Віктар у роздуме пазвоньваў лыжачкай аб філіжанку.
Заетацца з Вітай? Ён уявіў, як жонка, спачатку стрымліваючыся, сваім настаўніцкім голасам чаканіць: «Ты не ўмееш хлусіць. Можаш не вяртацца зусім». Затым — кінутая трубка, слёзы, валідол, у суседнім пакоі прачынаецца і плача маленькая Алеся... Толькі не гэта.
Запрасіць Віту да сябе? Таксама істэрыка, добра яшчэ, калі ціхая, таксама валідол і, што самае жахлівае, назаўтра — ніякай работы. Не, менавіта цяпер яму найменш патрэбны гэтыя меладрамы.
— Разумееце, Віта,— ён стараўся гаварыць як мага далікатней,— начаваць у вас я не магу. Некаторым дастаюцца раўнівыя жонкі...— Ён развёў рукамі.— Што, калі я правяду вас да знаёмых? Альбо запросім каго-небудзь сюды. У мінулыя ночы з вамі нехта быў? Так?
— Прыходзіла Сяброўка.
— Ёй можна пазваніць?
— Можна, але яна паехала на выхадныя да бацькоў.
У яго ледзь не вырвалася: «Віншую вас з сяброўкай!»
— А суседзі?
— Яны зусім чужыя людзі.
— Зразумела. Яшчэ?
Яна сказала нумар, Віктар пазваніў і доўга слухаў абыякавыя гудкі.
— У іх малое хварэе. Напэўна, нанач тэлефон адключылі.
Ён зноў набраў нумар і налічыў дзесяць доўгіх гудкоў.
— Яшчэ хто-небудзь ёсць?
Яна задумалася, і гэта абяцала мала добрага. I тут
Віктар ляпнуў сябе па лбе: Мечык! Канечне, Мечык, іхні кавалер з аднапакаёўкай.
— Віта! — урачыста, не таймуючы радасці, абвясціў ён.— Мы ідзём да майго сябра. Ён халасцяк, так што ўсялякія эксцэсы выключаюцца.
Калі яна паслухмяна сабралася, Віктар, адчуўшы на момант ніякаватасць, папрасіў начытаць Маптэня і схаваў том у дыпламатку.
На дварэ бадзёрліва браўся марозік. Па-над шматпавярховымі камяніцамі плавала крутая срэбная долька маладзіка. Усё ўладжвалася, і думкі ўсцешана павярнулі да праекта.
Музыка стане ля валуна пад дубамі. Нядрэнна: танюткае хлапчанё з жалейкаю побач з масіўнымі аб'ёмамі. А на камені варта выбіць тое чатырохрадкоўе...
З Мечыкавага акна прытульна лілося нязыркае зялёнае святло.
— Яго завуць Мечыслаў,— сказаў Віктар.— Можаце верыць яму, як мне.
Адчыняць не спяшаліся. Ён другі раз пазваніў іхнім сяброўскім кодам і супакойліва ўсміхнуўся Віце. За дзвярыма пачуліся асцярожныя крокі.
Мечык, даўгі, спартыўнага крою чарнявы хлопец у махровым халаце і ў пантофлях на босую нагу, уталопіўся у візітантаў з цэлай вясёлкай пачуццяў.
— Пардон, я негліжэ...— прамармытаў ён, не адступаючы з парога. Вясёлка ўвачавідкі гасла, пакідаючы на паглядным, з раскошнымі вусамі твары збянтэжанасць і сяк-так прыхаваную прыкрасць. З глыбіні кватэры інтымна наплывала музыка. Бліскучы план гарэў сінім агнём, але Віктар яшчэ песціў надзею.
— Я зараз.— Ён лёгка сціснуў Віце руку і зрабіў крок проста на Мечыка. Той прапусціў яго і прычыніў дзверы.
У пярэдняй Віктар лаканічна, але не шкадуючы драматызму, абмаляваў сітуацыю.
— Стары...— пакутліва чырванеючы, гарачым шэптам сказаў Мечык.— Калі мяне выклічуць на дуэль, ты будзеш маім секундантам. Але сёння — прабач...— Ён наказаў вачыма на заштораны ўваход у пакой.
Адтуль выслізнуў і незадаволена наставіў на Віктара лянівыя ненатуральна блакітныя вочы прылізаны сіямскі кот.
— Апсік, Монцік! — раззлаваўся Мечык.
Кот абразіўся і, памарудзіўшы, з годнасцю вярнуўся слухаць музыку.
— Калі што, я да позняга сядзеў у цябе,— металёвым голасам сказаў Віктар.— Абмяркоўвалі праект.
— Ты да позняга сядзеў у мяне,— як рэха, адазваўся Мечык.— Прабач, стары...
У ліфце спускаліся моўчкі. Унізе Віктар напаўзапытальна прапанаваў ехаць да яго. Ён спадзяваўся, што Віта адмовіцца і знойдзецца іншы варыянт, аднак яна перамаўчала, і яны паехалі да Віктара.
У прахуканым на заінелым шкле тралейбуса «вочку» мяняліся будынкі, гаслі вокны, і Віктару здавалася, што за імі таксама адключаюць тэлефоны, каб хто, крый божа, не перашкодзіў спакойна спаць. I Мечык... «Калі мяне выклічуць на дуэль...» Піжон і сноб! Ката Мантэсумам назваў. Дадумаўся!
Ззаду зацягнулі:
— Что б ни случилось, я к милой приду В Вологду-гду-гду-гду, в Вологду-гду... Віктар не стрываў:
— Наступны прыпынак — філармонія!
Але спявак трапіўся нездагадлівы і цягнуў сваё, як глушэц на такавішчы.
Віктар скасавурыўся на дзяўчыну і заўважыў, што ў яе непрыгожы, палазком, нос. Добра, хоць без слёз едуць. Трэба ж у любым становішчы трымаць сябе ў руках. Што значыць, на кухні нехта ёсць? Што за містыка? Якое цяпер, урэшце, стагоддзе?
— Вакзал! — аб'явіў вадзіцель, і Віта паднялася.