Выбрать главу
Бармэн-сюіта
На тытунёвай фабрыцы жанчыны чатыры дні таму без дай прычыны абвесцілі агульны лакі-страйк, і ў бары прыбыло слабога полу: ціхманы апускае вочы долу, затое для залётніка – кландайк! Наш бар – утульны, танны і спакойны: сусветныя паскончваліся войны і не сваволяць зброяй землякі. А па-за тым, наш бар – на параплаве, і лярвы, не забітыя ў аблаве, бухаюць на сярэдзіне ракі. Была адна, што больш за ўсіх бухала й не апускала веек-апахала, стыдаючыся позіркаў гасцей. Яна была па пашпарце цыганкай, паводле звычак – нашай выхаванкай і ўвагі нашай знакі найчасцей “зялёнымі” прымала і “капустай”, ды яўнай не займалася распустай, бо замужам была, хоць сужанец часова кукаваў без сужаніцы, за кантрабанду седзячы ў вязніцы: злавілі на гарачым – і канец. Фліртуючы з сумнеўнымі сябрамі, яна чакала пры турэмнай браме, пакуль яе прапусціць вартаўнік, што стаўся сведкам ейнай прыгажосці і дзень пры дні чакаў красуню ў госці – і пачуцця фатальнага не ўнік. Ён прагнуў, каб аднойчы, у Севільі, ягоны сон яны ажыццявілі, пабраўшыся ў мясцовага айца… Ён не чытаў “Кармэн” – быў непісьменным. А я на параплаве быў бармэнам і бачыў гэту драму да канца. Няшчасны вартаўнік паходзіў з баскаў
і з недаверам ставіўся да баксаў, і шлях, якім пайшоў ён, быў цяжкі: ён дарыць краскі, краля – анігадкі, ні гваздзікі не ўражваюць, ні брáткі, бо іншае дарылі ёй браткí. Ён трызніў у душэўным неспакоі, начамі паўтараў імя, якое мы блыталі то з кармай, то з кармой. А здрадніца сядзела ў нашым бары і, не знайшоўшы ніштаватай пары, маркотна частавалася хурмой… На параплаве музыка іграе, канчаецца трагедыя старая: прыбылы з Андалузіі нацмен у бар наш урываецца без маскі і, крыючы па-мацеры па-баскску, страляе ў беспасажніцу Кармэн: “Ну дык не даставайся ж ты нікому!” Юрлівіца правальваецца ў кому, а там адно цямрэча й цішыня… А заўтрашні Высьпяньскі (ці Астроўскі) нацешыцца й забудзе па-матроску, як востраў (выспу) ўчорашняга дня.
Калі разгуляецца…
Люблю навальніцу на свята працоўных, калі разгуляецца ў небе пярун, а тут, на зямлі, са стыхіяй на роўных, свой верш прамаўляе паэт-гаварун. Нябёсы маланкай міргнуць дабрачынна, вясновую зліву ўзмацніўшы ўтрая, – прамокне наскрозь чарнявая дзяўчына, прынада, прынада, прынада мая!.. Да хаты вяртаецца ўдзячная моладзь з дзіцячых садкоў беларускіх і школ, нябеснага бацьку ў Жыровічах моляць, каб шчасце ды мір панавалі вакол. На ўсходзе даўно не здаралася путчаў, на захадзе хутка дазволяць аборт, а шчасны паэт, не раўнуючы Цютчаў, чакае натхнення, пускаючы “word”. Ён будзе пяяць пра сюжэт старадаўні. Пра іншае, дружа, пакуль памаўчы! Як кожнага году на першага траўня, галоўнае свята пачнецца ўначы. Курган векавечны амаль раскапаны, і хутка натоўп неразумных хазар, вампіры і ведзьмы, залётнікі й панны, калонай памкнуць на славянскі базар! Сябрына на шабаш, бы спожыць у кайстру, – без лебедзяў чорных і белых варон. І кожнай Мальгрэце – асобнага Майстра, і кожнаму Фаўсту – уласны патрон. Шатаны, анёлы, багі, дэміургі, прыходзьце, нясіце дары ў дарасхоў: зямля беспасажна-цнатлівых Вальпургій дагэтуль чакае сваіх жаніхоў!
Вольны муляр
Я буду будаваць сабе кватэру, з буслам на даху й Будам на сцяне. Не бунгала, не будку бультэр’еру – бетонны бункер – не разбурыш, не! Каб днём бурлескам бузаваць паперу і бударажыць будуар у сне. Будуючы, у будучыню веру… Хоць з бадуну нам рай і ў будане. Будуйма! А падтрымкай нашым будням – Сямён Будзённы із Сымонам Будным, Афрык Сымон (музыка), дзядзька Сэм, Сім, Хам, Яфет… Збудуйма нармалёва і Будапешт, і Буда-Кашалёва, Буэнас-Айрэс, Бургас, Бэтлеем!