дэжа вю
ажываюць персанажы анекдотаў
з падсвядомасьці выходзяць на пленэр
зноў матросаў закрывае дзіркі дотаў
зноўку бацьку падстаўляе піянер
льецца песня на далёкім паграніччы
у чальцоў кпсс пайшоў працэс
мудры чукча запалярны паляўнічы
стаў на лыжы з групенфюрэрам эсэс
падрывае партызан цягнік варожы
ў акупантаў перманентны пераляк
іх чакаюць ваяры на раздарожжы
тры танкісты рускі немец і паляк
прыхадзіце сёння ў танку будуць танцы
баявік ужо ўзышоў на бранявік
пралятае на тачанцы-растаўчанцы
кат катоўскі энергічны сілавік
камікадзэ супраць шашкі скача боса
куля дура камандарма не чапай
ардынарац пецька тройчы выдаў боса
крыкнуў певень і на дно пайшоў чапай
але прывід камунізму тут не вымер
ён глядзіць з чырвоных зорак п’яны ў дым
і ваван валодзя вовачка ўладзімір
назаўсёды застанецца маладым
арляняты гэй шыхтуйся ў шчыльны шэраг
паляцім куды не ходзіць наш цягнік
як не згубімся? элементарна шэрлак
нас чакае дасканалы праваднік
верным шляхам запаветамі дэ сада
верным шлюхам не застацца сёння збоч
па вальпургіевай ночы шахразада
будзе вам варфаламееўская ноч
хто ідзе? штандартэнфюрэр са штандарам
прапар з прапарам выходзіць на прасцяг
шпаркім крокам проста ў будучыню шпарым
па кастрышчах па касцёлах па касцях
ананасы із шампанскім будуць нашы
хто не з намі пасмяротна стане наш
ажываюць персанажы персанажы
трыюмфуе неўміручы персанаж
гарадскі раманс
у год дваццаць восьмы як ты нараджэннем пацешыў айчыну
амаль выпадкова сустрэў ты дзяўчыну дакладней жанчыну
вы стрэліся з ёю на лесвічнай клетцы на сёмым паверсе
шыкоўныя ногі й даруй мовазнаўца адметныя персі
такое здарэнне такая падзея такая прыгода
між сёмым і шостым дакладней паверхам ля смеццеправоду
яна была роўнай блукаючай зорцы вандроўнай камеце
калі грацыёзна цябе абмінула выносячы смецце
без лішніх ілюзій без марных спадзеваў без подумкі задняй
яе ты праводзiў амаль да пярэдняй вітальні дакладней
ты крочыў у спальню з трымценнем хлапечым з дрыготкай юначай
нічога такога не меў ты і ў думках ды выйшла іначай
яна цалавала пяшчотней ад сонца за ветрык лагодней
ты зь ёй сустракаўся штодзённа а часам і двойчы на содні
ты быў шараговым амаль выпадковым і зрэшты чарговым
каханкам красуні ў цагляным будынку сяміпавярховым
а сэрца пяшчотай бруілася ўпотай дакладней каханнем
якое багомім кунежым і песцім руйнуем і ганім
з юрлівых і ўвішных збірае Ўсявышні нявернасці чынш і
цвітуць ужо вішні а потым віншую з’яўляецца іншы
падводзячы вынік мілосным турботам нядзелям суботам
а потым няпруха а потым запоі а потым а потым
а потым з балкону зрываешся долу амаль выпадкова
і лічыш паверхі і дзякуеш лёсу сяміпавярхова
альба альбарутэніка
я стаю пры тваім акенцы
і пяю табе сэрэнаду
ты ў акне ў празрыстай сукенцы
мне гаворыш мальчык ня нада
я ж чаканю рым дубальтовы
й не пайду да ранку дамоў
на ўсіх мовах пяяць гатовы
(ты ня ведаеш гэтых моў)
па-японску як такубоку
па-кітайску як сам лі бо
я кахаю цябе глыбока
ты прымі гэту альбу альбо
засьпяваю новыя альбы
я давёў іх сёньня да ладу
перайду для цябе цераз альпы
і складу ня альбу баляду
эх пакласьці цябе на раяль бы
і такую ўчыніць карусэль бы
я цябе апяваю ў альбе
гэта як сустрэча на эльбе
гэта варта вершаў і прозы
й трызьняць альбаю ў неспакоі
альбіносы і альбатросы
альбігоі і проста гоі
напісаць пранізьлівы вершык
пра любоў пад мастом мірабом
зрымаваць традыцыйна зь “вершнік”
і пакінуць табе ў альбом
падбіраць беларускія словы
і крычаць іх адно табе
зразумелыя да паловы
і ня ўсім жыхаром эрбэ
у парыве літаратурным
барукацца зь дзявочым сном
трубадурам не трубадурнем
пад тваім замкнёным акном