РАДЫЁ-ВІЁН
Mais ou sont les neiges d’antan?
О, как похож ты, тающий снег…
Хлопец насупраць – ня супэр-зорка, дзяўчынка яго – ня мэга, але, пяшчотна абняўшы, яна гаворыць яму:
“Мама казала, праз сорак дзён пасьля першага сьнегу
выпадае сапраўдны, каторы – на ўсю зіму.
Першы быў пазаўчора, я падлічыла – і, ведаеш,
гэта зіма пачнецца якраз трыццаць першага сьнежня.
Той Новы год быў нейкі ня вельмі вясёлы, у гэты ж
так пагуляем, што дворнікам зранку будзе ня сьмешна!”
Я пагуляю таксама. Хай сьнег замятае дарогу,
што перайду, каб дрэнных прыкмет не баяўся сустрэчны кот.
Буду брысьці па леташнім сьнезе і згадваць сабе патроху
тых, якія мінулі, як гэты год.
Дзе прыўкрасная А., выдатніца па фізкультуры?
Як аблягалі попку яе трусы!
Як яна танчыла пад “You My Heart” са школьнай апаратуры, за вялікія вушы закінуўшы валасы!
Дзе чароўная Н., што ведала ўсе памеры
і вершавала пра маці, радзіму і ўсё такое?
Я хацеў яе… Н. разгадала мае намеры –
і пасьпявала схавацца ў піянерскім пакоі.
Дзе дзівосная М., што ў інтэрнаце шпалеры
клеіла разам са мной, каб квітнеў унівэрсытэт?
Я не заўважыў, як трапіў да яе ў кавалеры,
і ня ведаў, што трэба рабіць, застаўшыся тэт-а-тэт.
Дзе спакусьніца І., што езьдзіла з намі на бульбу
і не здала іспытаў, нарадзіўшы дзіця?
Я напісаў ёй агульны сшытак вершаў і – mea culpa! –
так і не перайшоў ад паэзіі да жыцьця.
Дзе неймаверная В. з Крыжоўкі на Менскім узмор’і?
(Брат, лейтэнант ГБ, пагражаў, што мяне дастане.)
Потым я бачыў яе ў праграме “Прагноз надвор’я”: нешта пра пацяпленьне й сьнег, каторы растане…
Хай ласкавы шансон у кавярні гучыць папсова,
покуль зь дзяўчынкай цалуецца маладзён.
Кожны леташні сьнег растане своечасова,
каб нам было што ўспомніць праз сорак дзён.
ДОЎГАЯ ДАРОГА ДА ГАРШКА
а здорава было б узяць і напісаць сямейную сагу
пра бацькоў і дзяцей і назваць яе “доўгая дарога да гаршка”
тамоў так на сто пяцьдзясят прывітаньне бальзаку
калі ў друкарцы і ў аўтара хопіць на ўсё парашка
капітальна прадумаць розныя сюжэтныя адгалінаваньні
каб плынь сьвядомасьці бараніла віры свае
каб каханкі ў ложку шкілеты ў шафе тапельцы ў ваньне
і духоўнасьць духоўнасьць духоўнасьць а як безь яе
вось скажам філфак унівэру да самай спартзалі набіты німфэткамі
з гарадзкою прапіскай сurrent мusic: на мурамскай дарожцы стаялі тры
ён знаёміцца і адразу ж пачынае яе параўноўваць з рознымі кветкамі
бо ён тут адзіны зь вёскі яму сямнаццаць столькі ж александры…
ён з маленства аматар броўкі яна мае пірсінг на броўцы
кажа што кветкі выклікаюць у яе іншы асацыятыўны шэраг
яны нешта п’юць ён прачынаецца зранку на ейнай сяброўцы
яна дарыць яму пацалунак ён згадвае аб людажэрах
яна кажа што ейныя бацька і брат толькі што селі
за групавое забойства яе папярэдняга жаніха
і пакуль яны там трэба хутка згуляць вясельле
як гэта ледзьве знаёмыя? а каму я тады да раніцы ладзіла вднх?
