Выбрать главу
ДЗЯДЫ

Драматычная паэма

КАРАТЭІСТ (замест уступу)
сем гадзін на паўднёвы ўсход на старэнькім “ЛАЗе” і вясна за Кармой, і ты ўсё лета ў Чачэрску дзе сусед-вэтэран, што ведае ўсё аб празе і смазе з раніцы, лаецца не па-чэску дзе нас на летні час пераводзяць крыкамі пеўні у кінатэатры “Акцябар” піраты і магараджы а вечарамі з плястмасавай крышкі ўсё больш упэўнена п’ецца мядзьведжая кроў на развалінах ратушы шыкоўныя “ГАЗ” і “ЗІЛ” на пляцоўцы ля ДОСААФа сто дваццаць км на сьпідомэтры і мы амаль неўміручыя і хто мог знаць, што мясцовы маёр, буйнагабарытная шафа так спрытна бегае й так балюча вушы накручвае і вечаровыя рамантычныя падарожжы з мэтай калгасных яблыкаў стырыць у садзе і першыя траўмы – купаньні старэйшых суседак у Сожы у таварыстве мальцаў, зь якіх кожны чацьверты сядзе і Сож быў глыбокі, і віскат быў гучны, і малец быў хуткі і пад вадою добра чыталіся ўсе іх рухі і мы, ня ведаючы, як правільна пішацца ПРАСТЫТУТКІ на прыбярэжным пясочку пісалі ШЛЮХІ гэта праз год усё выглядала проста бусі марусі, танькіны станікі, ленкі каленькі і нязьменны стандарт 90/60/90 хлопцы ўносілі па 90 капеек, а я 60 як самы маленькі а пасьля міма касы ў краме – лепей ужо маўчы слоік зь бярозавым сокам – першы сур’ёзны твор мой і на дзіцячай пляцоўцы недзіцячыя махачы проста каб разагрэцца ці пахваліцца формай помню шчарбатага хлопца – пярэднія нехта выбіў шорты ніжэй за калена і губы ў таматным соўсе ён замахнуўся двойчы і двойчы схібіў а на маю нагу потым сам напароўся думаю, зараз заб’е, а ён хутка залез на плот і залізвае там баявыя раны і раптам як закрычыць на ўвесь свой таматны рот ТЫ ЯШЧЭ ЖЫЗЬНІ НЯ БАЧЫЎ КАРАТЭІСТ ЗАСРАНЫ!
яшчэ памятаю дзьве бойкі ў гонар дзявочай плоці адна была з дошкамі, іншая з парай лёгкіх гантэляў але нішто не закрэсьліць байца на чачэрскім плоце які два разы замахваўся і два разы не пацэліў і цяпер, калі нехта па п’яні жадае біцца я адказваю ветліва: “слухай, наконт біцьця пры ўсёй калясальнай павазе да тваіх мэга-біцэпсаў ніхто з нас – ні я, ні ты – яшчэ ня бачыў жыцьця”
1. ПРЫВІД
у чорным-чорным лесе за чорнай-чорнай ракой і ўсе чачэрскія дзеці штовечар гублялі спакой на чорнай-чорнай паляне і зырылі ў рот дзевяцігадовай Ульляне стаіць чорны-чорны дом а ў ім чорны-чорны… замоўкні, дурань, ніякі ня дзядзя Том у чорным-чорным пакоі заткніся, разумнік, чорт ведае, што такое на чорным-чорным ложку чорная-чорная падушка не рагачы, Андрушка у чорнай-чорнай падушцы чорная-чорная голка цішэй, Міколка з чорнаю-чорнаю ніткай хто хоча працягу – частуй шакаляднай пліткай і мы пагаджаліся з гэтай драпежнай палітыкай бо ў Валеркі бывалі цукеркі жуйкі ў буржуйкі Валі і ўсе давалі дык вось, прынесьлі дадому бохан чырвонага хлеба іншага ў краме не засталося, а есьці трэба елі мама і тата, і сын, і сястра ягоная (а буханка чырвоная!) толькі заснулі, як у сьцяне адчыняецца дзьверца… АДДАЙ МАЁ СЭРЦА! міжгародні аўтобус спыняецца на прыпынку маці выбегла на хвілінку пакінуўшы ў ім дзяўчынку праходзіць хвіліна, і дзесяць, а мамы няма і няма дзяўчынка выходзіць сама шукае маму – дарма мінае восень, зіма а тата-міліцыянт яе ўсё ня знойдзе і толькі ўлетку будаўнікі, зламаўшы асфальт, знайшлі валасы і пазногці на глыбіні два з паловай мэтры а ўночы з мамінай шафы зьявіўся прывід у маміным швэдры і тут найстарэйшы з нашай кампаніі, Коля абсалютна бясплатна пагнаў гісторыі, што яму ў школе апавядаў прасунуты прэпад па маляваньні пра труп, схаваны ў лядоўні, пра кроў нябожчыка ў ваньне пра тое, як муж сваю жонку замураваў у сьцяне мы слухалі, нібы ў сьне як сэрца забітага стукала пад паркетам настаўнік быў геніем, вучань – таксама някепскім паэтам і мы траплялі ў адаптаваныя для райпо пекла Лаўкрафта і рай По толькі тут мы заўважылі, што сапраўды ўжо вечар што згусьцілася цемра і ў доме насупраць на словах “…Маргарэт Тэтчэр…” радыё змоўкла раптоўна, а дом наагул карыстаўся нядобрай вядомасьцю гаспадары неяк зьніклі з усёй іх маёмасьцю а бабуля казала, што добрых людзей ніколі ў ім не жыло часам у вокнах запальвалася, потым гасла сьвятло часам гучала і раптам змаўкала радыё вось і цяпер: сядзім мы на ганачку й самі ня радыя што калі гэты дом – насамрэч дом з прывідамі? прывіды людзі сур’ёзныя, помняць абразы з крыўдамі тэрарызуюць жывых злачынствамі даўнімі нават такімі, як мы, не пагрэбуюць даўнамі тут усе спалатнелі Таня і Сьветка, і нават сястра яе Нэлі біла дрыготка Жэню што сарамліва хаваў свае пальцы ў кішэню я ўжо маўчу пра сваё трымценьне раптам над намі навісьлі два велізарныя цені зарагатаўшы на два галасы нелюдзк ія: ШТО, ГАРАДЗКІЯ?! шчэрачы чорныя зубы й чырвоныя дзясны Воўка Уздоўскі і Чэчык, граза Калгаснай з крыкам НЯ ССЫ! кідалі ў валасы Сьветцы, якая ляжала са складзенымі на грудзях ручкамі як і належыць спалоханай прывідам даме лопухавымі калючкамі а па-чачэрску – ДЗЯДАМІ