі, дзе выканаўцы ў асноўным не ведаюць, што яны акторы. Адзін ці два ведаюць, ствараюць пэўную сітуацыю, астатнія не здагадваюцца, што сітуацыя створана штучна, што за імі назірае нябачная публіка, і паводзяць сябе не як на сцэне, а як у жыцці. Тут у чым каштоўнасць — няма падробкі, чалавек выяўляецца такім, як ёсць, ва ўсёй сваёй аголенасці. Нешта падобнае прапаную і я.
— А публіка?
— Нашто яна? У нас іншая мэта. Дарэчы, я хачу папрасіць прабачэння, але спектакль ужо даўно пачаўся.
— Не разумею.
— Так. 3 таго моманту, калі я прыйшоў дадому. Справа ў тым, я вырашыў інсцэніраваць задуманы сюжэт. Па-першае, гэта найлепшы спосаб, каб ацаніць яго вартасць. Па-другое, калі ўсё пойдзе, як я задумаў, табе не трэба будзе траціць час на абдумванне, дэталі, пейзажы. Застаецца толькі занатаваць тое, што бачыла і чула. I яшчэ адно — у мяне няўвязка з фіналам. Існуе некалькі варыянтаў, і я ніяк не магу выбраць лепшы. Можа, я і расказаў бы табе сюжэт, як ты кажаш, у некалькіх словах, хутчэй за ўсё, так і зрабіў бы, але канец — справе вянец. Без заключнай часткі, сам па сабе, сюжэт нічога не варты Вось я і надумаў...
— Што ж, — няпэўна пацепнула яна плячыма. — Як ведаеш.
— Ну і цудоўна. Значыць, пачнём, як ты і раіла. Жылі-былі муж і жонка. Ёй трыццаць два, яму сорак. Ён скончыў універсітэт, скончыў бліскуча, з чырвоным дыпломам. Яна — з інтэлігентнай сям'і, разумная, даволі ганарлівая, і пажаніліся яны, бо кахалі адно аднаго .I цяпер ён любіць яе больш за ўвесь гэты свет, больш за жыццё, яна, як яму думаецца, таксама сплачвае яму тым жа. Ён гатовы дзеля яе на ўсё, гатовы выканаць яе любое жаданне. I радуецца як малое, калі ў нечым дагодзіць ёй. Хаця знешне гэта на ім не выяўляецца. Такі ён ужо ад прыроды — маўклівы, педантычны сангвінік. Але ўсяго, чаго ён дабіўся ў жыцці: дастатку і вядомасці (ён ці не лепшы адвакат у краіне) — усё гэта дзякуючы ёй. Ён імкнуўся, як кажуць, быць на вышыні ў яе вачах.