трыццаць дзьве незамужнія аднакурсьніцы вялі іх замест канвою
адзінаццаць абкураных дваццаць адна бухая
і толькі пад праваслаўнай былой уніяцкай царквою
ён зразумеў што напраўду кахае
гасьцей панаехала цэлы аўтобус як на экскурсію
апошні раз ён так хваляваўся калі вучыўся браць акорды з барэ
празь дзевяць месяцаў яна мела найпрыгажэйшы жывот на курсе
хлопчыку ў гонар здадзенага іспыту далі імя анарэ
ад крыкаў маленькага генія зранку расколвалася башка
але гэта палова бяды бо нягоднік паставіў мэтаю
з паўгадзінкі паседзеўшы марна пасьля пакакаць міма гаршка
разоў гэтак сто пяцьдзясят каб бацькі чалавечую мелі камэдыю
і вось зь яго вырас батан-выкладчык пад гучны гоман
ён сочыць як у студэнтак сыходзіць румянец са шчок
покуль ён валіць ім мантру: рамантычны энтузіязм іронія гофман
і залаты гаршчок
залаты гаршчок
залаты гаршчок
ФАЛЬШЫВЫЯ СЯБРЫ ПЕРАКЛАДЧЫКА
Ён верыў у Дзеда-Мароза, яна ў выкраданьне Эўропы,
яго бацькі ў камунізм, яе бацькі ў гараскопы.
Ён – лютаўскі Вадалей, яна – верасьнёвыя Шалі,
і ейныя тата і мама яго на першых парах запрашалі.
Ейныя продкі былі элітай яйкагаловай:
бацька – доктар навук, маці – проста мэгера.
А кавалер іх дачкі меў тады восем з паловай,
і ўсе яго звалі Гоша, яна ж называла – Гера.
Яна ў свае сем была вундэркіндам і нават ведала троху
лаціну. Сказала яму: “Carpe diem! Перакладзеш з Гарацыя?”
Ён дома аскуб адрыўны каляндар. Пасьля стаяў на гароху, бо бацька ня трапіў тады на цягнік, а ў бацькі рука гарачая…
Празь дзесяць гадоў ён сустрэў яе на ўзьбярэжжы Юрмалы.
Убачыў – і крочыў за ёю ў ваду, адчуўшы юр не малы.
Яна крычала: “тану!”, а ён: “не патонеш, мячык!” –
і перакладаў яе з хвалі на хвалю, як перакладчык.
Яна яму: “што ты робіш?”, а ён у адказ: “то и делаю!” –
і цалаваў яе проста ў Балтыйскае мора.
Потым ён жартаваў, што вышэйшы на цэлую
галаву. А яна яму: “Цэлую? Ты ж на яе – хворы!”
Ейны бацька сказаў: “Валіў бы ты ў войска, лепш у памежнікі!”
Ён адказаў: “Carpe diem! Гэта з паэзіі Рыма”.
Потым дадаў: “Вы – вяршкі грамадзтва, мы – яго вершыкі”.
Потым ляснуў дзьвярыма.
Ейная мама на кухні да ранку рыдала, як плачка,
павучала дурніцу восем гадзінаў запар:
“Доча, калі ты хочаш у лінгвістычны на перакладчыка, ён – твой фальшывы сябар!
Хочаш на перакладчыка – менш паэзіі!
Хочаш у лінгвістычны – сябруй з галавою!”
Уночы яна прысьніла, што яму галаву адрэзалі,
і яна размаўляла зь ёй, як з жывою,
любавалася ўсьмешкай зь беларусьфільмаўскім прыкусам
і пахавала ў вазоне з маміным фікусам…
Хтось назаве ўсё гэта казкай ці містыкай, іншыя скажуць: “Жыцьцё – тэатар, які пачынаецца зь вешалкі”.
Сёньня яна працуе высокааплатнаю сынхраністкай.
Ён сядзіць у яе на шыі, перакладаючы вершыкі.