Выбрать главу
Чэмпіянат Эўропы
З кім толькі ні параўноўвалі Эўропу, дзяўчынку-каўбоя, што ўседзела на бычынай сьпіне максымальна доўга, аж да самага канца радэа. Я неяк назваў яе пясочніцаю, куды не пускаюць беларускіх дзетак іх нацыянальна непрасунутыя бацькі. Сёй-той абразіўся параўнаньнем, хоць, мяркую, каўбоям і матадорам спадабалася б. Але я тады думаў не пра пясочную арэну палітычнай карыды, а пра досыць нявінныя дзіцячыя забавы з саўком (я пра маленькую рыдлёўку), плястмасавым самазвалам ды алавянымі жаўнерыкамі, калі кожны з нас быў генэралам, які толькі пачынаў сваю пяшчаную кар’еру. Што да дзяўчатак, то яны пераважна рабілі “сакрэты”, выкопваючы ў пяску ямінкі і аздабляючы гэтыя дамавінкі жывымі кветкамі і (нежывымі) паперкамі ад цукерак і жуек. Галоўнай часткаю інсталяцыі быў каляровы кавалачак шкла, што клаўся паўзьверх – і атрымлівалася красиво; потым “сакрэт” закопваўся, старанна хаваўся, але так, каб лёгка было знайсьці, асабліва іншым. Толькі праз шмат гадоў я зразумеў, што гэта былі правобразы нашых будучых інтэрнэт-сайтаў, вершаў і порназдымкаў, што мятлікамі ляцяць на сьвятло і заблытваюцца ў сусьветнай павуціне, у душ ы прагнучы зьвярнуць на сябе хоць якую ўвагу,
ды ўпарта хаваючы свае сумнеўныя “сакрэты”, нібы тая Эўропа, чэмпіёнка радэа, старая панна, што так і ня зьлезла з бычынае сьпіны для чаго іншага.
Вэлягонка пратэсту
Паліцэйскія мігалкі даюць першы залп у вочы, а далей кароткімі чэргамі бліскаюць сьпіцы ровараў. У горадзе вэлягонка пратэсту. Тысячы колаў. Джэм-сэйшн кляксонаў. Заплечнікі танчаць у такт. Хто сядзіць у сядле, хто, лежачы, рушыць нагамі наперад. (Так, мабыць, выгодней.) Хто з прычэпам – вэлякалыскай для пратэстуючых немаўлят. Дык супраць чаго?.. Не даюць адказу. Апошні ровар. Кантрольны сонечны блік на сьпіцах. Але ты адчуваеш дзіўную салідарнасьць, нібы нарадзіўся у вэляпрычэпе, а потым падрос, перасеў на ровар, адкінуў трэцяе кола, адчуў між нагамі раму, наладзіў кляксон ва ўнісон – і ўплёўся ў хвост каравану й пляцесься ў гэтым хвасьце, і некалі выб’есься ў лідэры, так і не зразумеўшы, супраць чаго пратэстуеш.
* * *
Чужая мова лашчыць мне вуха, як пірсінг на чужым языку.
Азёрная школа паэзіі
І было возера, канцавы прыпынак гарадзкой чыгункі. І было неба, канцавы прыпынак яго легкадумных мрояў, шэсьць дзён падарожжа праз дождж. І было сонца на сёмы дзень. І пабачыў ён, што шэсьць папярэдніх было горай. І былі ветразі, параходы й буйкі з папярэджаньнем “не заплываць”. І было іх двое на цэлым сьвеце, калі не лічыць вадаплаўных – чаек і весьляроў-акадэмістаў. І была яна топлес, у модных шортах, зь яблыкам у кішэні, які выпіраў збоку, нібы мячык у тэнісісткі, што рыхтуецца да першай падачы… Другой падачы не спатрэбілася.
Постымпрэсіянізм
Дзіцём спрабую забрацца на бабуліну печ – і рукі па самыя плечы патанаюць у чорным моры семак, якое бабуля спрабуе высушыць. Таго часу семкі сохлі на дзіва хутка, а сяброўкі не саромеліся іх лузгаць пры мне, і шалупіньне проста вісела ў іх на вуснах, зусім не забіваючы жаданьня цалавацца. І я здымаў яго – асьцярожна, як сапёр, бо першы дотык запраста мог быць апошнім, а так хацелася працягу, пагатоў на печы высыхалі новыя семкі. З таго часу я знаюся на сланечніках ня горш ад Ван Гога, а на гарбузах нашмат лепш за яго.