Ніл Сымонавіч ганарыўся, калі пасля выступаў падчас яго шматлікіх паездак па розных кутках Беларусі да яго падыходзілі былыя выхаванцы Ніны Іванаўны і не толькі дзякавалі славутаму творцу за сустрэчу з сапраўднай паэзіяй, але і прасілі перадаць сваёй любімай настаўніцы: яе навуку, яе душэўны агонь яны беражліва нясуць і перадаюць сваім наступнікам.
Можна не сумнявацца, што і для сённяшніх студэнтаў горкая страта болем адазвалася ў чуйных сэрцах. Бо кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы БДУ Ніна Іванаўна Гілевіч была для іх не проста паважаным, аўтарытэтным, высокапрафесіянальным выкладчыкам, а і блізкім, дарагім чалавекам. Такім, якім яна стала для многіх, хто яе ведаў і не мог не любіць.
Шмат гора выпала ёй зведаць яшчэ ў дзяцінстве, як і мноству яе равеснікаў-падлеткаў, прайшоўшы праз вайну. Але беды толькі загартавалі яе характар, ды не счарсцвілі яго, не зашкодзілі раскрыцца насустрач людзям і свету. Мо таму нябёсы і адарылі яе найвышэйшай міласцю: «Ёй выпаў рэдкі лёс — кахаць прыгожа. Кахаць да смерці». Лёс быць Музай паэта. «Той, што слухала сэрца», была яго светлай марай праз гады і дзесяцігоддзі. Той, што застанецца для яго навек такой жа юнай, прыгожай і трапяткой, бы краска на росным лузе. Той, што стала яго маленнем і любоўю «аж да дзёнапошніх»...
С. Ю. Кліменцеша
Калегі Ніны Іванаўны напішуць, якім цудоўным знаўцам мовы яна была, як тонка адчувала слова. Мы ўбачылі гэта яшчэ тады, на дыялекталагічнай практыцы, а потым — на чацвёртым курсе, калі яна пачала выкладаць у нас стылістыку. Сёння цікавасць да фальклору і прыгожага пісьменства ўпала. А я веру, штоіхчакаеадраджэнне, большзатое — праз іх і грамадства адновіцца. Словы ад пастаяннага ўжывання стамляюцца, губляюць сваю замоўна-сугестыўную сілу. I ў рэшце рэшт запатрабуецца абнаўленне мовы: стане неабходным узяць частку ад старажытных багаццяў, захаваных у фальклоры і дыялектах, і кінуць іх у літаратуру, а тая, у сваю чаргу, можа нават і не заўважна для масавага чытача, адновіць праз сябе і жыццё грамадства.
Асабліва зблізіліся мы з Нінай Іванаўнай, калі ў самым пачатку 80-х гг. нам давялося з ёю разам два гады запар удзельнічаць у прыёмнай кампаніі: ёй — у якасці старшыні прадметнай камісіі, мне — яе намесніка, прычым менавіта мяне яна выбрала сама. Вось калі пасябравалі па-сапраўднаму, хоць я, безумоўна, заўсёды ведала дыстанцыю і трымалася менавіта як вучаніца ў дачыненні да настаўніцы. Так яно і было. Паблізу Ніны Іванаўны я адчувала сябе ўпэўнена і навучылася не баяцца людзей. I ўвогуле яна надавала жыццю своеасаблівую прыгажосць, рабіла яго цікавым і нейкім больш бачным.
Ніна Іванаўна тады шмат распавядала пра сваё дзяцінства, юнацтва, студэнцкія гады, членаў сям'і. Я пераканалася, што ў яе — заўсёды такой вясёлай, гарэзлівай — жыццё было далёка не салодкае. Дзяўчынай яна вельмі цяжка фізічна працавала — магчыма, гэта і стала ў рэшце рэшт прычынай яе пакутлівай хваробы і заўчаснай смерці.
У розныя нюансы адносін паміж пісьменнікамі я пасвечанай не была. А Ніна Іванаўна цудоўна адчувала менавіта нюансы. Гэта былі ні ў якім разе не плёткі, а як бы ўвядзенне мяне ў вельмі спецыфічнае кола прафесійных і чалавечых узаемаадносін. Мне тады здалося, што сама Ніна Іванаўна магла б стаць нядрэнным пісьменнікам, бо яе цікавілі чалавечая псіхалогія і розныя дзіўныя стасункі паміж людзьмі. Пераканаўшыся, што я нікому нічога ніколі не перадаю, яна зрабілася яшчэ больш шчырая, даверлівая. Мне Ніна Іванаўна на многае адкрыла вочы, на такія рэчы, пра якія я ні да яе, ні пазней ужо не чула.
Ніна Іванаўна яшчэ з дыялекталагічнай практыкі ставілася да мяне з мацярынскім клопатам, і чым далей, тым болей.
Што ж тычыцца той праёмнай камісіі, падчас якой мы па-добраму пасябравалі, то Ніна Іванаўна ў адной надзвычай цяжкай і двухсэнсоўнай сітуацыі праявіла — як заўсёды — прынцыповасць, непахіснасць і мужнасць, і з таго часу яе старшынёй не прызначалі...
Чым далей, тым болып цэніш сваіх настаўнікаў, задумваешся пра іх ролю ў сваім жыцці, пра тое, што пакінуў кожны спадчынай у нашых душах. НІна Іванаўна — надзвычай мудрая жанчына, каларытная, своеасаблівая, як мала хто з нашых калег, асоба — ужо сваім існаваннем шмат што вызначыла ў жыцці тых, хто яе цаніў і любіў.
Т. I. Шамякіна
Калі гэтая светлая, узнёслая жанчына заходзіла ў аўдыторыю — колькі жыццёвай энергіі было ў ёй, як умела яна зацікавіць студэнтаў, прымусіць іх услухацца ў жыццядайную мелодыку старадаўніх слоў роднай мовы!
Сярод яе вучняў былі многія з тых, хто сёння таксама шчыруе на ніве роднай літаратуры і мовы. Я ганаруся тым, што таксама была сярод студэнтаў Ніны Іванаўны, таксама маю права падзякаваць ёй сёння як настаўніку.