Вавілонскі праект
1.
Марнеюць у гародзе буракі,
ні часныку не вырасла, ні кропу:
вось радасці суседу-мізантропу,
што пяты год не падае рукі!
А ў хаце, без цукерак і сіропу,
пакутуюць самотна хлапчукі:
не хочуць рускамоўныя бацькі
пускаць іх у пясочніцу Еўропу.
Як пусціш? У тамтэйшых дзетак спрэс
грашовы інтарэс і пулярэс,
а іхныя бацькі – зірні на пейсы! –
героі найпачварнейшых легенд –
гандлёвец, здраднік, хлус, інтэлігент –
жыды, касмапаліты, еўрапейцы!
2.
Не, мы не проста бавімся ў пяску –
падмурак новай Вавілонскай вежы
будуем на памежжы. (Рым нясвежы,
ды скуль жа іншы возмецца ў радку?)
Канструктар “Lego” возьмем у руку…
Дарэчы, што за дзіўныя відзежы?
Вандроўны цень у форменнай адзежы
па нашым шнырае мацерыку.
Хто там ідзе? Мо ўласную харызму
нам дэманструе прывід камунізму?
Маг Бальтазар? Маэстра Картасар?
Не, гэта з пошты тупае палкоўнік:
нарэшце ліст – і ён бярэ каркоўнік,
па-еўрапейску кажучы – гляйс ар.
3.
Не тую парыжанку, што ўсе вы
шануеце не менш за Мону Лізу;
не іншую, чый кругаслуп крывы
на ўсе вякі праславіў горад Пізу;
не тое дзіва, што сярод Масквы
сасной палала ад гары да нізу, –
не, нашая не схіліць галавы
дый у Еўропу нам адкрые візу!
Складзем на вежы з вершаў пра чабор
дыхтоўны беларускі кнігазбор,
што апявацьме Борхес невідушчы…
А мо наўкола пасадзіць лясы
і жыць, як у Гусоўскага часы,
у нетрах Вавілонавежскай пушчы?..
4.
Не хопіць у пясочніцы нам гліны,
каменьчыкаў стае адно ледзь-ледзь,
а мы ўсё лепім крохкія цагліны,
каб нашай пабудове ацалець.
Будуем казематы, равеліны
і кажам: “Трывалейшыя за медзь!”
А словы сэнс мяняюць штохвіліны,
і аднадумцам цяжка зразумець.
Мы ім: – Каштоўны скарб Старога Свету!
Друкарства! Рэфармацыя! Асвета!
Навука! Гільятэн і Франкенштэйн!
Грамадская й Шэнгенская дамовы!
Кілішак дваццаціпяціграмовы!
Еўропа, разумееш?! – Ніхт ферштэйн.
Маленькі жабрак
Я ведаю, няма тваёй віны
ў тым, што кагось прыручыш алкаголем.
Учора ўночы мне прысніўся Голем,
пітушчы прывід пражскае вясны.
Кітайскім матылям тлумачым сны,
а раз на месяц роспачна скуголім
на месяц – голым каралём дэ Голем
з кінэматаграфічнай прасціны.
Раскоша чалавечага сумоўя,
цяпельца выпадковага зімоўя…
Тапелец, што прачнуўся ў немавед
якім паветры без вады і сябры,
спрабуе надзімаць пялёсткі-жабры,
самотнай ружай кінуты ў сусвет.
Трамвай “Жаданне”
Остановите, вагоновожатый…
М. Гумілёў
Ты пустазеллем у цяпліцы вырас
і хутка забадаў усіх, бадай…
І рвецца з вуснаў нецэнзурны выраз,
хоць іншаземцу чуецца: “must die!”
Нясеш па свеце небяспечны вірус:
замураваны ў бомбе самурай,
ляціш з нябёсаў і сягаеш віру з
небеларускім воклічам “банзай!”
Нібы забыты лірыкамі топас,
блукаеш па начах, п’яны аўтобус,
ці карабель – у акіяне слоў…
Ты са слупамі загуляўся ў кеглі
і йдзеш на дно, а пасажыры збеглі,
як толькі флейту ўзяў пацукалоў.
Паслямова
Ты занураўся ў сене, нібы ў Сене,
з цыганскаю красуняю Кармэн,
ёй недарэчы дарачы насенне
й нічога не жадаючы ўзамен.
Пара збіраць плады, цяжар асенні
узважваць, ды марнее твой бязмен.
А ты ўсё прагнеш боўтацца ў басейне –
мяркуеш, што дагэтуль супермэн.
Ты б мог сягнуць вышэй за піраміды,
але ў кампутары Семіраміды
твой сад завіс яшчэ ў палеаліт.
Гадуючы жыгучку і дзядоўнік,
чакаеш, покуль з’явіцца садоўнік,
які націсне “ctrl”-“alt”-“delete”.
Дачакаць!
Чаканне каштоўнейшае за чаканку
старых медалёў, старажытных манет.
Чакаць ганарару, навінаў, каханку,
што ўночы наведае праз “інтэрнэт”;
чакаць, што знаёмыя вернуць пазыкі,
і клясціся больш не даваць напавер;
чакаць, што паўстане народ без’языкі,
калі пасля дожджыку будзе чацвер;
чакаць, і пад томам “Сымона-музыкі”
у пыльнай шуфлядзе трымаць рэвальвер.
Чакаць, калі здарыцца Раз Назаўсёды,
з надзеяю гледзячы за далягляд.
І вось дачакацца, калі не свабоды,
дык першых у новай эпосе каляд.
У міры ды згодзе, са смехам дый годзе,
на стол пачастункі паставіць свае
і ў першага-лепшага тысячагоддзя
спытаць: “Трэцім будзеш?”
А раптам не п’е?!
Усе атрымалі святочныя грошы,
засмажылі тлустую смачную гусь
і жджэм, што апоўначы самы харошы
з экрана прамовіць “Жыве Беларусь!”
А мы ап’янеем, губляючы розум.
Закружыцца голаў ад мрояў і кроз.
Міколка, што некалі быў Паравозам,
а сёння ўвіхаецца як Дзед Мароз,
ізноў распачне навагоднія жарты,
снягуркі апрануць свае кімано
і сядзе дасведчаны шулер за карты –
гуляць са стагоддзямі ў “дваццаць адно”…
А стрэлка праходзіць апошні адцінак.
(Два тысячагоддзі – на ейным баку!)
Зязюля падкінула яйка ў гадзіннік
і хутка ўсясветнае грымне “ку-ку”.