Выбрать главу

Надзвычай высока цаніла Ніна Іванаўна палескую сагу I. Мележа — і за глыбокую праўдзівасць і яркасць вобразаў герояў, і за мову. У свой час яна досыць спакойна ўспрыняла яго «Мінскі напрамак» і, можа быць, не чакала ад Івана Паўлавіча такога магутнага прарыву ў вялікую, бясспрэчна класічную, мастацкую прозу, з такой самабытнай, раскошна багатай мовай. Між іншым, надавала пэўнае (сімвалічнае, ці што?) значэнне, што першым гаспадаром кватэры на К. Маркса, куды мы ўсяліліся ў 1969-м, быў I. Мележ, што менавіта тут ён напісаў сваіх «Людзей на балоце». (Дарэчы, рукапіс рамана, яшчэ не перастуканы на машынцы, ледзь не згарэў: у кватэры, ад нявыключанага праса, узнік пажар. Іван Паўлавіч вяртаўся дадому і ўбачыў, што з адчыненых вокнаўяго жылля клубамі валіць дым. Сумнення не было: пажар! Можна ўявіць, які страх-жах паспеў працяць яго сэрца: дым валіў і з яго кабінета. На шчасце, да рукапісу на стале агонь не дабраўся.)

Летам 1971-га года мы — Іван Паўлавіч з Лідзіяй Якаўлеўнай і я з Нінай Іванаўнай — былі ў адным заездзе ў доме творчасці СП СССР «Дубулты», непадалёк ад Рыгі. Іншы раз удавалася разам пахадзіць даўжэзным, бясконцым пляжам або пасядзець на лаўцы, на ўзбярэжжы, з аглядам на марскія далечы. Ніна Іванаўна лавіла кожнае слова Івана Паўлавіча, адкрывала ў ім буйную асобу чалавека і грамадзяніна, і нават бывала незадаволена, калі, здаралася, Лідзія Якаўлеўна адрывала яе ад слухання нейкімі пабочнымі, ну скажам, сямейнымі, бытавымі пытаннямі. Аднойчы Іван Паўлавіч запрасіў нас («Прыходзь, абавязкова з Нинай Іванаўнай») да сябе на сваю апошнюю мінскую кватэру на вуліцы Янкі Купалы. Нагода — паслухаць новыя запісы беларускіх народных песень, у тым ліку ў выкананні Міхася Забэйды. («Хачу паслухаць іх разам з табой, сказаў, ты — фалькларыст».) Ніна Іванаўна была проста ашчасліўлена тым візітам. I была, бачыў я, удзячная лёсу, — як і за многія іншыя выпадкі, якія дазвалялі ёй пабыць у асяроддзі беларускай інтэлектуальнай эліты. Яна была вартая гэтага гонару, бо — глыбока адчувала і разумела творчыя клопаты буйных майстроў беларускага слова; гэта быў яе прыродны дар, які яна ўвесь час развівала. Невыпадкова так любілі пагутарыць з ёй — і па тэлефоне, і пры сустрэчы — многія мае калегі, сябры. I яшчэ: у ёй амаль зусім не прамаўляла г. зв. «бабская» цікаўнасць да сямейных плётак. Мяне яна старалася мудра і таленавіта засцерагчы ад гэтага «мастацтва».

У жніўні 1976-га мы былі з Нінай Іванаўнай у доме творчасці «Кактэбель», на Чорным моры. Шмат гадоў я браў туды пуцёўкі дзеля яе — каб у прадгор'ях Кара Дага сухім гарачым паветрам падлячыць горла, — іначай яна не вытрымлівала лекцыйнай аўдыторнай нагрузкі, на год яго «не хапала», і яна мучылася і моцна перажывала з-за гэтага, праца на факультэце была для яе галоўным сэнсам жыцця. Аднойчы перад абедам паштарка прынесла нам у пакой тэлеграму. З Мінска. «Сёння памёр Мележ». Прыслаў гэту трагічную вестку мой брат Мікола. Прачытаўшы тэлеграму, доўга сядзелі як знямелыя. Ніна Іванаўна ціха, моўчкі плакала.

Як даследчыца мовы мастацкай літаратуры яна напісала і апублікавала назіранні над мовай Адамчыка, Пташнікава, Чыгрынава, Сачанкі, Кудраўца, над мовай рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». А пра мову Янкі Брыля апублікавала аж некалькі артыкулаў. Рэч у тым, што ў яе чытацкіх і навуковых зацікаўленнях Брыль займаў асобае месца. Звычайна пра мову Брыля яна гаварыла толькі з захапленнем. Пра багацце яго лексікі, сінанімікі, пра яго чуццё слова і фразы, пра яго народны вуснамоўны сінтаксіс, пра яго адчуванне смеху (іроніі, гумару), закладзенага ў самім слове, і ўменне здабыць гэты гумарыстычны ці іранічны эфект у належнай сітуацыі. Выпісвала і выпісвала на картачкі з яго прозы і сінонімы, і фразеалагізмы, і перыфразы — хацела напісаць вялікае даследаванне, не паспела, так і засталіся ў яе архіве звыш паўтысячы картачак — яркіх брылёўскіх слоўцаў. Казала: «Пра што б ні пісаў Брыль — ва ўсім стыхія жывой беларускай мовы. I — густ, густ, густ! — самага высокага класа ўменне распарадзіцца словам! Непараўнаны ні з кім са сваіх сучаснікаў. Толькі ў прозе Коласа, Чорнага, Гарэцкага было такое... Калі б суроваму рэалісту Быкаву ды яшчэ такую мову!» Дзеля справядлівасці падкрэслю: Ніна Іванаўна вельмі высока цаніла рэалістычнае, псіхалагічна дакладнае пісьмо Васіля Быкава, але ёй не хапала ў яго мове дасціпнай усмешкі, гумару, гэтак званай «моўнай жывінкі». Такое было ёй ад прыроды дадзена чуццё і ўспрыманне слова — і вуснага, у гаворцы, і пісьмовага, у кнізе. Гэта ўжо было вызначальнай адметнасцю яе чалавечага характару, — шчаслівай, я сказаў бы, адметнасцю.