Выбрать главу

Шмат паведаўшы пра самаахвярную педагагічна-навуковую і грамадскую працу Ніны Іванаўны (а колькі паведана пра гэта людзьмі!), часам, перагортваючы ў памяці ўсё пражытае і перажытае, думаю, што было б зусім справядліва напісаць пра яе кнігу пад назвай «Жыццё для сям'і», ці «Святасцю быў клопат пра сям'ю», ці нешта ў гэтым плане. I калі б расказаць пра ўсё-пра ўсё — вобраз Ніны Іванаўны — жонкі, маці і гаспадыні вельмі б узбуйніўся і ўзвысіўся, і стаў бы яшчэ нашмат больш прывабным. Успамінаю — і зноў і зноў здзіўляюся, і захапляюся, і чырванею запознена ад сораму: колькі яна брала гэтых клопатаў на сябе, цалкам вызваляючы ад іх гаспадара сямейства. Не было ніводнага дня, каб яна не патурбавалася і не памкнулася да таго, што ёсць ці можа стаць нашай супольнай сямейнай радасцю, уцехай, набыткам. Яна пастаянна думала пра тое, што яднае і мацуе сям'ю, узаемна абавязвае клапаціцца пра гэтае зямное чалавечае шчасце. Падам тут толькі адзін эпізод — пра яе вялікую святлістую радасць далучэння да маёй фалькларыстычнай працы, якою яна ўвогуле вельмі-вельмі цешылася і ганарылася. У 1972 годзе я падрыхтаваў да друку том «Песні сямі вёсак», заставалася скласці слоўнік спецыфічных фальклорна-этнаграфічных тэрмінаў, дыялектных і ўстарэлых слоў, да чаго абавязвала навуковае выданне. Загараваў, што не ведаю, каму даручыць зрабіць гэту няпростую работу, — не бачу на кафедры такога памочніка. І раптам чую: «А ты не хацеў бы, каб я склала гэты слоўнік?» Ведаючы, як яна «душыцца» сваёй працай на факультэце, я не пасмеў і падумаць пра гэта. Але прапанова была выказана так, што я ўхапіўся за яе, як за выратавальную «галінку». А Ніна Іванаўна засвяцілася так, як бы толькі і чакала, калі я запрашу яе да ўдзелу ў падрыхтоўцы гэтага збору народных песень. У выніку яна склала слоўнік і да першага тома («Песні сямі вёсак»), і да другога («Песні народных свят і абрадаў»), і да трэцяга («Лірычныя песні»), і да чацвёртага («Лірыка беларускага вяселля»). Усяго ў чатырох тамах змешчана і патлумачана 1075 слоў. Апрача таго, да тома другога Ніна Іванаўна склала Каляндар свят, назвы якіх сустракаюцца ў песнях, а да тома чацвёртага — і змест-паказальнік. Якая чыстая і прыгожая была яе чалавечая радасць ад усведамлення: памагла! Хоць трохі, аўсё ж памагла, зрабіла яму лягчэй. Яму. I гэтым сказана ўсё.

ЯЕ РАЗУМЕННЕ СЯБРОЎСТВА

У адзін з вясновых вечароў 1954-га мы пайшлі з Нінай у тэатр Оперы і балета на якісьці спектакль. Калі зайшлі ў залу — народу было ўжо шмат, амаль поўна. Зарыентаваўся, убачыў нашы два незанятыя крэслы, і мы падаліся туды. Але з аднаго раду пачуўся вокліч: «Ніл, пачакай!» Глянуў — мой даўні знаёмы, яшчэ з гадоў вучобы ў педвучылішчы, малады паэт А. Што такое тэрміновае, што аж «пачакай» ? Прыпыніліся, бо ён, паўтараючы «пачакай!», імпэтна выбіраецца паўз суседзяў да нас, на праход. На твары — непрыгожая блазенская ўхмылка. Кажу: «Прабач, але нам яшчэ трэба ўсесціся...» — «Я на адну секунду, — і ў радасным захлёбе выпаліў — голасна, каб і людзі чулі: — Слухай, а здорава табе ўсыпаў Кучар у ЛіМе, здорава! Не крыўдуй, браток, але — справядліва ўсыпаў, справядліва!..» А. Меў на ўвазе нядаўна апублікаваны ў ЛіМе артыкул крытыка А. Кучара пра творчасць маладых паэтаў, у якім ён рэзка адмоўна ацаніў маё лірычнае вершанё на вечную тэму кахання. Здзіўлены і абражаны «сяброўскай» радасцю А-я, я адно зласнавата буркнуў: «Пасля пагаворым» — і мы пайшлі садзіцца. Настрой у мяне быў сапсаваны ўшчэнт. I не толькі ў мяне. Праз нейкую хвіліну няёмкага маўчання Ніна ціха спытала:

— Што гэта за пачвара?

— Гэты?.. Малады паэт А. С. Паглядзела на мяне з недаверам:

— Але ж ты называў яго, помню, у ліку сваіх сяброў...

— Ну, вось такі сябар, — адказаў, уздыхнуўшы, раптам пачынаючы нешта разумець наконт сяброў і сяброўства. Каб трохі супакоіць Ніну, дадаў: — Увогуле, у паэтаў прынята выказваць свае крытычныя заўвагі адкрыта...

Але Ніна запярэчыла:

— Крытычныя — гэта я разумею, але чаму з такой радасцю — на ўсю фізіяномію? Хіба сябры з гэтага радуюцца — нават калі крытыка і слушная?

Ідучы з тэатра, загаварылі пра гэты недарэчны выпадак зноў. Апасля, сам-насам, я ўспамінаў яго яшчэ неаднойчы. Не адразу, але ў досыць хуткім часе, пачуццё сяброўства да А-я пагасла ўва мне канчаткова; натуральна — і пачуццё павагі: якое ж сяброўства без шчырай чалавечай павагі? Цяжкія гэта для спасціжэння рэчы, вельмі цяжкія, у некаторых выпадках чалавек даходзіць да ісціны (дакладней, да горкага расчаравання) праз не адзін дзесятак гадоў.

Ніна Іванаўна, з яе выключна тонкім прыродным чуццём дабрыні і справядлівасці, праўды і фальшу, кроку маральнага і амаральнага, колькі разоў за доўгае сумеснае жыццё звярнула маю ўвагу на пэўныя моманты ў паводзінах маіх і нашых агульных сяброў, на тое, што яе бянтэжыла і прымушала задумацца. I кожны раз, як калісьці ў гэны вечар у тэатры, яна са скрухай гаварыла: «Сябры... Сябры... Падобна, што не ты іх выбраў, а яны цябе... Яны — хітрыя, практычныя, а ты — наіўны, страшна наіўны...» Аднойчы ж так пакрыўдзілася і абурылася ўчынкам майго блізкага сябра, што прыклала далоні да скроняў, пахітала галавой і горка-расчаравана вымавіла: «Як ён мог так — пра цябе? Ён жа ведае, чым ты жывеш і што табе баліць? — Памаўчаўшы, дадала: — Дык што ж выходзіць? Выходзіць, што — чорны поп?!»