Выбрать главу

I яе страснасць, яе любоўная апантанасць выцесніла з душы Альберта ўсялякую падазронасць. I, ужо засынаючы сном шчаслівага чалавека, ён грэбліва, з пагардай пасміхнуўся ў твар незнаёмаму мужчыну з бародкай, які ў апошні момант з незвычайнай выразнасцю паўстаў перад вачамі.

Міналі дні, тыдні. Ён ужо зусім забыўся і пра барадатага дзецюка, і пра здымак. А калі ў памяці і ўсплывала тая раніца, апроч прыкрасці, было і задавальненне сабой, што не даў справакаваць сябе, што адразу ж разгадаў нейчую зламыснасць і падлюжнасць.

У тую суботу ён сядзеў у гасцёўні адзін і слухаў Бетховена. Ён вельмі любіў у адзіноце слухаць Бетховена. Велічныя гукі паланілі яго душу, ён здаваўся сам сабе бесцялесным, бязважкім, нібыта растварыўся ў гэтых гуках, ці, хутчэй, у той вібрацыі космасу, якая існуе сама па сабе і якую некалі пачуў і паклаў на ноты натхнёны геній.

— Не думала, што ты гэтакі меламан, — не стрымалася Рэгіна.

— Гэта плагіят. Недзе чытаў штосьці падобнае.

— Я так і падумала. I нават ведаю, што зараз адбудзецца.

— Няўжо? I што ж?

— “Раптам зазваніў тэлефон”. Не так?

Альберт збянтэжана паглядзеў на яе.

— 3 табою немагчыма...

— Кінь. Тут не трэба асаблівай празорлівасці. Падобнымі штампамі стракацяць усе творы дылетантаў.

Але ён не пакрыўдзіўся, хітравата зірнуў на яе.

— Яшчэ не вечар.

— Які там вечар! — ноч, цемрадзь, а дакладней — шэрасць. Вядома, нехта па тэлефоне пачціва-далікатным голасам пацікавіцца, дзе яго жонка, і калі ён, абураны, скажа, што каму якая справа да таго, дзе Рэгіна, той жа голас з саркастычнай добразычлівасцю параіць яму паехаць ну, скажам, на пляж, дзе яна грэецца пад сонейкам на цёплым пясочку з палюбоўнікам

— Усё так, — амаль роспачна паглядзеў ён на жонку. — Толькі ты не ўгадала, не на пляжы, а ў бары.

— Хіба гэта нешта мяняе?

Ён зусім зніякавеў.

— Я бачу, што задумаў бязглуздзіцу, жадаючы дапамагчы табе. Кожны павінен ведаць сваё месца, свой шосцік.

— Ну, гэта не зусім так, — злітасцівілася яна. — Можа, і сапраўды яшчэ не вечар. Трэба ісці да канца. Галоўнае, спадзяюся, наперадзе. Не такі ты ўжо і прасцячок, каб распальваць сыр-бор дзеля нейкага прымітыўнага сюжэціка. Пэўна ж напрыканцы нешта ў цябе прыхавана зусім не ардынарнае.

— Дзякуй! — У голасе яго чулася палёгка і ўдзячнасць. — Падзеі сапраўды толькі пачынаюцца. I, можа,тваё цярпенне будзе ўзнагароджана. Ага, значыць зазваніў тэлефон. Альберта аж перасмыкнула ад прыкрасці, і ўсё ж, узяўшы трубку, ён здолеў стрымана і нават ветліва вымавіць:

— Слухаю вас.

I сапраўды, саладжава-пачцівы мужчынскі голас са здзеклівай далікатнасцю пацікавіўся, як у яго здароўе, асабліва сэрца, нервы...

— Дзякуй. Усё добра.

Уяўленне імгненна перанесла яго ў той сонечны ранак, калі яму перадалі канверт са здымкам, і, вядома, тэлефанаваў цяпер той жа клышаногі, з бародкай, у цёмных акулярах.

Усё ж ён спытаў, з кім гаворыць, і ў адказ пачуў, што гэта зусім не мае значэння.

— Я бачу, вы не паверылі таму, што ўбачылі на здымку, — ні то з дакорам, ні то з папрокам пашкадаваў той, хто тэлефанаваў.

— Я папрасіў бы не турбаваць мяне рознымі глупствамі, — рэзка адказаў Альберт. — Больш не званіце, не губляйце дарэмна часу. Усё адно вы нічога не дасягняце.

— На жаль, вам назаўсёды давядзецца забыць пра спакой, — паспачуваў голас у трубцы. — Спадзяюся, вы добра ведаеце бар “Зацішша”?

— I што з таго?

— Калі не станеце марудзіць, то застукаеце іх цёпленькімі.

— Karo — ix?

— Не прыкідвайцеся дурнем. Вы ж выдатна ведаеце, пра каго ідзе гаворка. Вашу жонку з тым прыгажунчыкам, што на здымку. Калі здымак вас не пераканаў, то...

Пачуліся кароткія, частыя гудкі.

Бар “Зацішша” ён, канечне ж, ведаў. Не адзін вечар з Рэгінай бавілі яны там за столікам пад пальмаю, у аддаленым куце залы. Там было вельмі ўтульна. Цьмяна-бэзавае святло, што лілося зверху, рабіла ўсё загадкавым і таямнічым. I музыка тут была не гучна-крыклівая, як амаль ва ўсіх барах, а сцішаная, задушэўная. Яна раскоўвала душу, адцясняла ўсе праблемы і трывогі, пераносіла ў свет шчымлівай пяшчоты і бесклапотнасці.

“Не паеду, — кінуўшы трубку на апарат, у бяссільнай злосці падумаў ён. — Камусьці хочацца паздзекавацца, пабачыць мяне дурнем. Вядома, у бары Рэгіны няма. А нейкі падлюга будзе назіраць за мной і смяяцца..."

I адразу ж прызнаўся сабе, што не хоча ехаць туды менавіта таму, што баіцца. Баіцца неабвержнага доказу, што Рэгіна сапраўды здраджвае яму, а мо і, самае жахлівае, кахае другога. У такім выпадку гэты свет пераставаў існаваць для яго, рабіўся шчопцем шэрага попелу, у які ператвараецца спаленая, прыгожа і адмыслова зробленая стракатая цацка.