Няўлоўныя мсціўцы
Нам калыханкай сталіся здаўна
гарматны гул і кулямётны строкат.
Мы часцяком спыняліся за крок ад
смяротнай бліскавіцы й перуна.
Паслоў варожых пасылалi на…
Блукалі па балотах, жэрлі блёкат,
пілі атруту i, паснуўшы ўпокат,
цвярозымi ўставалi давiдна.
Без мараў пра хвалу і ўзнагароду
жыццё аддаючы ў імя народу,
на вогнішча ішлі, як Жанна д’Арк.
Бо кожны з нас да звышгеройства звыклы,
і вораг часта бачыў нашы іклы,
заходзячы ў мясцовы заапарк.
Chansons de geste
1.
Дзіўлюся намаганням чалавечым:
забыўшыся на пляшку і графін,
чытаннем зрок над свечкаю нявечым –
і льецца на старонкі парафін.
Лепш смерць ад кніжнай плесні ў галаве, чым
тэлевізійны бог, Ісус “Навін”.
І трызніць уначы сераднявеччам
амаль абеларушчаны ліцьвін.
Ён там, дзе воі гінуць на адхоне
і трубіць Аліфант у Ерыхоне,
і лопаюцца скроні трубача.
Па даўняй гераічнай завядзёнцы
хаўтурны стол чакае крумкача –
і Шарлемань Бэн Нун спыняе сонца.
2.
Дванаццаць пэраў – у адной палаце:
дыягназ просты – печаняў цыроз.
Ім лекар, што сядзіць тут на зарплаце,
паліць не дазваляе папярос.
Спіць Аліўе, чый твар даўно ў салаце:
ён марыў паглядзець Ралан-Гарос,
а бачыць Ганэлона ў маскхалаце,
што зросся па кавалках і ўваскрос.
Першасвятар Турпэн, зацяты вернік,
дазнаўся, што на свеце быў Капернік
і не было нязрушнае зямлі.
Ой, Госпадзе, нябесны абаронца,
калі зямля бяжыць наўкола сонца,
дык што ж тады спынялі каралі?!
Вагнер. Тэтралогія “Фаўст”
І. Пра-Фаўст
Ён век тапіў у ведзьміным нектары,
як сведчыць знакаміты фаліянт;
пяяў для Грэтхен нават без гітары,
і спеў быў найчысцейшы, як брыльянт.
Пасля ў вар’ятні білі санітары
(няспраўджаны дагэтуль варыянт).
Агент “0,7”, кароль усёй шклатары,
ягоны цёзка і фаміліянт.
Цяпер яго не вабяць пагулянкі:
а мо шатэнкі й насамрэч шатанкі?
Не, досыць! Ён адгарцаваў сваё!
Як радца, мае ў Ваймары заробак,
чытае Аляксандра-бацьку, то бок
прыгоды д’Артаньяна й Рышэльё.
ІІ. Бессань у ноч Вальпургіі
Праз горы й красавіцкі начны холад
у месяц травень рушыш напрасткі.
У небе два сузор’і – Серп і Молат –
плывуць, прычым у розныя бакі.
Красуня на мятле й рагаты волат
мілуюцца й скавычуць, як ваўкi;
твой сябра Мефістофель (ён жа – Воланд).
Што за народ? Вядома ж, землякі,
што раз на год збіраюцца на Гарцы.
Кульнуць па чарцы ды з’ядуць па скварцы –
і браму пекла разаб’юць ушчэнт.
І ўратаваны шараговец Каін,
як гаспадар ад Брокену да ўскраін,
паўсюдна здзейсніць поўны хэпі-энд.
ІІІ. Гамункул
Каспара, Мельхіёра й Бальтазара
не будзе – я не веру ў трох цароў.
З набыткамі вяртаюся з базару,
каб хлопец не застаўся без дароў.
Мне ж падарункам – здзейсненая мара:
праз кропельніцу ўведзеная кроў
бруіцца ў жылах, ажыла пачвара,
ён нарадзіўся, Вагнер! Будзь здароў,
чатырохкротны доктар і магістар,
загартаваны ведаю філістар,
няўдзячны імітатар хараства,
ледзь не забіты сківіцай аслінай!
Ты па начах над колбай пырскаў слінай –
і стаўся зоркай новага Раства!
Але памрэш, як жыў, – напаўраслінай.
ІV. Галена
Ты ўзнёс у ейны гонар не хаціну –
гатычны замак, велічную цвердзь.
Схуднеўшы ад кахання на траціну
й цвярозы розум страціўшы на чвэрць,
намаляваў уяўную карціну:
любоўны вір, пяшчотаў кругаверць.
Ды твораць неадольную плаціну
яе каханкі, час, прастора й смерць.
Ты прагнеш немагчымага, упарты,
з нябыту клічаш валадарку Спарты,
царыцу старажытнагрэцкіх сноў.
Ды мара не скараецца нахабу:
над прывідам схіляешся – і зноў,
гаротны, узасмокт цалуеш жабу.