Выбрать главу
на дарозе
па пояс у джынсах брыдзеш супраць плыні шашы твае непужаныя думкі як іншаходцы ў прэрыі і стэрэа-скавышы як госьці на сьвяце душы новаю аранжыроўкай гудуць у плэеры аблокі ўгары няспынныя як аўто між пятым і трыццаць пятым агораным кілямэтрам ня спыніш нікога й цябе ня спыніць ніхто і першы сустрэчны акажацца проста ветрам будуеш з амкі з паветра і першы блін выходзіць нечым сярэднім між бібліятэкай і вежай на гэтым сьвеце так многа кніг і цаглін а ты з усіх акадэмій ня скончыў нават мядзьведжай і можна згубіцца ў трох дарожных слупох і ў думках так ціха – чуваць як робіцца муха сланом і ты так доўга ў дарозе што Бог здаецца сузор’ем Вялікага Віні-Пуха
@ @ @
больш нічога не адбываецца толькі неба ў вадзе адбіваецца
@ @ @
дзьве лыжкі солі на шклянку цёплага мора якое цячэ з валасоў і на твары ня стыне ляціш празь мяжу на сустрэчу са сьветлым tomorrow і ўпадаеш у мора ў раёне гданьска і гдыні вільготны вецер зранку мазгі прамывае зьвіліны вашых маршрутаў – на гданьскіх мапах міма цябе пралятаюць аблокі птушкі трамваі караблі з вэстэрплятэ і электрычкі на мальбарг вучыш замежныя мовы па караоке джаз-фэстывалі чаек на молах і пірсах кожная дзеўка анёл найчасьцей каравокі
на языках без касьцей сустракаецца пірсінг у плянэтарыі сьпіш пад коўдрай вялікай мядзьведзіцы і загараеш пад хмарным небам на злосьць прагнозам істота якая здалёк чырвонаю скураю сьвеціцца выкладчык ліцэю паэт з абгарэлым носам а потым дашлеш па пошце альбо напішаш у посьце верш-апраўданьне сам сабе абаронца што ты тут паводзіўся як і належыць госьцю не згараў на буйках і не заплываў за сонца
@ @ @
ён гаварыў ёй дурноты ён дарыў ёй канвалі немагчымыя гэтай парою ў іншым сюжэце яны абдымаліся так часта нібы іх увесь час фатаграфавалі толькі вочы казалі: майму (маёй) не кажэце балтыйскія дні і ночы пражываліся наўздагад ды вочы ад недахопу сну не зьліпаліся ні на ёту там дзе месца сустрэчы неба і мора цнатліва прыкрыў плякат рэклямуючы па-над пляжам аўтамабіль таёту а калі джэніз джоплін перакрыквала гданьскі прыгарадны цягнік і зрывалася на цішыню што наступала пасьля яе ён зразумеў што цуд незваротна зьнік калі хутка дыхаеш неба ня ў тое горла трапляе і можна казаць як дрэнна страляюць п’яныя амуры як цяжка ў сучасным шоў з мэлядрамай старою а проста свая кашуля бліжэйшая да апаленай скуры немагчымай у гэтым сюжэце іншай парою
@ @ @
веру ў прагнозы надвор’я і ўласнаму воку ад смагі ня будзе адбою смазе ня скажаш адбой нібы ў запой уваходжу ў дзесяцідзённую сьпёку мінус надзея трапіць сюды з табой зранку шаманю ганяю сухія хмары над галавою часам закліньвае думку але заклінае рука і хмары ідуць без канвою – сюжэтнай канвою на ліпеньскіх краявідах знаёмага мастака зь першага дня на галовы валіцца ліпень саракаградусным сонцам але не здаюся бяз бою веру што ў Вільні якраз пачынаецца лівень і напаўзае на Трокі й спыняецца над табою і я не магу заснуць адмарожаны сьпёкаю гіпнатызуючы словы якіх табе не скажу а ноч такая вялікая а ты такая далёкая што падаесься літоўскаю кропляй дажджу
Et si tu n’existais pas…
калі б цябе не было ў вялікім сусьветным раскладзе я выдумаў бы што ты далёкі касьмічны спалах сьвятлом бы табе дасылаў эсэмэскі ва ўмоўным ладзе і дарогу б чытаў па тваіх зорных ініцыялах я наносіў бы тваё ймя на зямныя й нябесныя мапы прамаўляў бы яго на ўдыху захлынаючыся ад шаленства і ня верыў што нават малпа можа паходзіць ад малпы бо ўсё выглядала б створаным на божае падабенства я складаў пра цябе й гарлаў бы невядомыя іншым песьні і суседзі прачнуўшыся ўночы ня зналі б каго я клічу я глыбока сярод зімы пасылаў бы іх… на прадвесьне і ўпершыню ў жыцьці не баяўся б таннага кічу калі б цябе не было выдумляў бы цябе як твор я і павольна канаў ад шчасьця ня просячы эўтаназіі мой аловак бы лётаў па-над зямлёй як указка прагнозу надвор’я але ты ў мяне ёсьць і ня ведаю што рабіць са сваёй фантазіяй