Выбрать главу

Карней Чукоўскі

Для дзяцей

Муха-Цакатуха

Муха, Муха-Цакатуха, Залацістая пяюха!
Муха сцежкаю ішла, Муха грошыкі знайшла.
На кірмаш - глядзець тавар, Там купіла самавар:
«Запрашаю, прусачкі, На гарбату й піражкі!»
Прусачкі спяшаліся, Гарбаткі напіваліся,
А кузуркі - Па тры кубкі З абаранкам, З малачком: Сёння Муха-Цакатуха Імянінніца!
Потым блошкі прыскакалі Боцікі прэзентавалі. Боты незвычайныя, Спражкі дужа файныя.
Завітала ў госці Панначка-пчала Сотавага мёду Мушачцы дала...
«Ах, краса-мятлушачка, Ешце булку з макам. Ці не да спадобы вам Нашыя прысмакі?»
Раптам нейкі сівачок-павучок Муху - цап! - І пацягнуў у куток Хоча бедную забіць, Цакатуху загубіць!
«Дарагія госці, памажыце! Злодзея ліхога засячыце! І карміла я вас, І паіла я вас, Не пакіньце мяне Ў мой смяротны час!»
Ды жукі-чарвякі Забаяліся, Па кутах, хто куды, Пахаваліся: Пчолкі - У кашолкі, Жук - У капшук, А багоўкі пад ложкі - Берагуць свае ножкі!
І ніхто не вядзе Нават вухам: Прападай-памірай, Цакатуха!
Ну а конік, ну а конік, Быццам той зялёны коннік, Скок, скок, скок, скок! У хмызы, Пад масток І маўчок!
Ліхадзей жа ж зусім не жартуе, Павуціннем ахвяру мацуе, Іклы гострыя ў сэрца ўсаджае І ейную кроў выпівае.
Муха крыкма крычыць, Выдзіраецца, Ну а злодзей маўчыць, Выскаляецца.
Раптам - чуй! - ляціць, звініць Цененькі Камарык, Зырка у руцэ гарыць Цененькі ліхтарык.
«Дзе забойца-ліхадзей? На двубой няхай ідзе!»
Шабельку бярэ ў руку, Смела ёй махае, І з размаху Павуку Галаву ссякае!
Муху кліча да вакна, Усміхаецца яна. «Я зладзею рады даў, Я цябе уратаваў, І чаму б нам, маладзіца, Зараз жа не ажаніцца?»
Тут кузуркі ды жучочкі Павылазілі з куточкаў: «Слава, слава Камару - Баявому ваяру!»
Прыляталі матылі Ды запальвалі вагні - Стала вельмі весела, Проста любата!
Гэй, хутчэй, станожкі, Бяжыце па дарожцы, Бяжыце па музыкаў, Будзем мы скакаць!
Тут музыкі прыбягалі, Ў барабаны грукаталі. Бом! бом! бом! бом! Танчыць Муха з Камаром.
А за імі Клоп, Клоп Боцікамі гоп, гоп!
Чарвячкі са смаўжамі, Конікі - з мурашамі. А жукі рагатыя, Хлопцы зухаватыя, Шапкамі махаюць, Мятлушак запрашаюць.
Тара-ра і цілі-лі, Госці танчыць пачалі.
Весялосці стае - Муха замуж ідзе За ваяку баявога, Маладога Камара!
Смоўж старанна скакаў, Боты чыста стаптаў Са смаўжыхай скача Ды кузуркам кажа:
«Вы кузурачкі, Мае любачкі, Прыга-прыга-прыга-прыга-прыгажулечкі!»
Боты скрозь рыпяць, І абцасы грымяць, - Мы да раніцы Будзем бавіцца: Сёння Муха-Цакатуха Імянінніца!

Мыйдадзір

Коўдра з ложка, Як на ножках, Паскакала да дзвярэй. І падушка з прасціною Без аглядкі ўслед за ёю Паімчалася хутчэй.
Я за свечку, Свечка - ў печку! Я за кніжку, Але - дзе там! - І яна за імі следам Скок ды скок І - наўцёк!
Я хачу напіцца чаю, К самавару падбягаю, А пузаты з усіх ног Уцякае за парог.
Што такое? Што такое? Што тут робіцца ў пакоі? І чаму ж Усё кругом Закруцілася круцёлкай Ды памчалася бягом?
Стол за лыжкай, Бот за кніжкай, Качарга за пірагом - Мітусіцца ўсё І скача, І ляціць усё кулём.
Раптам з мамінай са спальні, Перапоўнены вадой, Выбягае Умывальнік І ківае галавой:
«Ах ты, брыдкі, ах ты, брудны, Не хлапчук, а парася! Ты чарней за камінара! Падзівіся на сябе: У цябе на шыі сажа, У цябе на носе каша. Ты ж увесь такі мурзіла, Што і кніжкі і чарніла Паўцякалі ад цябе.
На світанні, раніцою, Чыста мыюцца вадою Мышаняты й кацяняты, Кураняты й качаняты І конікі-скакуны.
Ты адзін не любіш мыцца, І няма чаго дзівіцца, Што ўцякаюць ад мурзілы І панчохі, і штаны.
Я - вялікі Умывальнік, Я - вядомы Мыйдадзір, Умывальнікаў Начальнік І вяхотак Камандзір!
Варта тупнуць мне нагою, Варта толькі мне гукнуць, Дык сюды усёй гурбою Умывальнікі ўбягуць І цябе тут з галавою У балею акунуць!»
Стукнуў ён у медны таз І гукнуў: «Кара-барас!»
І адразу шчоткі, шчоткі Затрашчалі, як трашчоткі, І давай мяне мыць, Прыгаворваючы:
«Мыем, мыем мы мурзілу, Мыем, мыем камінара: Ваксу, сажу і чарніла Адмываем чыста з твару! Будзе, будзе камінар Аж блішчэць, як самавар!»
Тут падскочыла і мыла, Уплялося ў валасах, Вочы пенаю закрыла І кусае, як асва.
Ад вяхоткі ашалелай Я памчаўся, покуль цэлы, А яна за мной, за мной Па Садовай, па Сянной.
Я па вуліцы да саду, А яна за мною ззаду Усё імчыцца ды імчыцца І кусае, як ваўчыца.