ЗЯЛЁНАЯ ГАРБАТА
Гэткае адчуваньне, што да мяжы засталося гадзіны дзьве, як тады, калі на ялінках у Беластоку расквіталі гірлянды; ты чуеш, як малазнаёмая мова гудзе ў галаве,
як булькае ў торбе чароўны напой з Ірляндыі.
А недзе ЖЖ-карыстальніца зь немаўлём піша сваю ідылію, і цішыня, падзяляючы вашыя словы, здаецца няспыннай; покуль ты, нібыта вясьляр акадэмічнага стылю,
набіраеш хуткасьць наперад сьпінай
у intercity ў адным вагоне з аматарамі паленьня, і на ролю ахвяры табе пасаваў бы любы, –
але недзе там немаўля, седзячы ў яе на каленях,
сьмяецца табе здалёк на ўсе чатыры зубы.
І ты дасылаеш ёй словы, якія ня будуць страляць гарматай, але павольна дзейнічаць далікатна запаранай зялёнай гарбатай, каб яна ад іх не заплакала, на сьмех усяму тралейбусу, сярод падагрэтага зусім не зялёнай гарбатай плебсу.
Каб вершы чыталіся лёгка ў лістах і далучаным “вордзе”, не палілі агнём і не студзілі як лёд,
каб, робячы перасадку ў незнаёмым аэрапорце,
яна, зачытаўшыся, не спазьнілася на самалёт.
* * *
там, дзе нас няма, цяпер зіма
мроі з воску лепяцца па-свойску
канапляны водар задарма
і байцоўскі клюб заместа войска
там бывае добрай навіна
робяцца прыемныя адкрыцьці
хочаш волі – апынайся на
а ня хочаш – хоць на маргарыце
там да самай сьмерці маладосьць
на раство – халвы халяўнай торба
там, дзе мы пакуль яшчэ ня ёсьць
і таму – па азначэньні – добра
бізнэс-чортам лётае каваль
бо жадае туфлікі аксана
там, дзе нас пакуль яшчэ, на жаль
зрэшты, дзе мы ёсьць – зіма таксама
* * *
Малая, я выйшаў з дому пасьля вечаровых навінаў,
якраз пачынаўся трэці пэрыяд хакейнага матчу:
канадцы па поўнай праграме пярдолілі фінаў,
ці, можа, фіны канадцаў – тыя таксама мача.
А два з паловай гады таму ты плыла ў велікодных званах, мазала шчасьце на хлеб і мне прапаноўвала лусту…
Пасьля пайшла ад мяне да першага лепшага нах-
імаўца і, як відаць па мэйлах, цалкам зьехала з глузду.
Хтосьці казаў, што ты ў інтэрнэт ходзіш, як на хаўтуры, пасьля сябе пакідаючы мёртвыя жывыя дзёньнікі…
І пальцы бяруць дзьве актавы кірыліцы-клявіятуры,
і дрэнныя рыфмы б’юцца аб шкло манітора, як матылькі-аднадзёнкі.
Яшчэ сем дзён, нібы сем самураяў, у баявой апранасе
ідуць паўзь мяне ў беспрабуднай цішы, на восьмы ж
я разумею: дзеля таго каб забыць адну вар’ятку, прынамсі
патрэбна другая вар’ятка, а дзе такіх яшчэ возьмеш?
І што там на юзэрпіку за голыя ногі? Ня сьцяміце.
І што там за прыгажуня сьмяецца ў начным трамваі
табе напаўабарота? Бо час сутыкаецца з памяцьцю,
час сутыкаецца з памяцьцю – і забівае.