Выбрать главу

— Чакай, — перапыніла яна. — Я пачынаю ўлоўліваць. Галоўны герой — гэта ты?

— I так, і не так. Толькі згодна сцэнарыю. Калі мы акторы, то нашто нам нейкі грым, другія імёны, звычкі. Няхай усё будзе так, як ёсць. Гэта спросціць нашу задачу.

— Выходзіць яна — бландзінка, высокага росту, з доўгімі стройнымі нагамі, прывабнымі грудзямі, прыгажуня з твару і, у дадатак, белетрыстка.

— Менавіта так, — зарадаваўся ён, — і белетрыстка, і бландзінка.

— I жывуць яны разам ужо дзесяць гадоў, ціха...

— Мірна, у дастатку

— I сумна.

— Хутчэй спакойна і мірна, без сямейных сцэн, сварак.

— Няпраўда былі і сваркі, і сцэны

— Ты забываешся, што мы толькі акторы, што ёсць сцэнарый і неабавязкова спісваць, калі можна так сказаць, з прататыпаў кожны штрых. Ды, урэшце, і сваркі, якія ўсё ж былі вельмі і вельмі рэдкімі, нельга і назваць сваркамі. Сварылася ты, а я маўчаў, бо ведаў, што табе проста трэба адвесці на некім душу. I, у асноўным, на літаратурнай, так сказаць, глебе. Калі ў цябе не ладзілася нешта з раманам ці аповесцю. На шчасце, такое было нячаста. У асноўным яны былі шчаслівыя. Ён неймаверна любіў сваю жонку, яна таксама. I абодва бязмежна любілі свайго сына.

— У нас няма дзяцей.

Ён з лёгкім дакорам паглядзеў на яе.

— Ах, я забылася. Вядзі далей.

— Дарэчы, нам даўно пара мець дзяцей.

— Божа, ну колькі паўтараць — дзеці будуць замінаць. Тут трэба адно альбо літаратура, альбо дзеці.

— Аднак жыць без дзяцей...

— Усяму свой час, - незадаволена ссунула бровы Рэгіна. — I прашу цябе, не цягні гуму. Так мы ніколі не дойдзем да развязкі

- Вінаваты, — нахіліў ён галаву. — Бяру адразу быка за рогі. Значыць, так, гэты бязмерна шчаслівы чалавек аднойчы раніцай выходзіць з дому, каб ехаць на судовы працэс, які прыцягнуў увагу ўсяго горада і які ён меў спадзяванне бліскуча выйграць. Настрой у яго быў цудоўны, ну проста эйфарычны. Надвор'е спрыяла таму, ціхае, цёплае. Ноччу прайшоў дождж, і паветра было свежае, пахла скошанай з газонаў травой. I неба блакітнае як ніколі. Без адзінай хмурынкі. Мір і спакой панавалі ўсюды. Як і цяпер. I ён усміхнуўся і небу, і сонцу, і ўсяму свету. Усміхнуўся шчасліва, даверліва, як дзіця.

— Можна без прыгажосцяў, — з нотай раздражнення перапыніла яна. — Гэтае сюсюканне...

Ён пачырванеў.

— Сапраўды, сюсюканне. Я ведаю. Але што рабіць — таленту, як і розуму, не пазычыш, а мне хочацца, каб ты ўсё ўяўляла, як гэта ўяўляецца мне. Тады менш страху, што сюжэт забракуецца. Словам, гэты чалавек усміхаецца і зусім не здагадваецца, што праз хвіліну на яго абрынецца неймаверная бяда, якая ў адно імгненне зробіць яго самым няшчасным на гэтай светлай, утульнай планеце.

Ён ужо адчыняў дзверы машыны, як да яго падышоў хударлявы мужчынаў джынсах і пінжаку ў клетку, з акуратнай чорнай, з сівізной, бародкай, у цёмных, люстраных акулярах, ветліва, нібы яны ўжо даўно знаёмыя, павітаўся.

Тое, што з ім павітаўся незнаёмы чалавек, ніколькі не здзівіла Траўмана.

— Гэта што, прозвішча прататыпа?

— Ну так. Табе не падабаецца?

— Не вельмі. I калі ты ўжо спісваеш з натуры, то і заві свайго героя Альбертам.

— Але ж і гераіню трэба будзе тады назваць Рэгінай

— Само сабою.

— Ведаеш, мне гэта неяк... ну не зусім прыемна. Ужо надта мы зліваемся з героямі і падзеямі.

— Але ж ты сам таго хацеў.

— Праўда. Толькі занадта драматычна ўсё ў гэтай гісторыі. I не хацелася б, але хай будзе па-твойму. Значыць, Альберта ніколькі не здзівіла, што да яго звярнуўся незнаёмы. Прафесія і вядомасць адпавядалі таму... Пэўна ж, у яго нейкая справа, і, магчыма, мужчына з бародкай з гэтай хвіліны стане ўжо ягоным кліентам.

Але мужчына нечым розніўся ад іншых людзей, нібыта нейкае таўро ляжала на ім. У Альберта чамусьці сціснулася ў балючы камяк сэрца, горача запульсавала ў скронях, смуга заслала вочы. I таму ён адказаў на прывітанне не як звычайна ветліва, а суха, нават непрыязна.

— Чым абавязаны?

Ён стараўся як мага лепш разгледзець твар гэтага чалавека і не заўважаў у ім нічога такога, што выклікала б такую ўстрывожанасць. Але нешта падказвала, што аблічча незнаёмца толькі маска, пад якой хаваецца штосьці страшнае, бязлітаснае. Ён ледзь стрымаў у сабе неадольнае жаданне зняць з гэтага твару акуляры, зазірнуць у вочы, што хаваюцца за імі, у вочы свайму Лёсу.