Альберт кінуў кароткі позірк на Рэгіну.
— Ну як завязка? Інтрыгуе?
У адказ яна грэбліва пакрывіла губы.
— Банальна і шэра, хаця ты не шкадаваў фарбаў і эмоцый. Амаль кожны любоўны раман нізкага гатунку перанасычаны такімі калізіямі.
— Сапраўды? Мяне гэта засмучае. Але пагадзіся, кожная любоўная інтрыга мала чым розніцца ад іншых, а часам бываюць і падобныя, як тыя блізняты. А наконт фарбаў і эмоцый — гэта прафесійнае. Усякі адвакат хварэе на гэтую хваробу, бо засядацеляў часцей пераконвае не логіка, не факты, а ўменне плесці словы, плаўнасць і неакрэсленасць прамовы, яе квяцістасць. Аднак, як часта піша ваш брат белетрыст, вернемся да нашага героя, які, ашаломлены сустрэчай і аглушаны здымкам, што апынуўся ў яго руках, стаіць узбоч тратуара і ледзь стрымліваецца ад нясцерпнага жадання кінуцца пад колы якой-небудзь машыны, што праносяцца міма. Смерць зараз здавалася яму не параўнальнай ні з чым асалодай, палёгкай, прахалодай для душы.
— Дзеля ўсяго святога, — узмалілася яна, - толькі без гэтай біжутэрыі, без эпітэтаў, метафараў. Гэта так нудотна слухаць.
Ён умольна паглядзеў на яе.
— Ну, патрывай. Нічога не магу з сабою зрабіць. I ведаеш, што дзіўна, пачынаю расповед і адразу як бы сам раблюся тым злашчасным Альбертам. I мне шкада яго і балюча. Так балюча, быццам не з ім, а са мной адбываецца ўсё гэта. I я проста не магу не выказаць, што ў яго на душы. Хацеў бы, а не магу. I ўсё ж паспрабую карацей
У такім шокавым стане бядак стаіць мо хвілін пяць, здранцвелы, на крок ад таго, каб звар'яцець, але паступова да яго прыходзіць здольнасць думаць, разважаць, а разам з тым і выратавальнае сумненне.
— Мана! Быць не можа, каб Фрыда...
— А гэта хто?
— Так завуць жонку. О, прабач, забыўся. Быць не можа, каб Рэгіна, якую ён так любіць, абагаўляе, Рэгіна, якая сама чысціня і дабрачыннасць, магла так падлюжна, так цынічна абысціся з ім, з іхнім каханнем. Няйначай, нейкі шантаж. Нехта хоча паўздзейнічаць на вынік судовага працэсу ці, хутчэй за ўсё, помсціць яму за сваё паражэнне. Канечне, так яно і ёсць.
Альберт уважліва, ужо прафесійным вокам, паглядзеў на здымак. Безумоўна, ён зроблены тэлексам, бо па краях відаць абрысы расчыненага акна. Але і гэта не пераканала яго: пры жаданні можна зрабіць усякі фотамантаж. А ён сам вельмі вінаваты перад Рэгінай. Вінаваты за сваю, няхай і кароткую, рэўнасць, за недавер. Як мог ён, хаця б на імгненне, засумнявацца ў ёй? Павольна разарваў ён здымак на дзве палавінкі, склаў і разарваў яшчэ, потым яшчэ, няспешна падышоў да сметніцы, кінуў у яе дробныя кавалачкі паперы і плюнуў у сметніцу. Потым сеў у машыну, спакойны, з незвычайна лёгкай і светлай душой, завёў матор і паехаў на працу.
Жонцы ён нічога не сказаў пра гэтую гісторыю, аднак, як не стрымліваўся і не дакараў сябе за гэта, не мог ужо ранейшымі вачыма глядзець на яе, па-ранейшаму адчуваць сябе з ёю лёгка і шчасліва. У кожным яе слове, у кожным руху, жэсце, у выразе твару ці позірку шукаў ён пацвярджэння таму жудаснаму, што ставіў ёй нехта ў віну. Шукаў і не знаходзіў. У ёй не было нават намёку на хітраванне, акторства, якое непазбежна прасачылася б, калі б той здымак не быў падробкай. Тады ноччу ён зрабіў ёй вераломнейшае выпрабаванне: не стаў, як звычайна, першым абдымаць і мілаваць, а моўчкі, нерухома ляжаў побач з ёй. Ён быў упэўнены, калі здрада сапраўды мае месца, то Рэгіна нізашто не прылашчыцца да яго. Гэта было б святатацтвам, грахом над грахамі. Іншая справа, калі б ён сам дамагаўся яе. Тады б яна не магла не адказаць узаемнасцю... ну, хаця б дзеля таго, каб не выдаць сябе. А так...
— Што з табой, Альберт? — здзіўлена спытала яна праз нейкі час.
— Нічога.
— Няпраўда. Я адчуваю, як нядобра ў цябе на душы.
— Проста стаміўся. Цяжкі быў дзень.
— 3 табой ніколі не здаралася такога. I наогул — навошта думаць пра тое, што было ці будзе? Ноч для іншага.