Здвоены нумар 7-8 за 1991 год. Даклад знакамітага мовазнаўцы праф. Пятра Апанасавіча Бузука «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», прачытаны ім на акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў 1926 г. Пад радкамі пра трагічны лёс навукоўца (у 1934-м арыштавалі і выслалі, у 1937-м зноў арыштавалі, у 1938-м — расстралялі) Ніна Іванаўна напісала: «Беларусажэрцы!» А ў дакладзе вылучыла абзац, змест якога ёй вельмі імпанаваў: «Гэтакім чынам, бачым мы, што ўтварэнне беларускай мовы, г. зн. узьнікненьне галоўных фонэтычных і морфолёгічных зьяў, характэрных ддя большасьці беларускіх дыялектаў, а таксама для бел. літаратурнай мовы, у XIII-XIV стал. было скончана, г. зн., прыблізна тады, калі сформаваліся і іншыя славянскія мовы».
Апошні нумар часопіса за 1991 год прынесла паказаць мне. «Паглядзі і паганарыся: сведчанне, што ты сказаў новае слова пра Багдановіча». Часопіс адкрываўся артыкулам нашага былога студэнта Віктара Вабішчэвіча «Максім Багдановіч і гісторыя Беларусі», у якім цытаваліся наступныя мае радкі: «Ён быў адзін з першых, хто ўчытаўся ў гераічныя старонкі нацыянальнай гісторыі і глянуў на свой народ як на народ з эпічным мінулым. Гэта быў прынцыпова важны крок наперад у развіцці нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай думкі на Беларусі». «Ганаруся, — адказаў я Ніне Іванаўне, — але не за сябе, а за аўтара артыкула, — аднаго з тых, што ўважліва чытаюць сваіх настаўнікаў».
Шмат абзацаў падкрэслена ў артыкуле А. Бяляцкага пра творчасць Янкі Юхнаўца (№6 за 1993 год). Напрыклад, што кажа паэт пра фальклор: «Над мной пануе мудрасць беларускага фальклёру». Асабліва зацікавіла Ніну Іванаўну мова Юхнаўца, яго апантаная спроба абнавіць форму слова, надаць яму беларускае, на яго думку, гучанне {шорах моўкнасці, заўнімуся, вада ўсточная, ядзерніста мурожны поплаў, зманлівасьць дарлівай вокмяці жыцьця і інш.). Ухвальна пазначыла наступнае прызнанне паэта: «Мне давялося бачыць старыя слоўнікі ў заходніх бібліятэках, ад іх запазычыў шмат, і яны не дыялект для мяне. (...) Навошта скідваць у гістарычную яму свае родныя дыямэнты? » У № 9 за 1993-ці вылучыла артыкул Любы Тарасюк «Непадзельнасць» пра паэзію Ніны Мацяш, пра маштабнасць яе творчай асобы. Прачытаўшы, сказала мне: «Трэба Любе аддаць належнае: як глыбока разумее паэтку, яе духоўны свет, яе маральныя запаветы!» У нумарах 9, 10 і 11 за 1994 год моцна скрэсліла (ухвальна.!) артыкул Алеся Бельскага «У асмужанай красе твой, восень, воблік» — пра вобраз восені у беларускай паэзіі. Як і яго ж, у ранейшых нумарах, артыкулы пра вобраз вясны ў творчасці нашых паэтаў. Здавалася б, гэта сфера літаратуразнаўства, навошта ж ёй так пільна і зацікаўлена ўнікаць у паэтыку пейзажнай лірыкі? Рэч у тым, што яна была пераканана: вобразы прыроды маюць першаступеннае значэнне, бо праз іх асабліва выразна праяўляецца нацыянальная спецыфіка літаратуры. А Ніна Іванаўна дае менавіта такія тэмы для курсавых і дыпломных работ — каб студэнты нацыянальную спецыфіку адчулі, убачылі, засвоілі. А як без гэтага пазнаваць саміх сябе? Вядома, яна праводзіць гэта ў мовазнаўчым плане, праз вывучэнне моўных асаблівасцяў твора. Напрыклад, адна з дыпломных, напісаннем: якой кіравала Ніна Іванаўна, мела назву «Нацыянальная вобразнасць у паэтычным кантэксце П. Панчанкі». У рабоце разгледжаны асноўныя лейтматывы творчасці паэта: словы-вобразы «Радзіма», «народ», «мова», «песня», вобразы этна-прасторы, словы-вобразы часу, назвы расліннага свету, найменні фаўны, тапонімы і антрапонімы. Вось такая скіраванасць, такая навукова-выхаваўчая мэта: праз вобразы і мову паэзіі пазнаваць сябе. Ну, а пазнаўшы сябе — будзем і шанаваць сябе.
Не здзівіўся, што так шмат падкрэсленняў у публікацыі М. Прыгодзіча «В нём скрываются драгоценные остатки древнего языка Славянского...» — пра першага даследчыка беларускай мовы Канстанціна Калайдовіча (№12 за 1994 г.). Назва публікацыі — гэта сказ са змешчанага тут жа артыкула Калайдовіча «О белорусском наречии». Змешчаны і яго «Краткий словарь белорусского наречия», складзены ім у 1813 годзе. Падкрэсліла 1813 як першую дату ўжывання тэрміну белорусский у навуковай літаратуры. Для Ніны Іванаўны, з яе чуццём гістарычнага духу роднай мовы, чытаць такія матэрыялы было вялікай насалодай. У гэтым жа нумары вельмі ўважліва прачытаны ёю артыкул У. Міхнюка і Р. Платонава «Трагічны лёс паэта» — пра жыццёвы і творчы шлях расстралянага бальшавікамі ў 1937 годзе Алеся Дудара. У артыкуле пададзены знакаміты верш паэта «Пасеклі край наш папалам», за які ён быў у 1929 годзе высланы з Беларусі. Ніна Іванаўна прачытала верш некалькі разоў і між іншым заўважыла, што ў публікацыі ў першым радку ёсць нечаканы для майстра рытмічны збой, — відаць, хтосьці, перапісваючы верш, пераставіў словы, і замест «Пасеклі край наш папалам» стала «Пасеклі наш край папалам» (так надрукавана і ў часопісе). Увесь верш напісаны ямбам, а тут ямб пераведзены ў амфібрахій.