@ @ @
восень. мухі блыталіся ў марлі
на акне. ты ў рэгі Боба Марлі
недзяржаўную пачытваў прэсу
рыхтаваў да ўдараў мышцы прэсу
і дарма што спраў чакала горка
аздабляў вясельлі крыкам “горка!”
не шукаў сабе цяжкое долі
паляваў зь японцамі на Долі
любаваўся ружачкамі ў вазе
і ня меў астатняга на ўвазе
загартоўваў сьпеў струной тугою
і пабраўся з восеньскай тугою
подых верша стаў гаркавы, ёлкі
нібы водар леташняе ёлкі
і жывеш засмучаны і рады
ані ў чым сабе ня даўшы рады
але ўдзячны папрадухам-паркам
за чарговы шпацыр менскім паркам
@ @ @
Няма чаго лавіць, апроч
апошняе маршруткі!
Куды ні руш, куды ні кроч,
дагоняць халады.
Бо верасьнёвай цеплыні
не утрымаць за грудкі.
Папрэсься ў цемры на агні,
а трапіш не туды.
Куды зьнікае ўчора й дзе
канец тваім прыгодам?
Няма ратунку ў горадзе,
і ў доме ні душы.
Праходзяць лета зь верасьнем
падземным пераходам
і замыкаюць дзьверы снам,
і ў сьпіну – скавышы.
@ @ @
Паэты ляцяць у вырай,
з вульлёў прагнаныя трутні.
І кожны – з гучнаю лірай,
і кожны – пры звонкай лютні.
Шукаюць ратунку ў сховах:
у сьвеце зроблена досыць
будынкаў шматпавярховых,
ды іх туды не запросяць.
Ляцяць, чарадзеі й прынцы,
як ліст, адпраўлены Вам.
У кожнай паштовай скрынцы,
нібы навязьлівы спам,
марнуюць словы і сьлёзы
і ладзяць для дзетак шоў,
канаючы, як стракозы
на ганках у мурашоў.
@ @ @
Гаспадыні едуць на баль, а служкі
ганаровыя ладзяць для іх эскорты.
Ды апоўначы haute couture Папялушкі
ператворыцца… у элегантныя шорты.
Яе хросная маці – зорка на балі,
сыцылійка, паводле апошніх чутак.
Пэрсанажы казкі ўжо задзяўбалі:
кожны дзень прыходзяць мераць абутак.
Кожны вечар – цуды, як абавязак,
і ўхіліцца проста няма надзеі.
Шарль Пэро, стварыўшы паўсотні казак,
ад нуды паўсоты раз вар’яцее…
Нехта баксы ў лапу швайцару суне.
Засынаюць прынцы, пысамі ў тортах.
І стаіць разгубленая красуня:
без карэты,
бяз туфліка,
у адных шортах.
@ @ @
кожнага ранку порцыя кіслароду
чорная кава з порцыяй белай сьмерці
порцыя працы за так і за ўзнагароду
порцыя шчасьця якой адразу ня зжэрці
кожнага ранку новая порцыя сьвету
порцыя смутку і трохі дзіўнай любові
добрыя весткі з новага запавету
добры намер і пекла напагатове
маеш час і натхненьне звані сяброўцы
хай небясьпечная сувязь разгорне крылы
ці алімпійскія чэмпіёнкі на “стомэтроўцы”
выйдуць на старт па першым званку мабілы
чарку і скварку зьменіш на іншамарку
ці на вайсковую форму прыкід багемны
восень на вогнішчы паляць нібы вядзьмарку
дым айчыны гаркавы але прыемны
@ @ @
Адскрабеш пін-код на купленай карце,
назавеш пароль электроннай варце,
далучаючы да сусьветнага сьмецьця
лішні доказ свайго існаваньня ў сьвеце.
Тэлефон заняты і хата з краю:
калі ласка, на выхад, істота з краю,
дзе каманды ротам даюцца ротам
і задротам больш ня цесна за дротам.
Па начным тарыфе сабе дазволь ты
ператнуць высокі й высакавольтны,
бо палёты ня толькі ў сьне і па сьмерці,
бо пакінеш сьлед, якога ня сьцерці,
завісаючы ўсур’ёз і надоўга
над Потсдамэрпляц і гарой Міндоўга,
над Сафіяй і сопацкаю эстрадай,
над Высокім Замкам і Вісластрадай,
па-над Нёманам з Барысам і Глебам,
па-над хмарамі й высакавольтным небам.