Выбрать главу

З кнігі “Лісты з-пад коўдры” (2004)

Лісты з-пад коўдры
праз акно месяцовы поўраз апускаецца па крывой я не бачу залез пад коўдру з галавой навісаюць словы хадульна расстаўляюць пасткі пасты а пад коўдрай цёпла і ўтульна і нястрашна пісаць лісты будзе рады палкоўнік маркес і астатнія пацаны асцярожна ступае накрас клышаногі й трохі п’яны не кампутарныя крамзолі а жывое рукі сляды хай баляць на пальцах мазолі не бяды бо нашто электронная пошта калі проста так не ў пару немавед пра што і навошта немавед каму гавару
Калыханка для маладога літаратара
Кукалка, каўшанка, хрызаліда, лялечны зародак вышыні! Досыць гідкіх фарбаў краявіду, іншага няхай грызе агіда! Супакойся, мілы, адпачні! Спі, дзіцятка, птушкі ўжо паснулі, зоры ў неба па ваду пайшлі. Кукавадла вусцішнай зязюлі, люлі-люлі, прыляцелі кулі… Стала ціха на усёй зямлі. Засынай, загорнуты ў анучы. Пасталееш хутка ў барацьбе. Спі, выратавальнік наш прыйдучы: у абладзе фюрэра і дучэ спадзяемся толькі на цябе!
Некалі ў варожым наваколлі возьмешся з расою за кассё
беларускай мовы, і ніколі не забудзеш, што вучыў у школе: геній у адказнасці за ўсё! Зведаеш, што значыць акавіта, і спазнаеш поспех у кабет; станеш апранацца самавіта, станеш выражацца сакавіта, станеш карыстацца з “алфавіта” і забудзеш слова “альфабэт”… Хрызаліда, кукалка, каўшанка, запарука крылаў матыльку, дурню – радасць, знаўцу – абяцанка, – слухай, як лунае калыханка на халодных крылах скразняку.
З чаго пачынаецца Жодзіна?
З чаго пачынаецца Жодзіна? Дальбог, не з машыны “БелАЗ”!.. Я сёння святкую народзіны: Як што, запрашаю і вас! Пад месяцам, сонцам і зоркамі Балюе з суседам сусед. Як сцвердзіў паэт, i паморкамі Ёсць час для сяброўскіх бясед! Як не, адмаўляйся без сораму – Шмат ежы на Белай Русі! Пад месяцам, сонцам і зорамі Ўсяго ўсё адно не з’ясі! Шчэ больш на зямлі – мама родная! – Харошых ды розных кабет; Ды не пакахае ніводная, Хоць руш у манахi ў Тыбет! Сігаеш за пекнымі паннамі, Ды марным стаецца твой сіг. І ўсё ж не памрэм занядбанымі, Бо Жодзіна дбае пра ўсіх! Сардэчнымі словамі, поўхаю, Прутом, бізуном, рамянём Гадуе, кунежыць, выхоўвае. І большай ні ўночы, ні днём Нас песціць не знойдзем аматаркі. А як адыходзім да сну, Вачыма ласкавае мацеркі Глядзіць у калыску й труну. Пільнуе ды сочыць паводзіны, То хваліць, то ставіць у кут… З чаго пачынаецца Жодзіна? Яно пачынаецца тут… За мрой экзатычныя спецыі, За праўду ў айчынным віне, За Grande Canale ў Венецыі, Які не гайдае мяне; За госця, няйначай татарына, Нязванага сябра твайго; За Катадру Нашай Спадарыні, Якая смяецца з Гюго; За сверб разумовага голаду, Што я спаталяў задарма Агнямі вялікага гораду, Якому наймення няма, – Чым стане мне змогі, аддзячу я Найлепшай у свеце зямлі – За першыя крокі дзіцячыя, За першыя слёзы, калі Бацькамі бяз жалю-без літасці Быў гнаны ў дзіцячы садок… Што будзе пасля – акалічнасці, Галоўнае – першы радок! Пачатак, прывабныя ўводзіны Жую саладзенькім дражэ: З чаго пачынаецца Жодзіна? З разгалістай літары “ж”, Як жонка, жыхарства, жыдоўская Жахліва жывая журба, Жабрацтва, журы, “Жыгулёўскае”, “Жызэль”, “Жэрміналь”, жажаба, Жырафа, жаўрук з журавінаю, Жыгучка, жаўнер, жалуды, Жаданне жывіцца жанчынаю, Жартоўнасць жыцця без жуды… Славутую песню каверкаю, Карціны ўстаюць уваччу. Пытанне гаркавай цукеркаю У роце смакую, смакчу, – Як гронку чырвонай смуродзіны. І тахкае сэрца ў грудзях. З чаго пачынаецца Жодзіна?.. І ці абяцае працяг?