Бацькаўшчына, сум па роднай зямлі, горыч і крыўда за глухату чыноўніцкіх душ, усё яшчэ не пагаслыя спадзяванні і канцэрты, канцэрты, сустрэчы з публікай — перш-наперш усе гэта запаўняла яго лісты да мяне. Але раптам і такое: «Чаму нічога не пішаце пра сям'ю? Яна ж стаіць у мяне на раялі. Хачу ведаць, як усім жывецца».
Папрок быў справядлівы: канечне ж, яму хацелася ведаць пра жыццёвыя справы і клопаты той, што аднойчы так неспадзявана светла ўзварушыла ў самотнай душы выгнанніка покліч крэўнасці.
КУЛЬТ СЯМ'І
Без перабольшання атулены арэолам святасці быў для Ніны Іванаўны і культ сям'і. Можа, таму, што прайшла ў дзяцінстве праз сямейную драму -— бацькі развяліся, калі ёй было восем гадоў, — яна ведала цану сямейнаму ладу, згодзе, гармоніі — усяму таму, што людзі называюць «сямейным шчасцем». I ведала, якая гэта бяда-гора, калі сцэментаванага ўзаемнай любоўю адзінства ў сям' і няма, калі ён, яна і дзеці не ёсць адно цэлае, непарушнае, маналітнае. Безумоўна, Ніна Іванаўна прыйшла ў свет дзеля гэтага шчасця, Бог ёй даў усё, каб гэтае шчасце забяспечыць: невычэрпную дабрыню і ласку, не проста непахісную, а святую вернасць шлюбу, самаахвярную любоў да свайго дзіцяці. А яшчэ даў талент дамавітасці — яна была на рэдкасць талковая і кемлівая гаспадыня, незвычайна клапатлівая жонка і маці.
Мы сябравалі да жаніцьбы цэлых пяць гадоў. З вялікай узаемнай павагай і даверам. Вядома, я быў бы рады, каб шлюбаванне наша адбылося раней, але павінен быў лічыцца з яе воляй. А воля была такая: «Трэба закончыць універсітэт — і табе, і мне. А тады і падумаем». Яна вучылася выдатна і разлічвала на чырвоны дыплом (так і атрымалася). Пачуццё гонару дыктавала ёй: дасягні мэты! Так, у гэтым была і пэўная доля амбітнасці. Падняцца і годна заявіць пра сябе ў вачах тых, што ў свой час глядзелі на яе звысоку. Я разумеў гэтую яе маладую дзявочую волю і годнасць, і гонар. Разумеў, што стварэнне сям'і пад заканчэнне вучобы можа перашкодзіць дасягненню высокай мэты, і гэта будзе ўдар, які пакіне горкі след на ўсё астатняе жыццё. Гэта я так разумеў тады. А пазней, ужо ў сталым веку, вельмі шкадаваў, што не праявіў сваю волю і не даказаў ёй беспадстаўнасць яе засцярожанасці і боязі. У такіх справах запазняцца вельмі і вельмі непажадана. Паводле народнай мудрасці, упускаць самы той — кульмінацыйны — момант нельга.
Вельмі валявая і мужная жанчына, яна чакала нараджэння дзіцяці зусім спакойна. Спакой скончыўся, калі з першых дзён клопаты пра нованароджанага сына ўскладніліся — адразу ж пайшлі нелады з кармленнем, а затым і са здароўем. Кожны дзень і ўранку і ўвечар я хадзіў да шчодра «малочных» парадзіх купляць для сына малако. На трэцім месяцы жыцця Сяргей захварэў на запаленне лёгкіх. Паклалі ў бальніцу. Кругласутачна пры ім была страшэнна занепакоеная маці. А стан здароўя малога ўсё пагаршаўся. I вось адзін дзень вечарам Ніна сустрэла мяне ў калідоры, ломячы рукі і захліпаючыся слязьмі. Я першы раз тады ўбачыў, як яна плача, які страшны яе плач. Урач сказала, што справа амаль безнадзейная. Запаленне — моцнае, а маленькі арганізм — слабенькі. I сказала мне, бачачы, што Ніна Іванаўна зусім знемагла ад бяссонных начэй і гора: «Бярыце дзіця, ідзіце ў фізкультурную залу і насіце яго на руках у вертыкальным становішчы. Усе надзеі на Бога, прабачце». I я ўсю ноч пранасіў сына, як сказала ўрач, і прыгаворваў, як мог, як умеў, замовы-малітвы і самыя пяшчотныя словы. I цуд адбыўся: назаўтра сын пачаў дыхаць трошачкі лягчэй. А праз колькі дзён і зусім аздаравеў, перамог хваробу. Пройдзе сорак пяць гадоў — і ў нізцы пяцірадковых вершаў «Памяці Ніны» напішацца такое: