* * *
Час перайсьці ад словаў да явы
(раяць курцы і матацыклісты),
толькі прыходзіць сон мой яскравы,
зыркія словы ў золак імглісты.
Ён наплывае, нібы знадворку,
покуль чуйную ў вадах і хібах.
Распачынае зьліва гаворку,
першыя кроплі граюць на шыбах.
Дэсантавацца ў сярэдзіну зьлівы,
высьніўшы словы, выславіць сон,
кінуўшы вонкі ў горад дажджлівы
свой параплаў, парашут, парасон.
Недзе на біржах падаюць баксы,
недзе на ладан дыхае Ўсама,
менскаю зьлівай дыхаюць таксы,
мокрыя таксы
й таксісты
таксама.
Толькі ўмыкнеш электронны папірус,
вецер ляціць шалапутны і файны:
як найнавейшы кампутарны вірус,
кружыць над местам усе твае файлы.
Марна шукаеш маркі й канвэрты,
марна чакаеш паслуг інтэрнэту.
Сеціва ўрыўкі лятуць у паветры –
пазачарговае бабіна лета…
Сьпелячы словаў смачныя сьлівы,
дыхаеш воляй – пад рэбрамі коле.
Дыхаеш зьлівай, дурань шчасьлівы,
мроячы не прачынацца ніколі.
Геніюс у лодцы
Трэція содні палюем на genius loci,
менскаю зьлівай любуемся ў ілюмінатар.
Тры мудрагелі на жоўтай падводнай лодцы:
лепей захоплены катэр, чым схоплены катар.
Клёвыя мальцы, гарачыя менскія парні,
бы ў гермэтычную скрынку, скарбонку, шкатулку,
разам загнаныя ў нетры падводнай кавярні,
вонкі насоў не высоўваюць,
просяць прытулку.
У парцалянавы слоік хаваецца слонік,
покуль вада не сягнула вяршыняў камоды.
Моцныя выразы моўчкі хаваем у слоўнік –
у непагоду прыязнасьць вяртаецца ў моду.
Проста чакаць, дэгустуючы словы й напоі,
слухаць навіны ды ўважна сачыць за паводкай.
Катэр ці катар – дарэчы, абое рабое!
Мабыць, усё-ткі ў глыбіні падводнаю лодкай.
Азбука Морзэ вадой захлынаецца морскай,
долу зрынаецца неба, сьцякаючы рынай,
звабленае марадзёрзкаю мараю дзёрзкай –
сьвет праглынуць і тваёй закусіць субмарынай …
Міжземнаморскае дзіва, каралавы ёлуп,
будзеш вякі вандраваць пад вадой аўтастопам…
На гарадзкой тэлевежы ўскудлачаны голуб
устурбаваны чарговым сусьветным патопам.
* * *
Ён спускаецца зь першай зьнічкай
і пільнуе нас на рагу.
Набывае душы са зьніжкай
дробным оптам і на вагу.
І тваю хацеў бы пакратаць
пад рыданьні і горкі сьпеў.
А ў яе вялікая радасьць –
не пасьпеў, сябрук, не пасьпеў!
І прыходзяць магі і прынцы,
і пытаюць тваю душу,
а яна: “На сусьветнай ялінцы
навагодняй цацкай вішу!”
І заводзяць танец пагоркі,
і сьпявае п’яны трысьнёг,
і гараць бэнгальскія зоркі,
і душа ў сьвяточных агнёх!
Не злавіць яе ў чыстым болі,
у чыстым шчасьці шукаць дарма.
Вязень-вусень даўно на волі.
Дзе ты, аніма?
А няма.
Ні канвою ў крылатых ботах,
ні анёла спраўдзіць білет…
Угары, як апошні подых,
растае інвэрсійны сьлед.
размовы з экерманам
мысьлю значыць яшчэ жывы
каб любіць пярдолю на вы
быццам івіка журавы
на палесьсе да беларусі
бо я ўмею лётаць у сьне
не тану ў айчынным лайне
і на самым глыбокім дне
покуль дыхаю спадзяюся
паталухi гашыш віно
два такія жыцьцi за адно
толькі каб не зусім лайно
позна ворагі за ракою
ты ня вер што рады дамо
камісар суцэльнае чмо
nevermore крумкач nevermore
не кружы над маёй башкою
уваччу стаяць міражы
дзе радзімыя рубяжы?
ад маркоты і настальжы
на шчацэ ўскочыў фурункул
той куточак перада мной
толькі скронь зіхціць сівізной
што сьмярдзіць? натуральны гной
у рэторце падох гамункул
усё для дзетак бацька мінай
будаўніцтва распачынай
хай квітнее (з)абраны край
а чакаць імгненьняў цудоўных
дармаедам забарані
хай майстры лядовай гульні
адпрацоўваюць працадні
ў змайстраваных табой лядоўнях
хай кахаюць баб мужыкі
партызаны рвуць цягнікі
прызвычайвайся сьвет такі
звычка нам другая натура
піянэрам скажы шалом
за радзіму гінуць аблом
дык зьбірайце мэталалом
усё іншае макулятура