Выбрать главу

Андрэй Хадановіч

Перавыбранае

Вершы з пяці кніг

З кнігі “Старыя вершы” (2003)

Ноч у мытні пры старым замку
Сам насам са швэдрам, што кінуты ў кут, сам насам са страчаным часам, сам насам з уласнай прысутнасцю тут, са столькім, што ўжо не сам насам, – знадворку, бо замак замкнуты стары, на пекную гледзячы зорку (знадворку адносна ўсяго, што ўнутры, – так блізка, што ўжо не знадворку), нарэшце стамлюся ад словаў, чужы у некалі скончанай спрэчцы, нарэшце спынюся на самай мяжы – так позна, што ўжо не нарэшце.
Выбар
я абіраю вольнасць як абіраюць бульбу атожылак пінскай пасля панямонскай нарэшце чарнобыльскай шляхты (што сынку дапамаглі табе гэтыя ш-ш-ш-ляхі?) які атруціўшы атрамант амаль не зважае на лямант бо покуль не момант скуголіць раўці турбавацца праз нейкія там бел-чырвона- белыя плямы на мапе згвалчанай колісь Еўропы
Падшпарак-Пачварак
Я завуся Падшпарак-Пачварак, бо паводжу сябе вельмі дрэнна. Я аматар падступак і сварак; не чытайце маралі – дарэмна! Каб дабро пацярпела фіяска,
я гатовы пайсці на злачынства… Ах, спадар буржуін, калі ласка, запішыце мяне ў буржуінства! Адчуваю нашмат сябе ўтульней, як залажу ў чужыя кішэні. Пагуляць у дарослыя гульні запрашаю – прымі запрашэнне! Я юнак-падсвінак, юны злодзей. Спадары, пашкадуйце дзяцінства: я з маленства жыву на балоце – запішыце мяне ў буржуінства! Я страшэнна хачу бочку сочыва, я страшэнна хачу кошык печыва, а маё сэксуальнае рэчыва ўсё чакае чагосьці жаночага! Вам прадамся за смачную булку (толькі страўнік – крыніца адзінства!), палітычнага дайце прытулку – запішыце мяне ў буржуінства!
З лістоў Івана Жахлівага да Н.К. Крупскай
Богу роўным станецца той смяротны, Што будан сямейны з табой раздзеліць, Раявацьме поруч з такою порсткай, Палкай кабетай! Твой пяшчотны голас пачуе зблізку, Любы твар убачыць у сне й наяве, Лёгкае дыханне па кроплі вып’е Ў цёмных прысадах! Навярзе на вушка нясціплых рэчаў, А пасля занурыць у пацалунках: Пацалуеш раз, а юрлівым вуснам Хочацца болей… Дай яму спазнаць і дабра, і ліха, Дай яму сарваць незямное веды З дрэва каталогаў тваёй машыны З назваю “Apple”!.. Мушу скончыць ліст: пару пільных справаў Маю вырашаць, а найперш – павешу Ўсіх стральцоў. Чакаю твайго адказу. Ваня Жахлівы. 1 крэсавіка 598 (?) да н.э., выспа Віскас
Львоў
Юрку Прахаську
Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань, каб магутныя крылы паноўных над местам званоў падхапілі, панеслі, загойвалі даўнюю бессань, занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў. Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы, прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе. І спачыць ад палёту, і пасвіць начныя відзежы на бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе. Назіраць, як у шпацырах вечар праводзяць львавяне, па спякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок, удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні, пад павекамі цемры павольна губляючы зрок. Усміхацца разумнаю ўсмешкай крылатага блазна жабраку, што пры цэрквах на вечных жабрачых правах. А калі заманецца агледзець усё падрабязна – і самога сябе нечакана знайсці далавах. Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу, ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы. Са шматлікіх святыняў аддаць перавагу касцёлу – пасля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы. Ля муроў Бернардынаў піць піва з вядомым паэтам; калі ж зноў скалане наваколле стрывожаны спіж, павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам, як паветраны змей, самагубна ўзлятаючы ўвыш… Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няздзейсненым міце, каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце… І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.