Цікава, прызнаюся, было мне гаварыць з Нінай Іванаўнай пра такія неабыдзённыя рэчы.
Сама яна ніколі ў сваіх думах-роздумах духам не падала. Хоць іншы раз сэрца не вытрымлівала і давала збой, заходзілася ад прыступаў болю. Аднойчы пачуў, што яна ў сваім кабінеце... плача. Прыслухаўся: ну так, плача! Піхнуў дзверыну і ўскочыў у пакой.
— Што здарылася? Чаго ты? Кажы хутчэй, што здарылася?
Яна згрэбла пальцамі слёзы з вачэй і, рыдаючы, прагаварыла:
— Я не перажыву гэтага, Ніл! Я не перажыву! Што яны робяць з нашай мовай! Яны ўсё дратуюць і душаць! Я не вытрываю! Я не перажыву!..
Даўно я не бачыў яе ў такім роспачным стане. Я сеў побач, на край ложка. Яна паклала галаву мне на плячо і трэслася ад плачу, рыдала, захліпаючыся, і я чуў, як коцяцца ў мяне пад вухам, па шыі, яе слёзы...
Гэтак жа, як жывое народнае слова, любіла Ніна Іванаўна і народныя песні — беларускія, украінскія, рускія, польскія, македонскія і іншых славянскіх народаў. Любіла не толькі слухаць, але і спяваць. Праўда, адна, сола, не спявала ніколі, не магу ўспомніць ніводнага такога выпадку. Спявала ў вузкім колцы ў застоллі, на сяброўскай вячэры. I — толькі свае самыя любімыя, а іх было няшмат. З беларускіх— «Закладайце, запрагайце коні вараныя», «Ой, чыё ж то жыта, чые то пакосы», «Капаў, капаў крынічаньку»... Пачынала песню яна, ведаючы, што я абавязкова падхаплю, і выконвалі мы іх звычайна ўдваёх — дуэтам (сябры казалі: во спеліся!). Любіла, каб песню спявалі культурна, далікатна, без крыку. Іншы раз непрыкметна штурхала мяне локцем, што азначала: «не крычы» («не дзяры горла»). У хаце ў нас быў высокі-найвысокі прыклад культурнага спявання—кружэлка з беларускімі народнымі песнямі ў выкананні Міхася Забэйды-Суміцкага. Кружэлку ў 1962 г. падарыў ёй асабіста сам славуты спявак у Празе, дзе ў час круізу яна яго наведала. Але пра гэта трэба распавесці асобна — падзея заслугоўвае таго, бо стала, можна сказаць, адным з зорных эпізодаў у яе біяграфіі, святло якога сачылася ў духоўнае жыццё нашай сям'і доўгі-доўгі час, — гэтак жа, як і падтрымлівала душэўныя сілы вельмі знакамітага і вельмі-вельмі самотнага беларускага спевака.